Свякла В.В.,

навуковы супрацоўнік

аддзела рэдкіх кніг і рукапісаў

ЦНБ НАН Беларусі

 

 

 

АРХІЎНАЯ СПАДЧЫНА МАКСІМА І ГАЎРЫЛЫ ГАРЭЦКІХ З ФОНДУ ЦНБ НАН БЕЛАРУСІ

 

 

Сярод больш як 60 рукапісных архіваў асабістага паходжання, якія знаходзяцца на захаванні ў аддзеле рэдкіх кніг і рукапісаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі Нацыянальнай акадэміі навук (ЦНБ НАН) Беларусі, адметнае месца займаюць архівы братоў Максіма і Гаўрылы Гарэцкіх. Гэтая адметнасць абумоўлена некалькімі фактарамі.

Па-першае, кожны з братоў – велічная постаць у беларускай гісторыі ХХ ст. Максім Гарэцкі (1893 – 1938) – класік беларускай літаратуры, выдатны майстар мастацкага слова, адзін з заснавальнікаў айчыннай прозы, адметны дзеяч на ніве літаратурнай крытыкі і літаратуразнаўства, лексікограф, фалькларыст, быў адным з тых,  хто шмат у чым прадвызначыў шлях далейшага развіцця беларускай літаратуры. Не менш вызначальнай, толькі ў іншай сферы інтэлектуальнай дзейнасці, аказалася і роля акадэміка АН Беларусі, доктара геолага-мінералагічных навук, заслужанага дзеяча навукі Беларусі, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі СССР Гаўрылы Гарэцкага (1900–1988) – выдатнага даследчыка геалогіі антрапагену, буйнога спецыяліста у галіне інжынернай геалогіі, стваральніка  навуковых асноў палеапатамалогіі (вучэння пра рэкі мінулага).

Другі фактар, які абумоўлівае значнасць абодвух архіваў  – вялікі інтарэс да жыцця і дзейнасці фондаўтваральнікаў з боку творчай і навуковай нтэлегенцыі Беларусі.  Браты Гарэцкія у большай ці меншай ступені зведалі   перыяд адарванасці ад радзімы,  сутыкнуліся з бязлітаснасцю савецкай таталітарнай машыны 1920-1930 гг.,  што наклала на іх жыццёвы шлях надзвычай цяжкі (а ў выпадку з Максімам – непапраўна-трагічны) адбітак. Адсюль досыць працяглы  перыяд замоўчвання іх імён і заслуг перад Беларуссю, узнікнення цёмных старонак у біяграфіях. Пасля рэабілітацыі братоў Гарэцкіх ўзрасла і цікавасць да іх дакументальнай спадчыны (гэта перш за ўсё датычыць Максіма). І ў гэтым сэнсе значэнне  іх асабістых архіваў нельга пераацаніць.

І нарэшце,  адметнасць становішча архіваў Максіма і Гаўрылы Гарэцкіх сярод іншых рукапісных фондаў асабістага паходжання,  што захоўваюцца ў ЦНБ НАН Беларусі, вызначаецца тым, што  дзве гэтыя самастойныя, непадобныя па складзе  архіўныя адзінкі   маюць трывалую духоўную сувязь як архівы  прадстаўнікоў ці не самага славутага роду ў айчыннай гісторыі ХХ ст.

Архіў М.І.Гарэцкага стаў адным з першых рукапісных фондаў асабістага паходжання, якія паступілі на захаванне ў аддзел рэдкіх кніг ЦНБ НАН Беларусі.  Цікавыя звесткі аб лёсе архіва да яго паступлення ў бібліятэку прыводзіць дачка пісьменніка Галіна Максімаўна Гарэцкая ў апісанні архіва, складзеным пры перадачы яго ў бібліятэку (захоўваецца ў справе фонду).  Як сцвярджае Г.М. Гарэцкая, у 1931–32 гг. жонка пісьменніка Леаніла Усцінаўна Гарэцкая (Чарняўская) па яго просьбе перасылала  па пошце ў Вятку (месца зняволення М.І. Гарэцкага па справе т.зв. Саюза вызвалення Беларусі) матэрыялы да “Камароўскай хронікі” і “Віленскіх камунараў”, а ўвесь архіў прывезла ў канцы чэрвеня 1932 г. Тут жа дачка пісьменніка адзначае, што пасля 4 лістапада 1937 г. (дата апошняга арышту пісьменніка) асабісты архіў Максіма Гарэцкага да 1938 г. захоўваўся ў Л.У.Гарэцкай у раённым цэнтры Кіраве Калужскай вобласці (да 1936 г. – г.п. Пясочня Заходняй вобласці), потым у аднайменным горадзе абласнога значэння (былая Вятка), а з кастрычніка 1947 г. у Ленінградзе.

