Суша А.А.,

 ведущий библиограф научно-исследовательского отдела книговедения

Национальной библиотеки Беларуси

 

Адлюстраванне культурнай спадчыны хрысціянскіх канфесій у Беларусі ў працах расійскіх падарожнікаў канца XVIII – пачатку XIX ст.

 

 

На працягу апошніх дзесяцігоддзяў XVIII ст. Расійская імперыя даволі істотна павялічыла свае тэрытарыяльныя ўладанні за кошт Правабярэжнай Украіны, земляў між Бугам і Днястром, Крыма, Паўночнага Каўказа, земляў вакол Азоўскага мора. У азначаны перыяд Расія змагла больш блізка пазнаёміцца і са сваім заходнім суседам – Беларуссю, яе грамадскім жыццём і культурай. Прычынай для гэтага паслужыла ўключэнне беларускіх земляў у склад Расійскай імперыі. Так, пасля працяглай падрыхтоўкі і абмеркавання ў 1763–1772 гг. кіраўніцтвам Расіі, Прусіі і Аўстрыі было прынята рашэнне пра частковы падзел Рэчы Паспалітай. Войскі названых краін акупіравалі прылеглыя тэрыторыі яшчэ да падпісання канвенцыі. Да Расійскай імперыі адышлі паўночныя і ўсходнія землі Беларусі. Праз два дзесяцігоддзі ў выніку другога і трэцяга падзелаў Рэчы Паспалітай (1793 і 1795 гг.) рэшта беларускіх земляў апынулася ў складзе Расійскай імперыі. Далучаныя да імперыі тэрыторыі патрабавалі падрабязнага вывучэння. У адпаведнасці з распаўсюджанай практыкай у новадалучаныя землі накіроўваліся навуковыя экспедыцыі, мэтай якіх было падрабязнае вывучэнне краю.

Найбольшую цікавасць для навуковага вывучэння мела еўрапейская частка Расіі, дзе ў найбольшай ступені была развіта сельская гаспадарка і прамысловасць [8, с. 233]. Аднак, як ні дзіўна, беларускія землі вельмі рэдка станавіліся аб’ектам вывучэння расійскіх даследчыкаў. Спецыяльныя экспедыцыі, якія накіроўваліся ў розныя рэгіёны імперыі, звычайна абміналі Беларусь. Аналіз навуковых экспедыцый, накіраваных Імператарскай Акадэміяй навук, паказвае, што пераважная іх большасць накіроўвалася ў абыход Беларусі: у Прыбалтыку, Украіну, Крым, Каўказ, на поўнач, па ўласна расійскіх тэрыторыях [8, с. 236–237].

І ўсё ж Беларусь не засталася ў баку ад падарожжаў расійскіх грамадзян. Гісторыя захавала для нас некаторыя апісанні падарожжаў па беларускіх землях, здзейсненых у канцы XVIII – пачатку ХІХ ст. расійскімі даследчыкамі, высокапастаўленымі асобамі і вайскоўцамі.

