Суша К.В.,

 ведущий библиограф научно-исследовательского отдела книговедения

Национальной библиотеки Беларуси

 

Спадчына Адама Міцкевіча-літаратуразнаўца і публіцыста ў фондах Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

 

У 2008 г. спаўняецца 210 гадоў з дня нараджэння нашага славутага земляка, выдатнага паэта, літаратуразнаўца, дзеяча нацыянальна-вызваленчага руху Адама Міцкевіча (1798–1855). У Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі (НББ) захоўваецца каля чатырох соцень асобнікаў выданняў яго твораў, з якіх найбольшую цікавасць уяўляюць прыжыццёвыя выданні. Большасць апошніх прадстаўляе паэтычную спадчыну знакамітага суайчынніка, аднак ёсць і шэраг выданняў твораў грамадска-палітычнай тэматыкі і літаратуразнаўчых прац А. Міцкевіча, у якіх ён паўстае перад намі як навуковец і публіцыст, актыўны грамадскі дзеяч, стваральнік арыгінальнай аўтарскай канцэпцыі развіцця славянскай літаратуры (і культуры наогул), адзін з пачынальнікаў параўнальнага літаратуразнаўства.

Вялікай папулярнасцю карысталася выданне курса лекцый па славянскай літаратуры, прачытанага Адамам Міцкевічам у Французскім каледжы ў 1840–1844 гг. Лекцыі Міцкевіча выдаваліся амаль паралельна з выкладаннем і вельмі хутка перакладаліся і распаўсюджваліся ў краінах Еўропы. Апублікаваныя тэксты не рыхтаваліся Міцкевічам адмыслова, а былі складзены паводле нататак яго слухачоў, зробленых непасрэдна падчас прамовы. У НББ зберагаюцца 4 камплекты выданняў з гэтага цыкла:

1. Курс славянскай літаратуры першага года навучання (1840–1841), прачытаны ў Французскім каледжы Адамам Міцкевічам (Парыж, 1843)[1] і Курс славянскай літаратуры другога года навучання (1841–1842), прачытаны ў Французскім каледжы Адамам Міцкевічам (Парыж, 1842)[2]. Выданні падрыхтаваны рэдакцыяй польскай эмігранцкай газеты Dziennik Narodowy (Нацыянальны дзённік), пераклад з французскай мовы на польскую зрабіў гісторык і публіцыст, удзельнік паўстання 1830–1831 гг., першы рэдактар Нацыянальнага дзённіка Фелікс Вратноўскі [1]. Курс славянскай літаратуры другога года навучання…, што зберагаецца ў НББ, паходзіць з кнігазбору К.Я. Грота; аб запатрабаванасці кнігі сведчаць шматлікія маргіналіі на палях.

2. Лекцыі па славянскай літаратуры і норавах, прачытаныя ў Французскім каледжы ў 1840–1842 гг. Адамам Міцкевічам (Лейпцыг–Парыж, 1843) у двух тамах на нямецкай мове ў перакладзе Зігфрыда Тавяньчыка і Казіміра Кунашоўскага [2]. Т. 1[3], мяркуючы па пячатцы і надпісу на тытульным лісце, знаходзіўся ў кнігазборы Імператарскага ліцэя Цэсарэвіча Мікалая (таксама вядомага як Каткоўскі ліцэй), які існаваў у Маскве ў 1868–1918 гг. [3]. Тытульны ліст кнігі змяшчае таксама пячатку “Библиотека Румянцевского Музея”, якая сведчыць аб тым, што пэўны час, магчыма, пасля расфарміравання бібліятэкі Імператарскага ліцэя Цэсарэвіча Мікалая ў сувязі з ліквідацыяй навучальнай установы ў 1918 г. выданне знаходзілася ў фондах Румянцаўскага музея (цяпер Расійская дзяржаўная бібліятэка) у Маскве. У фонды НББ яно было перададзена пасля Вялікай Айчыннай вайны.

Т. 2[4] у розныя часы належаў: 1) Нямецкаму сацыял-дэмакратычнаму клубу чытання ў Парыжы (Deutscher Socialdemokratischer Leseclub, Paris), аб чым сведчыць экслібрыс, а таксама пячатка, адбітая на форзацы, тытульным лісце, с. 15, 85, 147, 213, 267, 365, 434, 435; 2) Міжнароднаму інстытуту сацыяльнай гісторыі ў Амстэрдаме (Int. Instituut Soc. Geschiedenis Amsterdam) – адпаведны штамп пастаўлены на авантытуле кнігі. На ім таксама маюцца неразборлівыя ўладальніцкія надпісы алоўкам і карычневым чарнілам.

3. Дапоўненае перавыданне Лекцый па славянскай літаратуры і норавах… на нямецкай мове ў чатырох тамах[5], выпушчанае ў Лейпцыгу ў 1849 г. друкам Бракгауза і Авенарыуса.

