Жук Т.І.,

заг. сектара рукапісаў аддзела рэдкіх кніг і рукапісаў

ЦНБ НАН Беларусі

 

 

Асабісты архіў М.М.Улашчыка - каштоўная  крыніца для вывучэння беларускай нацыянальнай гісторыі і культуры.

 

 

М.М.Улашчык

М.М.Улашчык

Сярод вялікай колькасці разнастайных па складзе і змесце фондаў асабістага паходжання вядомых беларускіх вучоных, пісьменнікаў, грамадска-культурных дзеячаў, якія захоўваюцца ў аддзеле рэдкіх кніг і рукапісаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Я.Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, нельга не адзначыць рукапісны архіў беларускага гісторыка, археографа, этнографа, краязнаўца Мікалая Мікалаевіча Улашчыка (1906 – 1986).

М.М.Улашчык нарадзіўся 1(14) лютага 1906 г. ў вёсцы Віцкаўшчына Дзяржынскага раёна Мінскай вобласці.  Пасля заканчэння 2-й вячэрняй школы для дарослых у Мінску, ў 1924 г. паступіў на сацыяльна-гістарычнае аддзяленне педагагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага універсітэта, якое скончыў у 1929 г. Падчас вучобы ва універсітэце  М.М.Улашчык быў адным з арганізатараў Краязнаўчага таварыства, удзельнічаў у археалагічных экспедыцыях, працаваў у Беларускай дзяржаўнай (цяпер Нацыянальнай) бібліятэцы, прымаў удзел у заснаванні ў рэспубліцы “Летапісу беларускага друку”.

У  1930 г. па абвінавачванні ў кіраўніцтве маладзёжным цэнтрам неіснуючага “Саюза вызвалення Беларусі” М.М.Улашчык быў арыштаваны і высланы на 5 гадоў у г.Налінск; у 1941 г. паўторна асуджаны з высылкай у г.Златавуст,  адкуль у 1942 г.быў вызвалены амаль безнадзейна хворым. У 1950 г. зноў арыштаваны і этапіраваны ў Марыінскі лагер. Пасля датэрміновага вызвалення ў 1955 г. працаваў у Інстытуце гісторыі Акадэміі навук СССР, доктар гістарычных навук (1964). .

М.М.Улашчык – аўтар шматлікіх прац па пытаннях сацыяльна-эканамічнага развіцця класавай барацьбы на Беларусі і ў Літве, археаграфіі і крыніцазнаўстве гісторыі Беларусі дакастрычніцкага перыяду, праблемах беларуска-літоўскага летапісання, этнаграфіі і фалькларыстыкі.

Нягледзячы на тое, што М.М.Улашчык быў вымушаны жыць і працаваць па-за межамі Беларусі, уся яго творчая дзейнасць была звязана з роднай бацькаўшчынай.

Вучоны вельмі клапаціўся пра дакументы, якія збіраліся гадамі., хацеў, каб яны захоўваліся на радзіме. 

Трэба адзначыць, што пэўная заслуга ў справе набыцця бібліятэкай рукапіснага архіва М.М.Улашчыка належыць вядомаму даследчыку традыцыйнай беларускай культуры, літаратару А.С.Лісу, які быў асабіста знаёмы з Мікалаем Мікалаевічам і параіў яму перадаць на захаванне дакументы з асабістага архіва ў салідную, надзейную ўстанову – аддзел рэдкіх кніг і рукапісаў ЦНБ НАН Беларусі.

Яшчэ пры жыцці Мікалай Мікалаевіч  перасылаў, а часта і сам прывозіў у ЦНБ матэрыялы са свайго архіва. Перадаючы на захаванне рукапісы, адзначаў, што робіць гэта “не з тым, каб уваславіць сябе, а таму, што калі не скласці ў надзейным месцы, то ўсё растрасецца і згіне. А наша навука маладая, зборы па гісторыі навукі малыя, і не варта рабіць так, каб яны сталі яшчэ меншымі” [11, 1227].

Асноўная група дакументаў асабістага архіва вучонага паступіла ў ЦНБ НАН Беларусі ў 1977 – 1982 гг. Частку дакументаў творчага характару бібліятэка атрымала ў 1988 г. ад сястры М.М.Улашчыка, Вольгі Мікалаеўны.