Перадача архіва М.І.Гарэцкага на захаванне ў ЦНБ НАН Беларусі адбывалася ў два этапы. У 1972 г. бібліятэка на ўмовах дарэння набыла першую частку архіва пісьменніка. У 1975 г. быў сфарміраваны вопіс № 1 фонду 7 “Горецкий Максим Иванович”. У яго ўключаны  53 адзінкі захоўвання, якія, за выключэннем адной адзінкі захоўвання за 1972 г., адносяцца да 1905 – 1935 гг. У склад фонду ўвайшлі наступныя групы дакументаў:

1) творчыя матэрыялы М.І.Гарэцкага. У склад гэтай группы ўключаны аповесці “Віленскія камунары”, “Камароўская хроніка”, зборнік апавяданняў “Люстрадзён”, зборнік падарожных замалёвак “Сібірскія абразкі”, кніга “На імперыялістычнай вайне”, шматлікія апавяданні і замалёўкі, драматычныя творы “Салдат і яго жонка”, “Жалобная камедыя” і інш., пераклады з рускай мовы, зробленыя фондаўтваральнікам (“Разгром” А.Фадзеева, “Тыдзень” Ю.Лібядзінскага). Сюды ж адносяцца фальклорна-этнаграфічныя запісы, зробленыя М.І.Гарэцкім, спіс твораў пісьменніка, складзены ім самім у 1928 г.;

 2) лісты фондаўтваральніка да сям’і 1930 – 1935 гг., а таксама запіска М.І. Гарэцкага да сям’і, адпраўленая з турмы ў Лукішках у 1922г.;

3) матэрыялы біяграфічнага і асабістага характару;

4) калекцыйныя матэрыялы (пераважна кнігі Якуба Коласа з дароўнымі надпісамі аўтара М.І.Гарэцкаму);

У 1977 г. Г.М.Гарэцкая перадала ў аддзел рэдкіх кніг дадатковыя матэрыялы з архіва бацькі. Паколькі на момант перадачы гэтых дакументаў набытыя раней  матэрыялы былі ўжо апрацаваны, новыя паступленні ўвайшлі ў вопіс № 2, які ўключае 66 адз. зах. за 1911 – 1977 гг. Некаторыя з іх сталі дапаўненнем да дакументаў вопісу № 1, у прыватнасці матэрыялы да “Камароўскай хронікі” (чарнавыя накіды, паметкі і інш.). Акрамя таго, сюды ўвайшлі аповесць “Ціхая плынь”, п’есы “Антон”, “Мутэрка”, “Жартаўлівы Пісарэвіч”, матэрыялы да аповесцяў “Вёска Балотная”, “Піліп Перапечка”, чарнавыя накіды зборніка абразкоў “Скарбы жыцця” і інш. У склад вопісу №2 уключаны таксама лісты М.І.Гарэцкага да жонкі, дакументы, якія адклаліся ў працэсе педагагічнай дзейнасці фондаўтваральніка, копіі фотаздымкаў 1911 – 1935 гг. У невялікай колькасці прадстаўлены матэрыялы пра М.І. Гарэцкага (рэцэнзія літкансультанта Дзяржвыдата Ільінскага на аповесць “Віленскія ўспаміны”), матэрыялы бытавога характару (сярод іх – пратакол вобыску ў кватэры Г.І. Гарэцкага ад 4 лістапада 1937  г.).

Шырока прадстаўлены ў вопісе матэрыялы жонкі фондаўтваральніка Л.У.Чарняўскай – празаіка, перакладчыцы, педагога, аўтара твораў для дзяцей. Сярод іх – два выданні кнігі “Родны край: другая пасля лемантара кніга для чытання” (1919; 1921), кнігі прозы “Валуй – камісар часоў Кераншчыны”, “Падарожніца”, “Бяздзетуха”, кнігі для дзяцей “Кот Знайдзён”, “Лявонка”, “Жук”, скарочаны і перароблены варыянт няскончанай аповесці “Кутніца” і інш.

Сюды ж уваходзяць і матэрыялы родных фондаўтваральніка: “Успаміны” Г.М.Гарэцкай, франтавыя  лісты Леаніда Гарэцкага (сына пісьменніка) да бацькоў і родных.

Характэрная рыса архіва М.І.Гарэцкага – вялікая ўдзельная вага творчых матэрыялаў фондаўтваральніка, якія складаюць больш за дзве трэці адзінак захоўвання вопісу № 1  (43 адз.зах.) і каля паловы  адзінак захоўвання вопісу № 2 (31 адз. зах. ). Сярод іх сустракаюцца як чарнавікі, накіды, розныя варыянты аднаго і таго ж твора, так і дакументы, якія адносяцца да больш позняй стадыі работы аўтара над творам (чыставыя або набліжаныя да іх варыянты, часцей за ўсё машынапісныя), а таксама друкаваныя экземпляры (кнігі і адбіткі  асобных твораў). Пры гэтым назіраецца наступная заканамернасць: творчая спадчына пісьменніка, якая знайшла адлюстраванне ў архіве ў выглядзе чыставікоў і друкаваных дакументаў, як правіла, не мае больш ранніх варыянтаў і чарнавых адпаведнікаў. Дачка пісьменніка ў згаданым апісанні архіва тлумачыць гэта тым, што М.І.Гарэцкі не меў звычкі пакідаць чарнавікі і іншыя матэрыялы, непатрэбныя яму для працы. Дарэчы, гэтым можна часткова вытлумачыць і невялікую колькасць у архіве дакументаў, непасрэдна не звязаных з творчай дзейнасцю пісьменніка. Паводле Г.М.Гарэцкай, многія дакументы такога роду (згаданы ўжо ліст з Лукішак і іншыя лісты да сям’і, некаторыя пасведчанні, запіскі), а таксама тыя творчыя матэрыялы, якія страцілі актуальнасць для аўтара, зберагліся толькі дзякуючы яго жонцы, а часам і з-за шчаслівага  збегу абставін (так, чарнавы варыянт  “Віленскіх камунараў” уцалеў таму, што аўтар аддаў яго малому сыну для малявання на чыстых адваротных старонках). У той жа час накіды і чарнавікі няскончаных і неапублікаваных твораў шырока прадстаўлены ў архіве.