4. Афіцыйная царква і месіянства: курс славянскай літаратуры ў Французскім каледжы, надрукаваны паводле стэнаграфічных занатовак у двух тамах на французскай мове, апублікаваны ў Парыжы ў 1845 г.[6]

Курс славянскай літаратуры Адама Міцкевіча ацэньваўся вельмі супярэчліва. Лекцыі Міцкевіча характарызаваліся гістарычнай, літаратурнай, мовазнаўчай, філасофскай і археалагічнай шырынёй, кампаратыўнасцю і аналітычнасцю, яркай палітычнай афарбоўкай, суб’ектыўнымі адзнакамі, нечаканым падыходам да разглядаемых з’яў [4]. У якасці заслуг Міцкевіча-лектара даследчыкі адзначаюць шырокую навуковую інфармаванасць, эрудзіраванасць у сферы грамадскай і літаратурнай гісторыі, псіхалогіі і філасофіі, знаёмства з найноўшымі працамі вядучых навукоўцаў-гуманітарыяў свайго часу. Агульнапрызнаны ўклад Міцкевіча ў параўнальнае літаратуразнаўства. У той жа час лекцыі Міцкевіча крытыкуюць за ўласцівую ім вялікую палітычнасць, месіянізм, нацыяналізм.

Прадстаўляе таксама цікавасць чатырохтомнік Творы Адама Міцкевіча ў двух кнігах, выдадзены ў Парыжы ў 1844 г.[7] Ён змяшчае паэмы Пан Тадэвуш, Дзяды, Конрад Валенрод, Гражына, цыклы Балады і рамансы, Санеты, Крымскія санеты, падборку вершаў, пераклады з Байрана, Шэкспіра, Шылера, Гётэ, Петраркі, Дантэ, Лафантэна, Пушкіна і інш., літаратуразнаўчыя артыкулы і артыкулы палітычнай тэматыкі. Некалькі твораў Міцкевіча ўпершыню апублікаваны менавіта ў гэтым выданні. Сярод літаратуразнаўчых артыкулаў адзначым наступныя:

-                   Аб рамантычнай паэзіі: упершыню надрукаваны ў якасці прадмовы да першага выдання зборніка паэзіі А. Міцкевіча (Вільня, 1822) і ўяўляе сабой экскурс у гісторыю рамантычнай паэзіі, пачынаючы з антычнасці і заканчваючы XIX ст., з характарыстыкай умоў яе ўзнікнення, асноўных прынцыпаў, істотных рыс і прыкмет;

-                   Пра варшаўскіх крытыкаў і рэцэнзентаў: упершыню надрукаваны ў якасці прадмовы да пецярбургскага выдання зборніка паэзіі А. Міцкевіча (1829 г.); у артыкуле паэт з пазіцый рамантызму выступіў супраць тагачаснай польскай літаратурнай крытыкі, якая прадстаўляла эстэтычную сістэму класіцызму;

-                   аўтарская прадмова да перакладу паэтычнай аповесці Дж. Г. Байрана Гяур, у якой А. Міцкевіч выказвае свой погляд на значэнне творчасці Байрана для літаратуры XIX ст.

У зборнік уключаны шэраг артыкулаў грамадска-палітычнай тэматыкі:

-                    Кнігі польскага народа і польскага пілігрымства – мастацка-публіцыстычны твор, напісаны рытмізаванай прозай у біблейскім стылі, у якім Міцкевіч выкладае дактрыну “польскага месіянства”, асаблівага гістарычнага прызначэння польскага народа-пакутніка, “Хрыста народаў”, закліканага абвясціць свету ідэю свабоды і вызваліць чалавецтва;

-                   цыкл Палітычныя артыкулы, які складаецца з 13 невялікіх артыкулаў патрыятычнага характару, перадрукаваных з польскай эмігранцкай газеты Польскі пілігрым: нацыянальны палітычны і літаратурны дзённік, якія выйшлі ў 1833 г.

У НББ гэта прыгожа апраўленае ў скураны пераплёт з цісненнем на вечках і карэньчыку, з залачоным абрэзам выданне трапіла ў 1925 г. у складзе калекцыі гісторыка, славіста Канстанціна Якаўлевіча Грота (штамп “К. Грот” на форзацах тт. 1–2, 3–4). Першы том упрыгожаны гравіраваным партрэтам Адама Міцкевіча ў профіль, выкананым польскім гравёрам Антоніем Аляшчынскім у 1833 г. паводле медаля, зробленага ў Веймары ў 1829 г. французскім скульптарам і медальерам П’ерам Жанам Давідам д’Анжэ [5].