Пасля смерці вучонага яго сын, Аляксандр Мікалаевіч Улашчык, выконваючы волю бацькі, перадаў у ЦНБ астатнюю частку архіва. У справе фонду № 44 “М.М.Улашчык” захоўваецца ліст Аляксандра Мікалаевіча, датаваны 1996 годам, дзе ён піша: “Передавая архивные материалы Н.Н.Улащика, хочу высказать свое пожелание, чтобы все архивные материалы и библиотека Н.Н.Улащика хранились в одном архиве как единое целое и были бы максимально доступны исследователям.

Мікалай Улашчык пакінуў багатую творчую спадчыну. У рукапісным архіве вучонага, які  налічвае 1715 адзінак захавання за 1906 – 2004 гады,  знайшлі адлюстраванне падзеі яго жыцця, творчыя інтарэсы, службовыя і сяброўскія сувязі, збіральніцкія схільнасці.       

У групу творчых дакументаў (храналагічныя рамкі 1943 – 2000 гг.) увайшлі матэрыялы да кандыдацкай і доктарскай дысертацый вучонага, яго асноўных манаграфій, кніг.

У 1943 годзе М.М.Улашчык паступіў у аспірантуру Інстытута гісторыі Акадэміі навук СССР і ў 1947 г. паспяхова абараніў кандыдацкую дысертацыю на тэму “Падрыхтоўка сялянскай рэформы 1861 года ў Віленскай, Гродзенскай, Ковенскай губернях”. У архіве захоўваюцца распараджэнні па Акадэміі навук СССР і па Аддзеле аспірантуры АН СССР, выпіскі з пратаколаў пасяджэнняў групы па вывучэнні гісторыі Украіны, Беларусі і Прыбалтыкі, справаздачы і іншыя матэрыялы аб вучобе М.М.Улашчыка ў аспірантуры Інстытута гісторыі Акадэміі навук СССР.

Асобнымі раздзеламі выдзелены чарнавікі і шматлікія матэрыялы, сабраныя вучоным-гісторыкам падчас працы над асноўнымі манаграфіямі: “Перадумовы сялянскай рэформы 1861 г. у Літве і Заходняй Беларусі”, “Нарысы па археаграфіі і крыніцазнаўству гісторыі Беларусі феадальнага перыяду”, “Уводзіны ў вывучэнне беларуска-літоўскага летапісання”, гісторыка-этнаграфічным нарысам “Вёска Віцкаўшчына”. Што датычыцца апошняга, то, акрамя машынапісу гэтай працы, падрыхтаванага да друку, чарнавікоў, варыянтаў, у архіве сабраны дакументы (пісьмы і заявы М.М.Улашчыка ў дырэкцыю Інстытута этнаграфіі АН СССР, у выдавецтва “Наука”, у Аддзел культуры ЦК КПСС і нават на адрас XXVII з’езда КПСС), якія сведчаць аб цяжкім шляху рукапісу да выдання.  Толькі ў 1989 годзе, на жаль, ужо пасля смерці вучонага, кніга была выдадзена ў выдавецтве “Мастацкая літаратура” пад назвай “Была такая вёска”.

У 1980 годзе вучоным планавалася яшчэ адна аб’емная манаграфія “Мемуары и дневники как источники по истории Белоруссии феодального периода”. У фондзе захоўваецца заяўка ў дырэкцыю Інстытута гісторыі СССР АН СССР з абгрунтаваннем неабходнасці такой працы, кароткі план манаграфіі, а таксама шматлікія чарнавікі, накіды, выпіскі. Па гэтых архіўных матэрыялах у 1999 і 2000 гг. Беларускім навукова-даследчым інстытутам дакументазнаўства і архіўнай справы  былі падрыхтаваны і выдадзены з навуковай спадчыны М.М.Улашчыка яго “Працы па археаграфіі і крыніцазнаўству гісторыі Беларусі” і “Мемуары і дзённікі як крыніцы па гісторыі Беларусі”.