У хуткім часе пасля далучэння ўсходнебеларускіх земляў да Расійскай імперыі Кацярына ІІ прызнала неабходным правесці навуковае вывучэнне гэтых тэрыторый. 20 лютага 1773 г. яна засведчыла свой намер спецыяльным указам Сенату [19, с. 546]. Аднак яшчэ да падпісання названага ўказа ў Імператарскай Акадэміі навук было вядома пра намер Кацярыны ІІ паслаць спецыяльную экспедыцыю ў Вялікія Лукі і далучаныя беларускія землі. Таму Акадэмічная камісія на паседжанні 18 лютага 1773 г. прыняла рашэнне аб накіраванні туды дзвюх навуковых экспедыцый: “адну астранамічную пад кіраўніцтвам секунд-маёра і ад’юнкта Ісленьева, а другую фізічную – для даследавання па тых мясцінах натуральных рэчаў пад кіраваннем акадэміка Ляпёхіна” [9, с. 43; 19, с. 546]. Нам не вядома пра лёс экспедыцыі І.І. Ісленьева. Магчыма, яна не адбылася наогул. Прынамсі, апісання гэтага падарожжа нам знайсці не давялося. Вядома толькі, што ў 1774 г. І.І. Ісленьеў памёр. Для нашага даследавання непасрэдную цікавасць уяўляе другая экспедыцыя, здзейсненая на працягу 1773 г. пад кіраўніцтвам І.І. Ляпёхіна. Пасля хуткай падрыхтоўкі экспедыцыя рушыла ў падарожжа, якое праходзіла праз Пскоў, Тарапец, Вялікія Лукі, Смаленск, Мсціслаў, Магілёў, Шклоў, Оршу, Віцебск, Полацк, Краславу, Дзвінск, уздоўж берагоў Заходняй Дзвіны, Сожа і Дняпра. У час экспедыцыі І.І. Ляпёхіным і яго спадарожнікамі быў сабраны каштоўны матэрыял пра прыродныя багацці краю, карысныя выкапні, прамысловасць і сельскую гаспадарку, матэрыялы па этнаграфіі і інш. Вядома, што І.І. Ляпёхін рабіў нататкі ў час сваіх падарожжаў, на аснове якіх двойчы былі выдадзены “Дневные записки путешествия доктора и Академии наук адъюнкта Ивана Лепехина по разным провинциям Российского государства…” – у 1771–1805 гг. (у 4 т.) і 1795–1814 гг. (у 3 т.), а таксама “Полное собрание ученых путешествий по России…” – у 1821–1822 гг. (Т. 3–5). На вялікі жаль, занятасць І.І. Ляпёхіна іншымі справамі перашкодзіла падрыхтаваць да друку апісанне падарожжа па Беларусі. Таму звесткі пра гэту экспедыцыю засталіся толькі ў падрабязных данясеннях І.І. Ляпёхіна ў Акадэмію навук, якія былі выяўлены толькі ў 1933 г. [9, с. 46; 19, с. 551].

Тым не менш, можна меркаваць, што менавіта падарожныя нататкі І.І. Ляпёхіна сталі асновай для аднаго з першых расійскіх апісанняў беларускіх земляў – кнігі “Топографические примечания на знатнейшие места путешествия Ее Императорского Величества в Белорусские Наместничества. 1780”. Як сведчаць дакументы архіва канферэнцыі Імператарскай Акадэміі навук, складаннем дадзенай работы займаліся вядомыя навукоўцы Расіі XVIII ст. – І. І. Ляпёхін, П. С. Палас, В. Л. Крафт, Ё. А. Гільдэнштэдт, П. Б. Інаходцаў, Г. Л. Х. Бакмейсцер (ці Ё. Ф. Бакмейсцер), В. Ф. Зуеў. У распараджэнні дырэктара Акадэміі навук С. Г. Дамашнева ад 4 мая 1780 г. значыцца наступнае: “Трудившимся в сочинении Описания путешествия Ее Императорского Величества в Белорусские наместничества господам академикам и прочим выдать оной книжки, тако ж и путевой карты, из книжной лавки от комиссара Зборомирского по нижеследующему, а именно: г. академику Лепехину четыре описания с виньетами и шесть без виньетов с двумя экземплярами карты, а г. г. академикам Палласу, Крафту, Гильденштедту, профессору Иноходцеву, асессору Бакмейстеру, також и адъюнкту Зуеву – по одному экземпляру описания с виньетками и картою” [17, с. 60]. У адпаведнасці з колькасцю атрыманых экземпляраў мы сёння мажам меркаваць пра ўлад кожнага са складальнікаў у справу падрыхтоўкі выдання. У прыватнасці, верагодна, што менавіта Іван Іванавіч Ляпёхін, які атрымаў найбольшую колькасць выданняў, прыняў самы актыўны ўдзел у падрыхтоўцы выдання і з’яўляўся яго рэдактарам.