Іншая адметнасць творчай спадчыны з архіва М.І. Гарэцкага заключаецца ў тым, што  большасць дакументаў, якія адносяцца да дастаткова позняй стадыі работы аўтара над творам (нават кнігі, не кажучы ўжо пра машынапісныя, набліжаныя да чыставых экземпляры) маюць сляды аўтарскай перапрацоўкі: рукапісныя паметы, заўвагі, выпраўленні. Асабліва шмат аўтарскіх рукапісных памет у такіх творах, як ”Памылка”, ”Злосць”, ”Салдат і яго жонка”, “Не адной веры”, кнізе “На імперыялістычнай вайне”, у машынапісным зборніку апавяданняў 1914 – 1916 гг., складзеным у 1928 г., і інш.

Не меншую цікавасць, чым уласна склад фонду 7, выклікае пытанне аб тым, наколькі поўна прадстаўлена ў ім рукапісная спадчына пісьменніка. Дачка пісьменніка тлумачыць поўную або частковую адсутнасць тых ці іншых дакументаў праверкамі пад час арыштаў 1922, 1930 і 1937 гг. У прыватнасці,  паводле Г.М. Гарэцкай, ў пратаколе вобыску падчас арышту 1937 г. ёсць адзнака аб тым, што была канфіскавана “личная переписка  на 282 листах (подшитые в 5-ти сшитках)”. Тое самае сведчыць і Радзім Гаўрылавіч Гарэцкі ў кнізе “Ахвярую сваім “я” [5,53], пры напісанні якой выкарыстаны шэраг архіўных матэрыялаў КДБ, што датычацца арыштаў братоў Гарэцкіх. Праўда, Г.М. Гарэцкая сцвярджае, што у лік згаданых 282 лістоў уваходзіла і яе ўласная перапіска са школьнымі сябрамі, а не толькі эпісталярый бацькі. Таму цяжка адказаць на пытанне, якую долю канфіскаваных матэрыялаў складала ўласна перапіска М.І.Гарэцкага, якога роду дакументы (лісты, адрасаваныя пісьменнніку або напісаныя ім самім) тут пераважалі.

Прыведзеных тут звестак ужо дастаткова, каб сцвярджаць, што у склад фонду ўвашла далёка не ўся рукапісная спадчына класіка беларускай літаратуры. Частка яе канчаткова страчана, месцазнаходжанне іншай невядомае. Акрамя таго, частка архіўных дакументаў і пасля 1977 г. працягвала заставацца ў сямейным архіве Гарэцкіх. Зрабіць такую выснову дазваляе складзены Г.М.Гарэцкай спіс “Архіў сям’і Максіма Гарэцкага” ад 7 лютага 1981 г. Акрамя 3 папак матэрыялаў Л.У.Гарэцкай і дакументаў, так ці інакш звязаных з  Леанідам Гарэцкім, гэты рэестр уключае 11 папак дакументаў, якія маюць непасрэднае дачыненне да жыцця і творчасці М.І.Гарэцкага. У папках 3–11 пераважаюць копіі прыжыццёвых і арыгіналы пасмяротных дакументаў, звязаных з жыццём і творчасцю М.І. Гарэцкага. Пры супастаўленні спіса з абодвума вопісамі можна заўважыць, што змест папак 3 – 11 шмат у чым яго дубліруе.  Верагодна, што выкананне копій было выклікана менавіта перадачай арыгіналаў на захаванне ў ЦНБ НАН Беларусі У склад жа папак 1 – 2 уваходзяць галоўным чынам арыгінальныя прыжыццёвыя дакументы. Сярод гэтых дакументаў, якія не трапілі ў архіўны фонд ЦНБ, –  матэрыялы да біяграфіі М.І.Гарэцкага (даведкі, білеты аб членстве ў некаторых арганізацыях), фрагменты запісных кніжак, матэрыялы педагагічнай дзейнасці, запісы па мовазнаўстве, літаратуразнаўстве, гісторыі, а таксама друкаваныя выданні: як творы Г.І. Гарэцкага (у т.л. 6 прыжыццёвых), так і асабістыя кнігі пісьменніка (і тыя і іншыя нярэдка маюць аўтографы пісьменніка).

Але, незважаючы на тое, што фонд 7 далёка не поўнасцю акумулюе архіўную спадчыну М.І. Гарэцкага, ён з’яўляецца адной з самых важных крыніц звестак аб жыцці і творчай дзейнасці выдатнага майстра беларускага літаратурнага слова. Нягледзячы на шэраг строгіх абмежаванняў у выкарыстанні дакументаў фонду, накладзеных роднымі фондаўтваральніка (права на выкарыстанне матэрыялаў атрымалі толькі члены Камісіі па літаратурнай спадчыне Максіма Гарэцкага, а таксама некаторыя іншыя установы, арганізацыі і прыватныя асобы з  асабістага дазволу Г.М.Гарэцкай), архіў паспяхова выконвае адну са сваіх найважнейшых функцый – крыніцы публікацый твораў пісьменніка і літаратуразнаўчых прац аб ім. Так, дакументы фонду 7 ЦНБ НАН Беларусі адыгралі немалую ролю пры падрыхтоўцы да друку чатырохтомнага збору твораў пісьменніка [1]. Матэрыялы архіва паспрыялі і выданню зборнікаў твораў пісьменніка [2;3;4], узнікненню навуковых прац [6], зборнікаў дакументаў[7], прысвечаных жыццю і творчасці М.І.Гарэцкага, і інш. Копіі архіўных матэрыялаў выкарыстоўваліся таксама пры падрыхтоўцы некаторых тэматычных выставак.