Амаль дзесяць гадоў вучоны-даследчык рыхтаваў да выдання 32 і 35 тамы Поўнага збору рускіх летапісаў, у якіх былі сабраны ўсе вядомыя беларуска-літоўскія хронікі. Копіі беларускіх і літоўскіх хронік з археаграфічнай апрацоўкай М.М.Улашчыка, карэктуры вышэйзгаданых тамоў з яго шматлікімі рукапіснымі заўвагамі і праўкамі, чарнавікі і варыянты прамоў, архіўныя выпіскі і інш. складаюць вельмі значны па аб’ёме раздзел дакументаў, які прадстаўляе вынік шматгадовай навуковай працы вучонага па вывучэнні беларуска-літоўскіх летапісаў.

Да творчых матэрыялаў М.М.Улашчыка, якія захоўваюцца ў яго рукапісным архіве, належыць вялікая колькасць нарысаў, артыкулаў, успамінаў, нататак. Сярод іх асабліва каштоўным і цікавым, на наш погляд, з’яўляецца рукапіс “Краязнаўства. (Нататкі  пра бадзянні ў 1924 – 1929 гг.)”,  выдадзены асобнай кнігай у 1999 г. Акрамя таго, тут сабраны чарнавікі, накіды, варыянты артыкулаў “К вопросу о характере и последствиях Люблинской унии,Из  истории “вольных людей” в Литве”, “Кобринская экономия после проведения волочной померы”, “Введение обязательных инвентарей в Белоруссии и Литве”, “О списках Никаноровской летописи”, “О количестве земли, полученной крестьянами Белоруссии и Литвы при отмене крепостного права” і інш.; шмат артыкулаў, падрыхтаваных для Беларускай савецкай і Савецкай гістарычнай энцыклапедый.

Да жанру мемуарыстыкі можна аднесці ўспаміны М.М.Улашчыка пра Я.Купалу, М.Гарэцкага, М.Доўнар-Запольскага, С.Баркоўскага, пра вучобу ў БДУ. На жаль, у рукапісным архіве вучонага адсутнічае яго вядомая “Хроніка”, але захаваліся артыкул аўтабіяграфічнага характару “Навука ў Самахвалавічах”, нататка “Зыбіна [Ніна Паўлаўна?]”, і невялічкі машынапісны фрагмент “Хронікі” пад назвай “Кнігі”.

У фондзе М.М.Улашчыка сабраны разам тэксты дакладаў і выступленняў на семінарах, розных пасяджэннях, канферэнцыях і інш. Тут варта адзначыць такія, безумоўна цікавыя, дакументы, як тэкст даклада “Станислав Львович Пташицкий (1853 – 1933)”, тэкст выступлення “Поэтические произведения Максима Богдановича на исторические темы”, асноўныя палажэнні паведамлення “Вклад В.И.Пичета в дело создания белорусской исторической науки”, канспект даклада “Владимир Иванович Пичета”, прызначанага для Пічэтаўскіх чытанняў у Мінску ў 1984 г. з паметай М.Улашчыка, што яго на чытанні было загадана не пускаць; да гэтай жа групы матэрыялаў належаць інтэрв’ю з вучоным пра жыццё і творчую дзейнасць у сувязі з 80-годдзем з дня яго нараджэння.

Асобны раздзел складаюць водзывы, рэцэнзіі, заўвагі М.М.Улашчыка на манаграфіі, кнігі, дысертацыі і артыкулы розных асоб. Аб аўтарытэце вучонага сведчаць шматлікія пісьмы навуковых устаноў Расіі, Беларусі, Літвы, Латвіі з просьбай даць згоду на апаніраванне доктарскіх і кандыдацкіх дысертацый вучоных-гісторыкаў, філосафаў, філолагаў. Глыбіня і разнастайнасць ведаў М.М.Улашчыка яскрава праяўляецца ў грунтоўных водзывах  на навуковыя працы і на літаратурныя творы. Так, у яго архіве захоўваюцца крытычныя заўвагі на кнігу А.Лойкі “Янка Купала”, рэцэнзія на кнігу В.Грыцкевіча і А.Мальдзіса “Шляхі вялі праз Беларусь”, заўвагі на рукапіс кнігі А.Каўкі “Тут мой народ. Францішак Скарына і беларуская літаратура XIV – пач.ХХ стст.”, фрагменты заўваг на творы У.Караткевіча і інш..  