Гэта выданне было спецыяльна падрыхтавана для падарожжа Кацярыны ІІ па Полаччыне і Магілёўшчыне, дзе планавалася яе сустрэча з аўстрыйскім імператарам Іосіфам ІІ. Створаную працу можна назваць даведнікам (“путеводителем”) па беларускіх губернях. У “Топографических примечаниях”, верагодна, упершыню была падрабязна апісана гісторыя і тагачасны стан усходнебеларускіх земляў, пасля іх далучэння да Расійскай імперыі ў 1772 г.

Яшчэ два вартых ўвагі падарожжы адбыліся ў пачатку ХІХ ст. Яны былі здзейснены акадэмікам Імператарскай Акадэміі навук і стацкім саветнікам В.М. Севяргіным. У 1802 г. ён быў накіраваны па распараджэнні імператара Аляксандра І у Шамятычы на Падляшшы, каб перавезці ў Маскоўскі універсітэт “натуральны кабінет”, які захаваўся пасля смерці княгіні Ганны Ябланоўскай. Нататкі, зробленыя В.М. Севяргіным у час падарожжа, праз год былі апублікаваны Імператарскай Акадэміяй навук пад назвай “Записки путешествия по западным провинциям Российского государства…” [15]. У 1803 г. па прапанове прэзідэнта Акадэміі навук і адначасова папячыцеля Пецярбургскай навучальнай акругі М.М. Навасільцава В.М. Севяргін быў камандзіраваны ў 1801 г. у Пскоўскую і Наўгародскую губерні для агляду школ акругі. Пры гэтым ён атрымаў дазвол адначасова займацца самастойнымі навуковымі доследамі. Такое ж даручэнне Севяргін атрымаў ад папячыцеля Віленскай навучальнай акругі А. Чартарыйскага па школах Магілёўскай і Віцебскай губерняў. У выніку гэтай паездкі В.М. Севяргін, выканаўшы ўсе пастаўленыя перад ім педагагічныя задачы, сабраў вельмі каштоўны матэрыял, апублікаваны ў 1804 г. пад назвай “Продолжение записок путешествия…” [16].

Назапашаны ў выніку навуковых экспедыцый па розных краях Расіі матэрыял стаў асновай [8, с. 234] для складання зводных апісанняў Расійскай імперыі, у т.л. беларускіх земляў. Сярод апошніх варта звярнуць увагу на работы Х. Чабатарова [23] і С. Пляшчэева [14].

Як вядома, у падарожжах па Беларусі ўдзельнічалі не толькі даследчыкі, якія мелі мэту падрабязнага вывучэння краю, але і розныя высокапастаўленыя асобы і нават кіраўнікі дзяржавы. Успаміны пра іх падарожжы таксама ўяўляюць непасрэдную цікавасць. Напрыклад, падчас ужо згаданага падарожжа Кацярыны ІІ па беларускіх намесніцтвах у 1780 г. спецыяльна прызначаныя для гэтага асобы рабілі справаздачнае апісанне ўсіх падзей, што адбываліся з імператрыцай. Гэтыя справаздачныя запісы склалі аснову для “Дневной записки путешествия Её Императорского Величества через Псков и Полоцк в Могилев, а оттуда обратно через Смоленск и Новгород”, якая была апублікавана ў першым томе “Зборніка Рускага гістарычнага таварыства” ў 1867 г. [5].

Самі высокапастаўленыя асобы ў час падарожжаў вялі актыўную прыватную і дзелавую перапіску, у якой нярэдка згадваліся помнікі беларускай культуры. Напрыклад, нам добра вядома перапіска Кацярыны ІІ падчас падарожжа 1780 г. [12]. У 1781 г. амаль тым жа маршрутам праз Пскоў, Полацк і Магілёў прайшло падарожжа сына Кацярыны ІІ Паўла Пятровіча з жонкай. Іх перапіска з Кацярынай ІІ таксама ўяўляе пэўную цікавасць для дадзенага даследавання [13].