Яшчэ пры жыцці А. Міцкевіча яго творы перакладаліся і выдаваліся на многіх еўрапейскіх мовах. З ліку такіх выданняў у бібліятэцы захоўваюцца 2 экзэмпляры зборніка твораў А. Міцкевіча на французскай мове ў перакладзе Крыстыяна Астроўскага: Творы Адама Міцкевіча, прафесара славянскай літаратуры ў Французскім каледжы (Парыж, 1841)[8]. Акрамя паэтычных твораў выданне змяшчае артыкул Кнігі польскага народа і польскага пілігрымства. Кніга ўпрыгожана вышэйапісаным гравіраваным партрэтам Міцкевіча работы Аляшчынскага; экзэмпляр 096/11944 з кнігазбору К.Я. Грота.

Прыжыццёвыя выданні твораў Адама Міцкевіча – плады плённай творчай працы славутага паэта і сведкі яго трагічнага лёсу – старанна зберагаюцца ў НББ і складаюць каштоўную частку фонду навукова-даследчага аддзела кнігазнаўства.

 

Літаратура

 

1Szełągowska, K. Wrotnowski Feliks / Krystyna Szełągowska // Słownik historyków polskich. Warszawa, 1994. S. 565–566.

2. Estreicher, K. Bibliografia polska XIX stulecia. Cz. 1, Stolecie 19 / K. Estrei­cher. – Kraków: Akademia Umiejętności, 1872–1882. – T. 3: Ł–Q. – 1876. – S. 117.

3. Калишевский, М. Катковский лицей – центр образовательного классицизма / Михаил Калишевский // Обучение и карьера [Электронный ресурс]. – 15.05.2006. – Режим доступа: http://www.dmjob.ru/book/articles/13546/print.aspx. – Дата доступа: 15.02.2008.

4. Карагьозов, П. Лекции Адама Мицкевича в Коллеж де Франс / П. Карагьозов // Адам Міцкевіч і нацыянальныя культуры: матэрыялы Міжнароднай навуковай канферэнцыі (Мінск, 7–11 верасня 1998 г.). – Мінск, 1998. – С. 229–250.

5. Подробный словарь русских граверов, XVI–XIX вв.: в 2 т. / составил Д.А. Ровинский. Москва: Центрполиграф, 2004. – Т. 2: К–О. Стб. 718.

 


 


[1] MickiewiczA. Kurs pierwszoletni (1840–1841) literatury sławiańskiéj, wykładanéj w Kollegium Francuzkiém / przez Adama Mickiewicza; wydany przez Redakcyą Dziennika Narodowego. Paryż: w drukarni Bourgogue i Martinet, 1843. XVI, 389, [3] s. Шыфр НББ: 096/11936.

[2] MickiewiczA. Kurs drugoletni (1841–1842) literatury sławiańskiéj, wykładanéj w Kollegium Francuzkiém / przez Adama Mickiewicza; wydany przez Redakcyą Dziennika Narodowego. Paryż: w Druk. Bourgogue i Martinet, 1842. XII, 276 s. Шыфр НББ: 096/15566.

[3] MickiewiczA. Vorlesungen über slawische Literatur und Zustände, gehalten in Collége de France in den Jahren von 1840–1842 / von Adam Mickiewicz. Leipzig; Paris: Brockhaus und Avenarius, 1843. T. 1. XXX, 651, [1] s. Шыфр НББ: 096/13414.

[4] MickiewiczA. Vorlesungen über slawische Literatur und Zustände, gehalten in Collége de France in den Jahren von 1840–1842 / von Adam Mickiewicz. Leipzig; Paris: Brockhaus und Avenarius, 1843. T. 2. XIV, 447, [2] s. Шыфр НББ: И73953.

[5] MickiewiczA. Vorlesungen über slawische Literatur und Zustände: in 4 Bd. / von Adam Mickiewicz. Leipzig: Brockhaus und Avenarius, 1849. 4 Bd. Шыфры НББ: 096/11938, 096/11941, 096/11940, 096/11939.

[6] Mickiewicz, A. L’église officielle et le messianisme: cours de littérature slave du Collége de France (1842–1844), publié d’aprés les notes sténographiées: en 2 t. / par Adam Mickiewicz. Paris: Au comptour des impbimeurs-uni, 1845. 2 t. Шыфры НББ: 13Рк29738, 13Рк29407, 13Рк29385.

[7] Mickiewicz, A. Pisma: w 4 t. / Adama Mickiewicza. Paryż: w drukarni Bourgogue i Martinet, 1844. 4 t. Шыфры НББ: 096/11925, 096/11926.

[8] MickiewiczA. Oeuvres / de Adam Mickiewicz; traduction nouvelle par Christien Ostrowski. Paris: H.‑L. Delloye, 1841. T. 1: Les Aeux; Grajina; Konrad Wallenrod; Livres des pelerins. XXII, 551, [1] s., [1] k. tabl. Шыфры НББ: 096/11930, 096/11944.

 

 

 

 


 

Наверх

Назад

На главную

 


©Суша К.В., 2008

Hosted by uCoz