У фондзе захоўваюцца матэрыялы да навуковых прац, якія рыхтаваліся з удзелам М.М.Улашчыка: чарнавікі і варыянты глаў да шматтомнага выдання “История СССР”, матэрыялы аб удзеле вучонага ў рабоце па рэдагаванні І тома “Гісторыі Беларускай ССР” у 5-ці тамах і інш.

Вельмі разнастайны і значны па аб’ёме раздзел складаюць матэрыялы, сабраныя М.М.Улашчыкам падчас яго навуковай і творчай дзейнасці.

Па-свойму унікальнымі з’яўляюцца бібліяграфічныя і тэматычныя картатэкі, складзеныя вучоным на працягу яго навуковай працы, якія налічваюць звыш 24 000 картак. Асобнымі раздзеламі ў іх выдзелены крыніцы па гісторыі, археалогіі, геаграфіі, геалогіі і інш. Мінскай, Магілёўскай, Віцебскай, Гродзенскай губерній; гісторыі народнай адукацыі, асвеце, медыцыне, этнаграфіі, фальклоры, аптрапалогіі, геральдыцы, нумізматыцы; гісторыі цэркваў, манастыроў, царкоўных брацтваў і інш.

Аб нястомнай карпатлівай працы вучонага ў архівах Масквы, Мінска, Варшавы, Познані, Кракава сведчаць шматлікія архіўныя выпіскі на рускай, беларускай, польскай мовах, якія таксама захоўваюцца ў рукапісным архіве Мікалая Мікалаевіча.

Да ліку матэрыялаў службовага характару належаць дакументы аб працы М.М.Улашчыка ў Інстытуце гісторыі СССР АН СССР, выкладчыцкай дзейнасці ў Маскоўскім дзяржаўным універсітэце, рабоце з аспірантамі, удзеле ў рабоце сімпозіумаў, сесій, канферэнцый, аб дзейнасці ў якасці навуковага кансультанта БелСЭ і інш., якія ахопліваюць перыяд з 1935 па 1986 гады.

У групу матэрыялаў аб працы вучонага ў Акадэміі навук СССР увайшлі яго справаздачы, службовыя пісьмы і паведамленні, Пастановы Прэзідыума АН СССР адносна выезду вучоных Акадэміі навук у вышэйшыя навучальныя установы краіны, дзе адзначаны камандзіроўкі М.М.Улашчыка ў Мінскі дзяржаўны педагагічны інстытут, у БДУ, у Інстытут гісторыі АН Літоўскай ССР. У архіве захоўваецца Пастанова Прэзідыума Акадэміі навук СССР аб ўключэнні вучонага ў састаў Археаграфічнай камісіі, матэрыялы аб ўдзеле ў рабоце вучонага савета Інстытута славяназнаўства і балканістыкі АН СССР, а таксама заявы і тлумачальныя запіскі М.М.Улашчыка ў дырэкцыю Інстытута гісторыі СССР АН СССР адносна зацвярджэння яму тэм навуковых прац.

Шматлікія запрашальныя білеты  сведчаць аб удзеле вучонага-гісторыка ў рабоце XIII Міжнароднага кангрэса гістарычных навук, сесіях сімпозіума па аграрнай гісторыі Усходняй Еўропы, канферэнцыях, пасяджэннях. Нягледзячы на пэўныя адносіны да М.М.Улашчыка афіцыйнага Мінска, яго ведалі і шанавалі на радзіме, аб гэтым сведчаць запрашенні Праўлення Саюза пісьменнікаў БССР на ўдзел вучонага ў рабоце V з’езда СП , запрашэнні Мінскага і Гродзенскага дзяржаўных педагагічных інстытутаў на ўдзел у  розных урачыстасцях і інш.  З пэўнай доляй ўмоўнасці  да  гэтых матэрыялаў адносяцца вельмі цікавыя, на наш погляд, адказы М.М.Улашчыка на пытанні арганізатараў Чытанняў памяці акадэміка У.І.Пічэты пад назвай “Об участии в “пичетниках”, напісаныя ў 1981 г.