Праз чвэрць стагоддзя пасля атрымання на захаванне архіўнай спадчыны М.І.Гарэцкага аддзел рэдкіх кнігЦНБ НАН Беларусі распачаў камплектванне дакументамі з асабістага рукапіснага архіва яго малодшага брата - Гаўрылы Іванавіча. (Рыс.1)

Першыя дакументы з архіва Г.І.Гарэцкага быў перададзены ў бібліятэку сынам фондаўтваральніка, акадэмікам НАН Беларусі, доктарам геолага-мінералагічных навук Радзімам Гаўрылавічам Гарэцкім у 2002 г. Агульны аб’ём атрыманых ад яго дакументаў склаў каля 25 тыс. аркушаў. На момант атрымання архіва бібліятэкай ён адрозніваўся даволі высокай ступенню ўпарадкаванасці дакументаў, большасць з якіх знаходзілася ў здавальняючым фізічным стане. За архівам была замацавана назва “Фонд 54 “Гаўрыла Гарэцкі”. У 2008 г. Р.Г.Гарэцкі перадаў бібліятэцы дадатковыя дакументы з архіва бацькі, а таксама бібліятэку геалагічнай літаратуры (каля 1700 кніг, галоўным чынам па геалогіі антрапагену, і больш за  1000 адбіткаў, рэфератыўных часопісаў, аўтарэфератаў і інш.), якая належала Г.І.Гарэцкаму,  а пасля яго смерці захоўвалася ў Інстытуце геалагічных навук НАН Беларусі (пра геалагічную бібліятэку Г.І.Гарэцкага гл. [10]).

 Навукова-тэхнічная апрацоўка рукапіснай спадчыны з архіва Г.І.Гарэцкага распачалася ў канцы 2003 г. і працягваецца па сённяшні дзень. За гэты перыяд быў праведзены пааркушны разбор дакументаў архіва, устаноўлены асноўныя структурныя групы дакументаў, выканана навуковае апісанне некаторых з іх.

Па сваім складзе асабісты архіў Г.І.Гарэцкага неаднародны. Найбольш шматлікімі і значнымі з пункту гледжання гістарычнай і навуковай каштоўнасці з’яўляюцца наступныя групы дакументаў:

а) матэрыялы інжынерна-геалагічнай дзейнасці: дзённікі экспедыцый Гідрапраекта (Усесаюзнага праектна-вышукальнага і навукова-даследчага інстытута імя С.Я.Жука), у складзе якіх працаваў Г.І.Гарэцкі, геалагічныя карты, схемы, чарцяжы, геалагічныя журналы, матэрыялы навукова-інжынерных работ, у выкананні якіх прымаў удзел фондаўтваральнік і інш.;

б) матэрыялы навуковай-даследчай  дзейнасці фондаўтваральніка: уласныя навуковыя працы фондаўтваральніка (машынапісны экземпляр доктарскай дысертацыі “Неогеновые и четвертичные отложения района Средней Камы между устьем Вишеры и городом Боровском”, рукапісы прац па пытаннях мяжы антарпагенавай сістэмы, па чацвярцёвай геалогіі розных рэгіёнаў СССР і Беларусі); навуковыя працы іншых вучоных-геалагаў, дасланыя Г.І.Гарэцкаму для азнаямлення, рэцэнзіі і інш., а таксама выпіскі з іх, зробленыя фондаўтваральнікам; бібліяграфія па навуковай праблематыцы, якую даследаваў  Г.І.Гарэцкі (картатэкі, бібліяграфічныя спісы);

в) матэрыялы службовай і грамадскай дзейнасці: дакументы, якія сведчаць аб працы  фондаўтваральніка ў навукова-даследчых арганізацыях СССР (Гідрапраекце, Савецкай секцыі Міжнароднай асацыяцыі па вывучэнні чацвярцёвага перыяду (INQUA), Усесаюзным геалагічным інстытуце АН СССР,  Камісіі па вывучэнні чацвярцёвага перыяду пры Секцыі навук аб зямлі АН СССР,  Пастаяннай камісіі па чацвярцёвай сістэме пры Міжведамасным стратыграфічным камітэце СССР і інш.), а таксама дакументы аб працы вучонага у структуры АН Беларусі: у Інстытуце геахіміі і  геафізікі на пасадзе загадчыка аддзела (пазней – лабараторыі) геалогіі і палеапатамалогіі антрапагену;

г) перапіска. У сувязі з тым, што гэта самая шматлікая, і, у параўнанні з іншымі, найбольш апрацаваная група дакументаў, на ёй варта спыніцца падрабязней. Перапіска ўключае ў сябе лісты, паштоўкі, тэлеграмы, адрасаваныя Г.І.Гарэцкаму рознымі асобамі, установамі і арганізацыямі, а таксама лісты самога фондаўтваральніка (нешматлікія чарнавікі, копіі, неадпраўленыя лісты). Акрамя таго, ў архіве адклалася вялікая колькасць лістоў, адрасаваных жонцы вучонага Ларысе Восіпаўне Гарэцкай (Парфяновіч) і, у значна меншай колькасці,  перапіска іншых родных фондаўтваральніка і асоб, не звязаных з Г.І.Гарэцкім адносінамі роднасці.