Асобную групу дакументаў складаюць успаміны ўдзельнікаў ваенных паходаў па Беларусі. Як вядома, у канцы XVIII ст. праз Беларусь не раз праходзіла руская армія. Многія ўдзельнікі тых падзей (і, у першую чаргу, военачальнікі) пакінулі пасля сябе цікавыя ўспаміны і шматлікую карэспандэнцыю. Напрыклад, знакаміты расійскі ваенны дзеяч А.В. Сувораў, які ўдзельнічаў у ваенных кампаніях супраць войскаў і паўстанцаў у Рэчы Паспалітай у 1769–1772 і 1794–1797 гг. пакінуў пасля сябе багатую перапіску і ўспаміны, у якія нярэдка тычацца Беларусі [11; 18]. Успаміны ўдзельнікаў вайны 1812 г. таксама ўтрымліваюць звесткі пра лёс культурнай спадчыны хрысціянскіх цэркваў. У першую чаргу, гэтыя згадкі былі звязаны з асуджэннем рабаўніцтва французскімі войскамі культурных каштоўнасцей з цэркваў і манастыроў [1, с. 142, 143], пераабсталявання саміх царкоўных пабудоў пад шпіталі, арсеналы і інш. [22, с. 97–98].

Некаторыя военачальнікі, якія ў пазнейшым занялі адміністрацыйныя пасады ў беларускіх губернях, спрыялі збору матэрыялаў для апісання новадалучанага да Расіі краю. Напрыклад, вядома, што М. В. Кахоўскі, які ўдзельнічаў у заняцці ўсходнебеларускіх зямель рускімі войскамі ў 1771 г., “экзекуцыях” магнацкіх маёнткаў, а ў 1772 г. быў прызначаны імператрыцай на пасаду магілёўскага губернатара [4, с. 565–566], актыўна дапамагаў у зборы матэрыялаў для “Топографических примечаний”. У гэтай кнізе адзначана: “Подробное описание Могилевского наместничества большей частью почерпнуто из известий, сообщенных господином генерал-поручиком и Кавалером Михаилом Васильевичем Каховским” [20, с. 77].

Вельмі важна зразумець спецыфічную рысу апісанняў Беларусі таго часу, якая заключаецца ў невысокім узроўні цікавасці да культурнай спадчыны. Асноўная ўвага расійскіх навуковых экспедыцый надавалася вывучэнню глебы, расліннага і жывёльнага свету, астранамічным назіранням і інш. Прыродазнаўчая частка ў агульным аб’еме апісанняў падарожжаў была, звычайна, значна большай, аб’ектыўнай і навуковай. Менавіта “фізічнае” апісанне Расійскай імперыі складала адну з асноўных мэт дзейнасці Імператарскай акадэміі навук. Гэта сітуацыя тлумачыцца характэрным для эпохі Асветніцтва інтарэсам да прыроднага свету, геаграфічных адкрыццяў. Вялікае значэнне атрымала правядзенне геалагічных даследаванняў з мэтай пошуку карысных выкапняў і каштоўных матэрыялаў. Культурная спадчына не магла зацікавіць даследчыкаў у такой ступені.

Пра характар вывучэння краю сведчыць сфера прафесійных інтарэсаў згаданых расійскіх падарожнікаў. І.І. Ляпёхін, які кіраваў падарожжам па Беларусі ў 1773 г., з’яўляўся ардынарным акадэмікам па класу батанікі Пецярбургскай Акадэміі навук, доктарам медыцыны, у далейшым – наглядчыкам батанічнага сада [7, с. 8–9]. У час іншых сваіх падарожжаў ён займаўся менавіта фізічным апісаннем новых тэрыторый.