Сярод матэрыялаў аб выкладчыцкай дзейнасці ў рукапісным архіве захаваліся канспекты лекцый па гісторыі, прачытаныя М.Улашчыкам у Іванаўскім тэхнікуме сувязі ў 1935-36 гг., калі вучоны пасля адбыцця 5- гадовай ссылкі быў вызвалены без права вяртання ў Беларусь і выкладаў у расійскіх школах і тэхнікумах.

З мая 1948 г. па верасень 1949 г. М.М.Улашчык  працаваў выкладчыкам на гістарычным факультэце Маскоўскага дзяржаўнага універсітэта. Аб гэтым сведчаць і шматлікія планы, метадычныя пісьмы, выпіскі, запісы і іншыя матэрыялы да лекцый па гісторыі паўднёвых і заходніх славян, крыніцазнаўстве, палеаграфіі.

Тут жа захоўваюцца планы лекцый па гісторыі Беларусі, прачытаных вучоным у Мінскім дзяржаўным педагагічным інстытуце.

Заўвагі на артыкулы розных аўтараў, перапіска і інш. дакументы адлюстроўваюць дзейнасць М.М.Улашчыка ў якасці кансультанта БелСЭ па пытаннях гісторыі Беларусі, Літвы і Украіны. Да гэтага ж раздзела датычацца матэрыялы аб удзеле вучонага ў рабоце грамадскага Савета па беларускай літаратуры пры СП СССР і чарнавік яго пісьма аб неабходнасці стварэння пры Аддзяленні гістарычных навук АН БССР Археаграфічнай камісіі.

Таленавіты вучоны, чалавек энцыклапедычных ведаў, яркая асоба М.М.Улашчык шчодра дзяліўся вопытам з маладымі вучонымі Беларусі, прымаў удзел у навуковым і культурным жыцці рэспублікі, вёў шырокую перапіску. Засталася яго вельмі багатая эпісталярная спадчына.  Карэспандэнтамі М.Улашчыка былі  Я. Брыль, І. Мележ, Г. Гарэцкі, Н. Гілевіч, А. Мальдзіс, С. Шушкевіч, У. Караткевіч, Л. Геніюш, А. і В. Грыцкевічы, Г. Кісялёў, А. Ліс і шмат, шмат іншых.

Як правіла, у фондах асабістага паходжання сустракаецца вельмі невялікая колькасць лістоў самога фондаўтваральніка, часцей за ўсё  гэта чарнавыя накіды, варыянты, зрэдку копіі тых ці іншых пісьмаў. Але ў архіве  М.М.Улашчыка захавалася значная частка яго лістоў да розных карэспандэнтаў у выглядзе машынапісных копій.

Перапіска М.Улашчыка складаецца з яго асабістых лістоў да розных асоб і арганізацый, і пісьмаў да яго за 1955 – 1986 гг. У ёй Мікалай Мікалаевіч паўстае сапраўдным патрыётам сваёй радзімы, чалавекам, занепакоеным станам айчыннай навукі і культуры, беларускай мовы, аховай гістарычных помнікаў, вялікім знаўцам беларускай літаратуры. Нельга не адзначыць яго лісты ў рэдакцыю газеты “ЛіМ” з прапановай пачаць збор сродкаў на стварэнне ў Беларусі этнаграфічнага музея, у рэдакцыю газеты “Правда” адносна перадачы музейнага будынка на Цэнтральнай плошчы г.Мінска музею гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, начальніку Архіўнага ўпраўлення пры СМ БССР А.Азараву адносна знішчэння архіўных матэрыялаў, сакратару ЦК КПБ А.Кузьміну аб недастатковай прапагандзе беларускай навуковай кнігі і дрэннай арганізацыі кнігагандлю ў Беларусі і інш.