Бясспрэчна, цэнтральнае месца сярод эпісталярыя з асабістага архіва вучонага займае перапіска самога фондаўтваральніка. У самым агульным выглядзе яе склад можна выразіць наступнай схемай:

1.     Лісты Г.І.Гарэцкага, адрасаваныя:

а) розным асобам;

б) установам і арганізацыям.

2.     Лісты, адрасаваныя Г.І.Гарэцкаму:

а) рознымі асобамі;

б) установамі і арганізацыямі.

Перш за ўсё, разгледзім перапіску Г.І. Гарэцкага з рознымі асобамі – таму, што гэтая частка эпісталярыю поўнасцю прайшла навуковую апрацоўку, аформілася ў тым выглядзе, у якім яна будзе падстаўлена ў будучым вопісе фонду “Гаўрыла Гарэцкі”.

Храналагічныя межы для акрэсленай групы матэрыялаў эпісталярнага характару, агульная колькасць якіх пасля завяршэння навуковай апрацоўкі склала больш за 950 адзінак захоўвання, – 1940–1994 гг. На жаль, у фондзе “Гаўрыла Гарэцкі” абсалютна адсутнічаюць лісты, датаваныя 19201930 гг. Такім чынам, з архіва выпаў важкі пласт матэрыялаў, якія маглі б стаць дакументальным сведчаннем аб гадах станаўлення Г.І.Гарэцкага як вучонага, аб яго шматграннай дзейнасці гэтага перыяду, якая ў 1920-я гг. была накіравана перш за ўсё на вырашэннне актуальных праблем эканомікі, культуры, асветы БССР, а з пачатку 1930-х гадоў звязана з працай у розных інжынерна-геалагічных арганізацыях СССР. Затое перапіска Г.І.Гарэцкага пачынаючы з 1940 г. з’яўляецца важнай крыніцай звестак як пра самога вучонага, так і пра многіх яго карэспандэнтаў, сярод якіх безліч асоб, якія ўнеслі прыкметны ўклад у развіццё навукі, культуры, мастацтва.

Характэрнай рысай перапіскі Г.І.Гарэцкага з’яўляецца тое, што тут не так шмат лістоў, не звязаных з інжынерна-геалагічнай, навукова-даследчай, навукова-арганізацыйнай дзейнасцю фондаўтваральніка. Большасць яго карэспандэнтаў – гэта асобы, з якімі Г.І.Гарэцкага аб’ядноўвалі агульныя ці блізкія навуковыя інтарэсы, сумесная праца ў розных установах і арганізацыях. Таму далейшы агляд эпісталярыя з архіва вучонага мэтазгодна весці ў кантэксце асноўных этапаў яго жыццёвага і творчага шляху.

У 1942–1968 гг. Г.І.Гарэцкі працаваў на розных пасадах ў складзе структурных падраздзяленняў Гідрапраекта СССР. Гэты этап жыцця фондаўтваральніка можна падзяліць на перыяд працы ў экспедыцыях Гідрапраекта, якія займаліся інжынерна-геалагічнымі даследаваннямі, звязанымі з будаўніцтвам гідратэхнічных збудаванняў – гідравузлоў, каналаў, ГЭС і інш. (1942–1956), і перыяд работы на пасадах намесніка аддзела геалагічных вышуканняў, галоўнага геолага паўднёвых аб’ектаў і галоўнага спецыяліста Гідрапраекта ў г. Дзедаўску (1956–1968).

Лістоў, якія б сведчылі аб працы фондаўтваральніка ў складзе экспедыцый Гідрапраекта, у архіве няшмат. Хаця сярод карэспандэнтаў Г.І. Гарэцкага ёсць яго калегі па працы ў складзе экспедыцый (М.В.Разін, В.К.Ліванаў, Т.С.Кавееў), большасць іх лістоў належыць да пазнейшага часу.

За гады працы ў Гідрапраекце Г.І.Гарэцкі не толькі зрабіў вялікі ўклад у будаўніцтва буйных гідратэхнічных збудаванняў на тэрыторыі СССР, але і назапасіў, творча перапрацаваў, абагульніў і паклаў у аснову сваіх навуковых даследаванняў вялікую колькасць матэрыялаў па гісторыі антрапагену еўрапейскай часткі СССР. Такім чынам, ужо ў адзначаны перыяд Г.І.Гарэцкі сцвердзіўся ў якасці прыкметнага вучонага ў галіне чацвярцёвай геалогіі. Прымаючы актыўны ўдзел ў навуковым працэсе і адначасова з’яўляючыся геаграфічна аддаленым ад асноўных цэнтраў савецкай геалагічнай навукі, вучоны не мог не падтрымліваць эпісталярныя сувязі з паплечнікамі па вывучэнні чацвярцёвай геалогіі СССР. 1940–1950-мі гг. датаваныя першыя лісты да Г.І.Гарэцкага такіх буйных вучоных-чацвярцічнікаў, як У.У.Багачоў, У.П.Грычук, В.І.Громаў, В.В.Ламакін, К.К.Маркаў, У.М.Сукачоў і інш. Шырока прадстаўлена ў архіве і перапіска фондаўтваральніка з А.М. Ананавай, А.П.Жузэ, Г.І.Паповым, М.М.Сакаловым,  А.Ф.Якушовай, В.Л. Яхімовіч і іншымі вядомымі даследчыкамі антрапагену.