У складанні “Топографических примечаний” разам з І.І. Ляпёхіным таксама ўдзельнічалі іншыя даследчыкі, але ніхто з іх не меў гуманітарнай адукацыі і не займаўся вывучэннем культурных помнікаў. П.С. Палас быў доктарам медыцыны і прафесарам натуральнай гісторыі. Ён атрымаў цудоўную адукацыю па прыродазнаўству і медыцыне ў еўрапейскіх навучальных установах. Творы П.С. Паласа былі прысвечаны ўсходнім народам, крымскім землям, расійскай флоры, утварэнню гор і інш. В.Л. Крафт стаў прафесарам вопытнай фізікі, прымаў удзел у навуковых экспедыцыях па астраноміі, стаяў ля пачаткаў рускай статыстыкі. Ё.А. Гільдэнштэдт праславіўся ў галіне медыцыны і прыродазнаўства. У час падарожжаў ён займаўся, апрача іншага, этнаграфічнымі назіраннямі, вывучэннем гісторыі розных народаў, іх моў. П.Б. Інаходцаў быў вядомым расійскім астраномам і метэаролагам. Г.Л.Х. Бакмейсцер быў першым рускім бібліёграфам, аўтарам кароткага падручніка па геаграфіі, разам з П.С. Паласам складаў слоўнік розных моў і гаворак. В.Ф. Зуеў стаў у далейшым вядомым рускім падарожнікам і заолагам [6; 7].

В.М. Севяргін, які падрыхтаваў адно з найбольш цікавых і падрабязных апісанняў падарожжаў па беларускіх землях, быў вядомым спецыялістам ў галіне мінералогіі і хіміі. Нават яго работа атрымала назву “Записки путешествия по западным провинциям Российского государства, или Минералогические, хозяйственные и другие примечания…”. Адпаведна і асноўная ўвага В.М. Севяргіна была звернута на апісанне глебы, мінералаў, рэльефу, рэк, азёр, расліннасці, жывёльнага свету, сельскай гаспадаркі і інш. Тым не менш, менавіта ім было падрыхтавана адно з найбольш падрабязных апісанняў Беларусі, у тым ліку яе культурнай спадчыны. Аднак адсутнасць гуманітарнай (найперш, гістарычнай) адукацыі ў В.М. Севяргіна прывяла да з’яўлення ў яго работах значнай колькасці памылак. Напрыклад, ён не змог распазнаць у праваслаўных жыхарах былой Рэчы Паспалітай, якіх мясцовыя жыхары называлі схізматыкамі (у Севяргіна – “шисматики”), праваслаўных [15, с. 92–93]. З іншага боку, адсутнасць спецыяльнай падрыхтоўкі дазволіла яго апісанням набыць больш аб’ектыўны характар, не будучы абцяжаранымі ідэалагічнымі штампамі. Так, ён адзначаў вялікую ступені блізкасці культурных традыцый праваслаўных і уніятаў у Беларусі, шырокую распаўсюджанасць апошніх у былым Вялікім княстве Літоўскім і нязначнасць праваслаўнага элемента [15, с. 92–94].

Вайскоўцаў, якія пакінулі свае ўспаміны аб Беларусі, культурная спадчына хрысціянскіх канфесій у гэтым рэгіёне таксама не вельмі цікавіла. Пэўную зацікаўленасць яны праяўлялі да архітэктурных помнікаў, якія маглі быць выкарыстаны для вайсковых патрэб. Напрыклад, перапіска А.В. Суворава захавала звесткі пра Крупчыцкі манастыр кармелітаў (сёння вёска Чыжэўшчына Жабінкаўскага р‑на Брэсцкай вобл.), які быў часткова разбураны ў выніку сутычкі з паўстанцамі Касцюшкі ў 1794 г. [18, с. 322].

Найчасцей у апісаннях падарожжаў па Беларусі тыя ці іншыя культурныя помнікі толькі згадваюцца і не атрымліваюць вартага ўвагі сучасных даследчыкаў апісання. Напрыклад, нават у такой сістэмнай па сваім характары рабоце, як “Топографические примечания” толькі адзначаецца наяўнасць культавых пабудоў у тых ці іншых населеных пунктах. Толькі асобныя, найбольш значныя, населеныя пункты (як Полацк і Магілёў) заслужылі больш пільную ўвагу складальнікаў гэтага выдання.