Сярод лістоў да М.М.Улашчыка – пісьмы айчынных і замежных вучоных-гісторыкаў, філосафаў, этнографаў, беларускіх і ўкраінскіх пісьменнікаў, грамадска-культурных дзеячаў, сяброў, сваякоў, а таксама выдавецтваў і рэдакцый, архіваў, музеяў, бібліятэк, навучальных устаноў і інш. У іх – разважанні аб стане гістарычнай навукі, беларускай літаратуры, абмеркаванні тэм навуковых прац. Да вучонага звяртаюцца за парадамі, дзеляцца творчымі планамі, віншуюць са святамі Да многіх лістоў карэспандэнты М.М.Улашчыка дадаюць свае артыкулы і нарысы з просьбай зрабіць неабходныя заўвагі, выказаць меркаванні, даць водзыў; дасылаюць друкаваныя працы з дароўнымі надпісамі, прыкладаюць запрашэнні на розныя знамянальныя падзеі.

 Частка лістоў вучонага была апублікавана, але, на наш погляд, цікавая і разнастайная эпісталярная спадчына М.М.Улашчыка, якая захоўваецца ў яго рукапісным архіве, абяцае даследчыкам творчасці Мікалая Мікалаевіча яшчэ  нямала адкрыццяў.

Да групы матэрыялаў біяграфічнага і асабістага характару (храналагічныя рамкі 1929 – 1986 гг.) належаць дыплом М.М.Улашчыка аб заканчэнні ў 1929 годзе сацыяльна-гістарычнага аддзялення педагагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага універсітэта, дыпломы аб прысуджэнні вучоных ступеняў кандыдата і доктара гістарычных навук, характарыстыкі, аўтабіяграфіі розных гадоў, даведкі аб стане здароўя і выніках медыцынскіх даследаванняў, дакументы адносна перагляду апошняй судовай справы і даведка Вярхоўнага суда БССР аб рэабілітацыі М.М.Улашчыка. У гэтым жа раздзеле захоўваецца машынапісная копія завяшчання вучонага, датаваная 1984 г., у якім ён, у прыватнасці, піша: “...Архив (неопубликованные рукописи, переписка, рецензии) передается в Отдел рукописей и редкой книги Библиотеки Академии наук Белорусской ССР в Минске…” [11, 1231], а таксама пісьмы ў ЦНБ аб перадачы ў бібліятэку матэрыялаў з асабістага архіва, юбілейная карэспандэнцыя, спіскі навуковых прац і іншыя дакументы.

Да ліку матэрыялаў пра М.М.Улашчыка за 1949 – 1986 гг.  адносяцца артыкулы і даследаванні аб яго жыцці і творчай дзейнасці, водзывы на асноўныя манаграфіі вучонага, газетныя і часопісныя публікацыі, прысвечаныя юбілейным датам.

Сярод фатаграфій і ілюстрацыйных матэрыялаў – фотаздымкі бацькі вучонага, М.М.Улашчыка з маці, з сёстрамі і братамі, з жонкай Н.М.Шамарынай і сынам Аляксандрам, асабістыя фатаграфіі розных гадоў, ксеракопія сяброўскага шаржа на М.Улашчыка мастака А.Марачкіна, фотаздымкі сярод удзельнікаў XIII Міжнароднага кангрэсу гістарычных навук, аграрных сімпозіумаў, канферэнцый, фатаграфіі, зробленыя падчас паездак, сустрэч, на адпачынку ў Доме творчасці ў Каралішчавічах, з нагоды святкавання 75-годдя з дня нараджэння з роднымі і сябрамі.

У архіве М.Улашчыка захоўваюцца фотаздымкі сяброў вучонага С.Шутава, І.Бараноўскага; вучоных-гісторыкаў, археографаў і іншых асоб (У.Пічэты, М.Доўнар-Запольскага, Ф.Дабранскага, Л.Арбелі, А.Зіміна і інш.), фотакопія групавога здымка Ніны Улашчык з У.Пічэтай, І.Замоціным, Ю.Бібілай, Я.Бялькевічам і інш.; раннія  фатаграфіі жыхароў вёскі Віцкаўшчына, хат, сядзіб, краявідаў, фотакопіі малюнкаў сельскагаспадарчых прылад ХІХ стагоддзя. На многіх дакументах  ёсць тлумачальныя запісы М.М.Улашчыка і яго сына, частка фотаздымкаў маюць дароўныя надпісы.