Асаблівай увагі заслугоўвае адрасаваныя Г.І.Гарэцкаму лісты выдатнага вучонага-палеакарполага П.І.Дарафеева, датаваныя 19481985 гг. Па-першае, перапіска з П.І.Дарафеевым па сваім аб’ёме не мае роўных у архіве. Па-другое, лісты ленінградскага палеакарполага ўтрымліваюць вялікую колькасць фактычнага матэрыялу па чацвярцёвай геалогіі еўрапейскай часткі СССР.  Цікавыя яны яшчэ і тым, што вытрымкі з лістоў Г.І.Гарэцкага да П.І.Дарафееева за 1972–1985 гг. былі апублікаваныя ў 1990 г. [9]. Супастаўленне дакументаў архіва з гэтай публікацыяй дае магчымасць часткова ўзнавіць двухбаковую перапіску двух вялікіх вучоных за азначаны перыяд. (Рыс.2.)

Перапіска Г.І.Гарэцкага ўражвае не толькі шырынёй ахопу навуковых праблем, закранутых у ёй, а і сваёй геаграфіяй. У эпісталярнай частцы архіва адклаліся лісты прадстаўнікоў геалагічнай навукі ледзь не ўсіх рэспублік СССР, а таксама некаторых замежных вучоных.

Вельмі шырока прадстаўлена ў архіве перапіска украінскіх геолагаў з Г.І.Гарэцкім. З Украінай быў звязаны шэраг навуковых прац беларускага вучонага (у першую чаргу грунтоўная манаграфія “Аллювиальная летопись Великого Пра-Днепра” (1970). Г.І.Гарэцкі неаднаразова ўдзельнічаў у сумесных даследаваннях на тэрыторыі абедзьвюх суседніх рэспублік, рабіў даклады на навуковых канферэнцыях па чацвярцёвай геалогіі і геамарфалогіі на Украіне. Вялікую цікавасць праяўляў Г. І.Гарэцкі і да геолага-разведачных і інжынерна-геалагічных работ на тэрыторыі Украіны. Такія шчыльныя кантакты з украінскімі калегамі узбагацілі фонд “Гаўрыла Гарэцкі” лістамі А.Я.Бабінца, К.І.Геранчука, П.Ф.Гожыка, Л.М.Дарафеева, М.М.Жукава, Р.І.Маляўкі, А.М.Марыніча, Б.Г.Яськова і інш.

Сярод карэспандэнтаў Г.І.Гарэцкага, якія жылі і працавалі на тэрыторыі РСФСР, таксама можна вылучыць групы паводле геаграфічнага прынцыпу. Гэтыя групы, вядома, сфармаваліся не выпадкова, а былі абумоўлены тымі ці іншымі дачыненнямі, якія фондаўтваральнік меў да пэўнай тэрыторыі. Так, Г.І.Гарэцкі, з’яўляючыся фактычна пачынальнікам чацвярцёвай геалогіі і палеаграфіі Карэліі і Кольскага паўвострава, кантактаваў праз перапіску з даследчыкам гэтых тэрыторый: Г.С.Біскэ, Р.І.Горлавай, Э.І.Дзевятавай.

Працы Г.І.Гарэцкага, прысвечаныя геалагічнаму вывучэнню ракі Волгі і Ніжняга Паволжа, паспрыялі таму, што ён набыў калег па перапісцы з ліку вучоных-геолагаў гэтага рэгіёну (А.В.Вастракоў, С.А.Жуцееў і інш).

Трывалымі і рэгулярнымі былі таксама эпісталярныя кантакты з Г.І.Гарэцкім смаленскіх (У.Б.Казлоў, І.С.Салаў), пермскіх (Б.М.Асавецкі,    Б.С.Лунёў), растоўскіх (У.А.Вронскі, І.П.Шамрай) калег.

Пасля таго, як у 1969 г. Г.І.Гарэцкі ўзначаліў аддзел (пазней – лабараторыя) геалогіі і палеапатамалогіі антрапагену Інстытута геахіміі і геафізікі АН БССР і да канца сваіх дзён звязаў свой лёс з Беларуссю, у ліку яго карэспандэнтаў пастаянна прысутнічаюць беларускія вучоныя-геолагі. Сярод іх – многія супрацоўнікі названай лабараторыі. І хаця далёка не заўсёды перапіска гэтай групы карэспандэнтаў з Г.І.Гарэцкім багатая  на цікавыя звесткі, аднак ёсць і выключэнні (у прыватнасці, даволі змястоўныя лісты Л.М.Вазнячука і Ф.Ю.Велічкевіча). (Рыс.3.)