Нават больш падрабязныя апісанні падарожжаў, у якіх матэрыял падаецца ў свабоднай форме аповеду, прысвячалі большую ўвагу асобным, найбольш цікавым помнікам і толькі агульна апісвалі падобныя між сабою адзінкі. Напрыклад, В.М. Севяргін адзначае: “Жадино (Жодзіна пад Мінскам – А.С.) есть изрядное сельцо с деревянною униатскою церковью. Я должен приметить здесь, что и по сей также дороге во всех селах и малых городах были многие униаты и униатские церкви” [15, с. 129]. Наогул жа у В.М. Севяргіна архітэктурныя помнікі звычайна згадваюцца між іншага, як дадатковая заўвага да агульнага апісання, прысвечанага вывучэнню глебы і расліннасці: “Между Долостьем и Клястицами почва песчаная и лес сосновый. Между Клястицами, где униатская церковь, и Сивошином примечаются либо песчаные холмы, либо низменные болотистые места и между ними инде обработанные поля, инде луга, инде смешанный сосновый лес. Я переехал потом речку Дриссу близ самого Сивошина, где униатская церковь. Между Сивошином и Гамзелевом встречающиеся предметы идут в следующем порядке: лес сосновый, песчаные холмы, мелкие рощи, поля, глинистая почва и местами озерки. По сей дороге находится также и то место, которое называется Белою Корчмою: в нем находится одна униатская церковь” [16, с. 83–84].

Часам з апісанняў падарожжаў можна дазнацца пра колькасць цэркваў і манастыроў у той ці іншай губерні (гэта тычыцца, найперш, праваслаўных культавых устаноў). Напрыклад, “Дневная записка путешествия Ее Императорского Величества…” засведчыла раздачу фінансавых сродкаў у Полацкай губерні: “на тамошний (Полацкі – А.С.) Богоявленский благочестивый (праваслаўны – А.С.) монастырь пятьсот рублей; …монахиням, называемым сестрами милосердия, двести рублей; двум православным монастырям каждому по двести рублей; на двадцать три благочестивые церкви в губернии – на каждую по сто рублей, а на все церкви – две тысячи триста рублей” [5, с. 402].

На прыкладзе старажытнага беларускага горада Полацка можна прасачыць розніцу паміж апісаннямі асобных аўтараў. Работы, якія мелі важныя ідэалагічныя задачы і прызначаліся для высокапастаўленых асоб, адлюстроўвалі афіцыйную пазіцыю расійскай дзяржавы. Напрыклад, “Топографические примечания”, прызначаныя для Кацырыны ІІ даюць наступнае апісанне гісторыі горада: “Сей есть древнейший город во всей Белоруссии, и с самых старинных времен был известен под именем Пелтискум. Великий Владимир наследовал Полоцким княжением по супруге своей Рогнеде, дочери варяжского князя Рогиволда, который умер бездетен. При разделе государства детям своим  дал сие княжество сыну своему Изяславу, рожденному от Рогнеды; от сего произошли полоцкие князья, владевшие через 200 лет всею Литвою, Лифляндиею, Курляндиею до реки Мемеля. Но и после того город сей пребыл литовскою столицею до построения Гедимином города Вильны; и российские государи титло Полоцкого княжества употребляли до времен государя императора Петра Великого” [20, с. 47–48]. Далей змешчана гісторыя горада Полацка ад часоў Ягайлы да XVIII ст. Як бачна, у “Топографических примечаниях” прыведзена даволі падрабязнае апісанне населеных пунктаў, хаця некаторыя гістарычныя рэаліі свядома ці несвядома былі зменены. Так, мы не можам сказаць ці аўтары не ведалі пра сыноў Рагвалода, ці яны свядома замоўчвалі факт іх забойства Уладзімірам (прызнанага святым). Гэтаксама мы не мажам сцвярджаць, ці аўтары сапраўды лічылі першай сталіцай Вялікага княства Літоўскага не Наваградак, а Полацк, ці свядома сказілі інфармацыю, каб паказаць даўнасць кіравання Літвою рускага горада Полацка – “сего древнего российских государей наследия” [20, с. 50], а цяпер губернскага цэнтра Расійскай імперыі.