Вельмі аб’ёмная група дакументаў з фонду М.Улашчыка – матэрыялы калекцыйнага характару. Яна ахоплівае перыяд з 1945 па 1985 гг., складаецца з манаграфій розных асоб, зборнікаў артыкулаў, брашур, аўтарэфератаў доктарскіх і кандыдацкіх дысертацый, асобных адбіткаў артыкулаў па розных пытаннях, часопісных і газетных выразак і іншых матэрыялаў, якімі цікавіўся вучоны.

Большасць з гэтых дакументаў маюць дароўныя надпісы, што робіць іх асабліва каштоўнымі. З пашанай, любоўю, удзячнасццю за падтрымку і добрыя мудрыя парады, дасылалі свае навуковыя працы М.Улашчыку гісторыкі, эканамісты, археолагі, філосафы, філолагі з Расіі, Беларусі, Украіны, Літвы, Малдовы, Польшчы і іншых краін замежжа: М.Дружынін, В.Буганаў, Г.Гарэцкі, С.Александровіч, Э.Іофе, З.Капыскі, А.Карпачоў, Г.Каханоўскі, У.Конан, Г.Галенчанка, М.Ермаловіч, Е.Ахманскі, Ф.Сяліцкі, В.Меркіс і шмат іншых.

У якасці завяршальнага раздзела рукапіснага архіва Мікалая Мікалаевіча Улашчыка выступае невялічкі па колькасці дакументаў раздзел “Матэрыялы членаў сям’і М.М.Улашчыка, сваякоў і іншых асоб”. У яго ўвайшлі матэрыялы жонкі М.М.Улашчыка, Наталлі Маркаўны Шамарынай (перапіска, запрашальныя білеты, рабочая картатэка), а таксама іншыя  цікавыя і каштоўныя дакументы: пасведчанне, выдадзенае ў 1928 г. Краязнаўчым таварыствам пры БДУ І.Бараноўскаму, на правядзенне краязнаўчай працы ў Полацкай акрузе; машынапісны экземпляр лекцый па крыніцазнаўстве Д.Даўгялы; пісьмо Н.Тарашкевіч у ЦК КПСС адносна рукапісаў яе мужа Б.Тарашкевіча, што былі ўзяты пры яго арышце (чарнавік ліста склаў М.Улашчык); матэрыялы аб падрыхтоўцы да выдання “Дыялектачнага слоўніка ўсходняй Беларусі” І.Бялькевіча.

Разам з рукапісным архівам вучонага ЦНБ НАН Беларусі атрымала кнігі з хатняй бібліятэкі М.М.Улашчыка з дароўнымі надпісамі вядомых пісьменнікаў, вучоных, культурна-грамадскіх дзеячаў, якія ставяць імя Мікалая Мікалаевіча побач з імёнамі славутых падзвіжнікаў нашага нацыянальнага адраджэння: .

         “Мікалаю Мікалаевічу Улашчыку, які на вечары аўтара, 8 лютага года 1971, пераканаўча давёў, што зямля беларуская не выпадкова дала свету Кірылу Тураўскага і Сімяона Полацкага і што дар іх не згас зусім, жыве і цяпер, з падзякай, пашанай і замілаваннем – Іван Мележ. 23.ІІ.73 г. Каралішчавічы.” (6);  

   “Мікалаю Мікалаевічу Улашчыку, вучонаму, Чалавеку і беларусу, з павагай і шанаваннем. Васіль Быкаў. 13 лютага 73 г. Гродна.” (4);

         “Дарагі і любы Мікалай Мікалаевіч, прыміце ад мяне гэты зборнічак з пачуццямі захаплення Вамі – адным з Атлантаў нашай роднай культуры. З павагай і падзякай – Рыгор Барадулін. 5.ІХ.75 г. Каралішчавічы.” (1);

“Міламу Мікалаю Мікалаевічу Улашчыку з падзякай за ўсё, што ён зрабіў для мяне і для “Зямлі пад белымі крыламі”. У. Караткевіч. 8 снежня 77 г.” (5);

         “Дарагому Мікалаю Мікалаевічу, паслу нашаму на зямлі Маскоўскай , ад грэшнага крытыка, аўтара гэтай кніжыцы, з вялікай падзякай  за шчыры Ваш клопат пры яе нараджэнні па-руску. Ул. Юрэвіч. 15 сакавіка 1982 г.” (13).