Сярод лістоў, што дасылалі Г.І.Гарэцкаму калегі-геолагі з іншых навуковых устаноў Беларусі, бадай, найбольшую цікавасць уяўляюць лісты Б.М.Гурскага, у многіх з якіх аўтар дзеліцца з Г.І.Гарэцкім вынікамі геалагічных даследаванняў, звязаных з буйнымі рэкамі Беларусі – Дняпром і Сожам.

Да беларускага перыяду біяграфіі фондаўтваральніка адносяцца і перапіска з ім буйных айчынных вучоных, не звязаных непасрэдна з геалагічнай навукай: акадэмікаў АН Беларусі К.К. Буслава, Ф.П. Вінакурава, М.А. Дарожкіна, І.І. Ліштвана, членаў-карэспандэнтаў Ю.А. Альдэкопа, М.М. Ганчарыка і інш. Перапіска з Г.І. Гарэцкім гэтай групы карэспандэнтаў уключае ў сябе вялікую колькасць віншавальных паштовак з нагоды розных адметных падзей у жыцці фондаўтваральніка. Не выклікаючы асаблівай цікавасці з пункту гледжання зместу, яны, тым не менш, валодаюць пэўнай каштоўнасцю,  паколькі з’яўляюцца дакументальным сведчаннем павагі пералічаных асоб да Г.І. Гарэцкага як да вучонага і чалавека.

Значна меншую, ў параўнанні з лістамі вучоных, групу дакументаў эпісталярнага характару з архіва Г.І. Гарэцкага можна кваліфікаваць як сяброўскую перапіску. Сюды адносяцца ў першую чаргу лісты да вучонага яго сяброў часоў навучання ў Горацкім каморніцка-агранамічным вучылішчы (1914–1919), Пятроўскай (Ціміразеўскай) сельскагаспадарчай акадэміі ў Маскве (1920–1924) і працы ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі сельскай гаспадаркі ў Горках (1925–1927). Але і сярод іх найбольшую цікавасць выклікае перапіска з асобамі, якія пакінулі свой след у навуцы: доктарам геолага-мінералагічных навук Д.І.Пагуляевым, вучонымі ў галіне глебазнаўства П.П.Рагавым (акадэмік АН Беларусі) і І.І.Плюсніным, акадэмікам Усесаюзнай акадэміі сельскагаспадарчых навук С.Г.Каляснёвым, а таксама аграномам А.В.Сухім – братам выдатнага авіяканструктара.

На працягу ўсяго жыцця Г.І.Гарэцкі адчуваў велізарны інтарэс да культурнага жыцця Беларусі, меў стасункі з многімі пісьменнікамі, дзеячамі культуры і мастацтва, у тым ліку і праз перапіску, аб чым сведчаць некаторыя апублікаваныя лісты айчынных пісьменнікаў да вучонага [8]. На жаль, эпісталярый з архіва вучонага не пацвярджае сказанае ў поўнай меры. Так, сярод прадстаўнікоў творчай інтэлегенцыі Беларусі, чые лісты да фондаўтваральніка захоўваюцца ў фондзе, можна адзначыць хіба што літаратараў У.М.Дубоўку і М.Лужаніна. Асабняком у гэтым шэрагу стаіць перапіска з Г.І.Гарэцкім Якуба Коласа. Хаця арыгіналы лістоў класіка беларускай літаратуры засталіся па-за межамі архіва, аднак аб беражлівых адносінах Г.І.Гарэцкага да перапіскі з Я.Коласам сведчаць зробленыя фондаўтваральнікам у 1967 г. рукапісныя копіі двух лістоў народнага песняра, датаваныя 1947 г., у якіх Я.Колас паведамляе аб высылцы сям’і Гарэцкіх экзэмпляра паэмы «Рыбакова хата» і выказвае намер паспрыяць вяртанню беларускага геолага на радзіму. (Рыс.4). 

Нельга недаацэньваць тую ролю, якую адыгрываюць у эпісталярным раздзеле фонду “Гаўрыла Гарэцкі” лісты, адрасаваныя жонцы фондаўтваральніка Л.В.Гарэцкай і яе ўласныя лісты, перш за ўсё да мужа і родных. Яны даюць пэўнае ўяўленне аб асаблівасцях жыццёвага ўкладу сям’і Гарэцкіх, аб яе ўзаемадачыненнях з блізкімі, сябрамі, знаёмымі. Акрамя таго, пераважна праз Ларысу Восіпаўну наладжваліся эпісталярныя сувязі Гарэцкіх з жонкай і дзецьмі выдатнага дзеяча беларускага нацыянальнага адраджэння А.А.Смоліча, бібліёграфам Ю.І.Бібілай і некаторымі іншымі вядомымі асобамі.

Што датычыцца перапіскі Г.І. Гарэцкага з установамі і арганізацыямі, то асноўнымі карэспандэнтамі Г.І. Гарэцкага былі навукова-даследчыя ўстановы, згаданыя пры разглядзе матэрыялаў службовай і грамадскай дзейнасці фондаўтваральніка (гл. вышэй).

Архіўная спадчына з Г.І.Гарэцкага валодае бясспрэчнай гістарычнай і навуковай каштоўнасцю. Дакументы фонду 54 утрымліваюць нямала звестак аб жыцці і дзейнасці як самога фондаўтваральніка, так і шэрагу вучоных, дзеячаў літаратуры і мастацтва Беларусі і краін былога СССР, а таксама аб дзейнасці устаноў і арганізацый, да якіх меў дачыненне Г.І.Гарэцкі.