Іншага роду звесткі прапаноўвалі апісанні падарожжаў па Беларусі афіцыйных і высокапастаўленых асоб. Такога роду дакументы ўяўляюць сабой звычайную фіксацыю падзей, якія адбываліся з удзелам гэтых асоб. Тыя ці іншыя культурныя помнікі траплялі ў поле зроку апісальніка толькі тады, калі яны былі звязаны з праграмай падарожжа. Напрыклад, у “Дневной записке путешествия Ее Императорского Величества…” так апісана наведванне Кацярынай ІІ Полацка: “Как скоро усмотрено из города шествие ее императорского величества, то началась с городских стен пушечная пальба и в городе при всех церквах колокольный звон… Пред монастырями [стояло] католическое и униатское духовенство в облачении со крестами. Ее императорское величество, шествуя через площадь к собору, встречена близ оного здешним архипастырем, святейшего правительствующего Синода членом, преосвященным архиепископом псковским и рижским Иннокентием, и, вышед из кареты, изволила пешествовать в собор, а оттуда, по отслушанию обычного церковного пения, во дворец. Во все сие время продолжался колокольный звон, пушечная пальба и играние музыки на башнях” [5, с. 399]. Так і пры ад’ездзе з Полацка “производился при всех церквах колокольный звон и играние музыки при монастырях на башнях” [5, с. 403]. У час начнога святкавання з нагоды прыезду Кацярыны ІІ у Полацк “весь город иллюминован был, между прочим же особливо отличались иезуитский и базилианский монастыри” [5, с. 400]. Тут ужо, як бачна, апісанне населеных пунктаў не мела таго сістэмнага характару, не давала поўнага і ўсебаковага асвятлення. Не фіксаваліся ў ім гістарычныя даныя, аднак рэальна ўбачанае фіксавалася досыць падрабязна.

Найбольш цікавымі падаюцца апісанні падарожжаў расійскіх вучоных па Беларусі. З аднаго боку, яны, звычайна, пазбаўлены ідэалагічных абмежаванняў і ўяўляюць сабою непасрэднае апісанне ўбачанага. З іншага боку, расійскія навукоўцы імкнуліся надаць сваім апісанням, па магчымасці, найбольш сістэмны характар, разгледзець розныя бакі жыцця ў рэгіёне, не абмінаючы ўвагай і культурнае жыццё. Напрыклад, В.М. Севяргін такім чынам апісвае архітэктурныя помнікі Полацка: “Лучшие каменные здания находятся при въезде в город, на квадратной площади, где и огромный иезуитский монастырь. Кроме сей площади есть еще другая, окруженная торговыми лавками. Церквей грекороссийских две; одна при Богоявленском каменном монастыре, а в доме сего монастыря находится малое народное училище, в коем было 56 учеников; другая деревянная во имя Покрова. Монастырей базилианских два, один каменный мужской с соборною церковью во имя Святой Софии, построенный около 1220 года; другой женский деревянный. Католические монастыри суть: 1) вышеупомянутый иезуитский, построенный в 1582 году, при коем находится училище, имевшее тогда 273 ученика; 2) доминиканский и 3) францисканский” [16, с. 86–87].

У штодзённых запісах і ўспамінах расійскіх ваенных вельмі складана знайсці інфармацыю пра культурную спадчыну Беларусі. Напрыклад, падрабязныя дзённікавыя запісы А.І. Антаноўскага [22, с. 1–207], які ў 1812 г. прымаў непасрэдны ўдзел у ваенных дзеяннях на Полаччыне, некалькі разоў штурмаваў сам Полацк і бываў у ім, не захавалі амаль ніякіх звестак пра культурную спадчыну старажытнага беларускага горада.