         Каштоўная творчая спадчына Мікалая Мікалаевіча Улашчыка, якая захоўваецца ў аддзеле рэдкіх кніг і рукапісаў ЦНБ НАН Беларусі, з’яўляецца шырокай крыніцазнаўчай базай для гісторыкаў, этнографаў, літаратуразнаўцаў, і займае адно з самых пачэсных месцаў  у скарбніцы беларускай нацыянальнай навукі і культуры.  

 

 

 

Літаратура і крыніцы:

 

1. Барадулін Р. Вяртанне ў першы снег: Вершы і паэмы. – Мінск, 1972.

2. Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 16: Трыпалі – Хвіліна/ Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. – Мінск: БелЭн, 2003. С.221 – 222.

3. Беларускія пісьменнікі: Бібліягр. слоўн. У 6 т. Т. 6. Талалай – Яфімаў / Дадатак Ін-т літ. імя Я. Купалы АН Беларусі; Беларус. Энцыкл.; Нацыянальны навукова-асветны цэнтр імя Ф. Скарыны. Пад рэд. А. В. Мальдзіса; Рэдкал.: І. Э. Багдановіч і інш. – Мінск: БелЭН, 1995. С.124 – 126.

4. Быкаў В. Сотнікаў. Абеліск: Аповесці. – Мінск, 1972.

5. Караткевіч Ул. Зямля пад белымі крыламі: Нарыс. – Мінск, 1977.

6.  Мележ І. Зб. тв.: У 6 т. Т.1. – Мінск, 1969.

7. Мікалай Мікалаевіч Улашчык: Бібліягр. паказ./ Нац. б-ка Беларусі. Беларус. навук.-даслед. цэнтр дакументазнаўства, археаграфіі і архіўнай справы (БелНДЦДААС); Склад. Каўка А. К. і інш.; Навук. рэд. Міхнюк У. А. – Мінск: Б. в., 1996.

8. Русь – Литва – Беларусь: Проблемы национального самосознания в историографии и культурологии: По материалам междунар. науч. конф., посвящ. 90-летию со дня рождения Н. Н. Улащика (Москва, 31 янв. 1996 г.) / Рос. акад. наук. Ин-т мировой лит. им. А.М. Горького, Ин-т рос. Истории, Ин-т славяноведения и балканистики, междунар ассоц. белорусистов (Моск. регион.          об-ние); Редкол.: Кавко А. К. (отв. ред.) и др. – М.: Наследие. 1997.

9. Станішэўскі В.М. Радавод сям’і Улашчыкаў: Гіст. нарыс/ Навук. рэд. Валахановіч А.І. – Мінск: Бел. кнігазбор, 2001.

10. Улащик Н.Н. Деревня Вицковщина 1880-1917 гг.: Ист.-этногр. очерк: Воспоминания о Н. Улащике / Рос. акад. наук. Ин-т мировой лит. им. А.М. Горького. – М.: ИМЛИ РАН, 2003.

11. ЦНБ НАН Беларусі, аддзел рэдкіх кніг і рукапісаў, фонд

№ 44 “М.М. Улашчык”, воп.1.

12. Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: У 6 т. Т.6. Кн. 1: Пузыны – Усая / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г.П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; – Мінск: БелЭн, 2001. С.580.

13. Юревич В. Испытание зрелостью. М.,1981.

 

 

 

 

Дыплом М.М.Улашчыка Сяброўскі  шарж на М.М.Улашчыка. Мастак А.Марачкін. Дароўны надпіс Н.Гілевіча М.Улашчыку Дароўны надпіс Ф.Янкоўскага М.Улашчыку
Дыплом М.М.Улашчыка Сяброўскі  шарж на М.М.Улашчыка. Мастак А.Марачкін. Дароўны надпіс Н.Гілевіча М.Улашчыку Дароўны надпіс Ф.Янкоўскага М.Улашчыку

 

 

 


 

Наверх

Назад

На главную

 


© Жук Т.И., 2008

Hosted by uCoz