У адносна невялікай колькасці у архіве прадстаўлены матэрыялы выяўленчага, калекцыйнага, маёмасна-гаспадарчага характару.

Дакументы фонду “Гаўрыла Гарэцкі” можа быць карыснымі у якасці крыніцы навуковых і навукова-папулярных публікацый, прысвечаных жыццю і дзейнасці фондаўтваральніка, а таксама іншых дзеячоў беларускай і савецкай навукі (перш за ўсё геалагічнай) і інш. Яны таксама валодаюць пэўнай экспазіцыйнай каштоўнасцю і ў будучым могуць выкарыстоўвацца пры арганізацыі разнастайных тэматычных выставак.

Да сказанага варта дадаць хіба што тое, што ў недалёкай будучыні ЦНБ НАН Беларусі зможа стаць захавальнікам асабістых архіваў адразу трох выдатных прадстаўнікоў роду Гарэцкіх. Сёння існуе вусная дамоўленасць з акадэмікам АН Беларусі, доктарам геолага-мінералагічных навук, заслужаным дзеячам навукі Беларусі Радзімам Гаўрылавічам Гарэцкім аб перадачы ў бібліятэку яго асабістых дакументаў, якія, без сумнення, вартыя таго, каб стаць у адзін шэраг з дакументальнай спадчынай іншых прадстаўнікоў славутага роду.

 

 

Літаратура і крыніцы

 

1. Гарэцкі, М.І. Збор твораў у 4-х т. – Мінск: Маст. літ., 1984 – 1986. Т. 1-4.

2. Гарэцкі, М.І. Прысады жыцця: Апавяданні, аповесці. – Мінск: Маст. літ., 2003.

3. Гарэцкі, М.І. Творы: Дзве душы: Аповесць. Апавяданні. Жартаўлівы Пісарэвіч: П’есы; Літаратурная крытыка і публіцыстыка; Лісты. – Мінск: Маст.літ., 1990.

4. Гарэцкі, М.І. Творы: Апавяданні, аповесці. – Мінск: Маст.літ., 1995.

5. Гарэцкі, Р.Г. Ахвярую сваім «я»… (Максім і Гаўрыла Гарэцкія). –   Мінск : Бел. навука, 1998.

6. Голуб, Т.С. Тэксталогія твораў Максіма Гарэцкага: (Прынцыпы выдання поўнага збору твораў): Дыс. ... канд. філал. навук / Нац. акад. навук Беларусі. Ін-т літ. Імя Я. Купалы. – Мінск: б.в., 2000.

7. Дасаева, Т.М. Летапіс жыцця і творчасці Максіма Гарэцкага. – Мн: Навука і тэхніка, 1993.

8. З лістоў Янкі Брыля і Ніла Гілевіча // Акадэмік Гаўрыла Гарэцкі: Успаміны, артыкулы, дакументы: Да 100-годдзя з дня нараджэння.  – Мінск : Тэхналогія, 2000. – С.359.

9. Из писем П.И.Дорофееву // Акадэмік Гаўрыла Гарэцкі: Успаміны, артыкулы, дакументы: Да 100-годдзя з дня нараджэння.  – Мінск : Тэхналогія, 2000. – С.354 – 358.

 10. Санько, А.Ф. Геалагічны кнігазбор // Акадэмік Гаўрыла Гарэцкі: Успаміны, артыкулы, дакументы: Да 100-годдзя з дня нараджэння.  – Мінск : Тэхналогія, 2000. – С.373 – 382.

11. Свякла, В.В. Дакументы эпісталярнага характару з рукапіснага архіва Г.І. Гарэцкага ў фондзе аддзела рэдкіх кніг і рукапісаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі НАН Беларусі // Библиотеки в информационном пространстве: синтез традиций и инноваций: сб. научных статей. – Минск: Красико-принт, 2007. – С. 244 – 250.

 12. ЦНБ НАН Беларусі, аддзел рэдкіх кніг і рукапісаў, ф. 7 “Горецкий Максим Иванович”, воп. 1 – 2.

 13. ЦНБ НАН Беларусі,  аддзел рэдкіх кніг і рукапісаў, ф. 54 “Гаўрыла Гарэцкі”.

 

 

 

Г.І.Гарэцкі Ліст П.І.Дарафеева да Г.І.Гарэцкага. 2 снежня 1960 г Г.І.Гарэцкі (у цэнтры) з супрацоўнікамі лабараторыі геалогіі і палеапатамалогіі антрапагену Інстытута гехіміі і геафізікі АН Беларусі Ліст У.Дубоўкі да Г.І.Гарэцкага. 8 жніўня 1973 г.

Г.І.Гарэцкі

 

Ліст П.І.Дарафеева да Г.І.Гарэцкага.

2 снежня 1960 г.

Г.І.Гарэцкі (у цэнтры)

з супрацоўнікамі лабараторыі геалогіі і палеапатамалогіі антрапагену Інстытута гехіміі і геафізікі АН Беларусі

Ліст У.Дубоўкі да Г.І.Гарэцкага. 8 жніўня 1973 г.

 

 

 


 

Наверх

Назад

На главную

 


© Свякла В.В., 2008

 

 

 

Hosted by uCoz