Часам удзельнікі падарожжаў прымалі непасрэдны ўдзел у мерапрыемствах, у апісаннях якіх знаходзяцца звесткі пра асобныя помнікі і культурнае жыццё Беларусі. Напрыклад, У 1780 г. у гонар сустрэчы Кацярыны ІІ з аўстрыйскім імператарам Іосіфам ІІ у Магілёве былі закладзены падмуркі сабора Святога Іосіфа, які пасля завяршэння будаўніцтва стаў кампазіцыйнай дамінантай Саборнай плошчы горада. Сама Кацярына ІІ так ахарактарызавала гэтыя падзеі ў лісце з Магілёва 30 мая 1780 г.: “Сегодня после обеда я отъезжаю в Шклов с графом Фалькенштейном (Іосіфам ІІ – А.С.); но до отъезда мы заложим вместе каменную церковь, на которой будет надпись в память нашего свидания, явления действительно редкого” [12, с. 57]. Як ужо згадвалася, у “Дневной записке путешествия Её Императорского Величества” таксама апісаны ўрачыстыя мерапрыемствы з нагоды наведвання Кацярынай ІІ розных населеных пунктаў Беларусі, якія часам суправаджаліся святочным царкоўным звонам і начной ілюмінацыяй храмаў і манастыроў.

Трэба адзначыць, што культурная спадчыны розных хрысціянскіх канфесій атрымала адлюстраванне ў апісаннях падарожжаў расіян па Беларусі ў даволі ўраўнаважанай ступені, без залішняга пераносу акцэнту на праваслаўныя помнікі і ігнаравання каталіцкіх і уніяцкіх, як гэта было ў пазнейшыя часы. Падарожнікі апісвалі рэальна ўбачаныя помнікі, не шукаючы пацверджання даўнасці і значнасці рускага элемента ў культуры новадалучаных беларускіх земляў. Падарожнікі маглі сабе дазволіць напісаць “Католические монастыри составляют и здесь главные строения” [15, с. 99], “Новогрудок есть изрядный городок, лежащий на горе, в коем находятся католические монастыри доминикан и базилиан” [15, с. 118].

Пэўную цікавасць уяўляюць матэрыялы пра лёс культурнай спадчыны ў час ваенных дзеянняў. Як вядома, у час шматлікіх войнаў, якія не абыходзілі міма нашу краіну, загінула, было пашкоджана або вывезена нямала культурных помнікаў. Успаміны ўдзельнікаў гэтых ваенных падзей часам могуць прадаставіць дадатковыя звесткі пра лёс культурнай спадчыны. Напрыклад, як ўжо згадвалася, перапіска А.В. Суворава захавала звесткі пра Крупчыцкі манастыр кармелітаў, які быў часткова разбураны ў выніку сутычкі з паўстанцамі Касцюшкі ў 1794 г. [18, с. 322]. Ва ўспамінах удзельнікаў вайны 1812 г. знайшлі месца згадкі пра нарабаваныя французскім войскам каштоўнасці з хрысціянскіх храмаў на захопленых тэрыторыях Расійскай імперыі. Так, па сведчанні відавочцаў, пасля трагічнай для французаў пераправы праз Беразіну пад Барысавам “казаки вышли на добычу, пробивали проруби и крючками начали вытаскивать утонувших, в ранцах и карманах коих находили разные золотые и серебряные вещи, святотатственною рукою награбленные в храмах Божьих. Тут были оклады с икон, церковные сосуды, подсвечники, ризы и пр.” [1, с. 142]. Іншыя аўтары апісвалі пашыраную ў французаў практыку пераабсталёўваць царкоўныя пабудовы пад вайсковыя патрэбы: “У французов принято правилом церкви и костелы занимать под магазины, лазареты, арсеналы, а нередко обращали и в конюшни эти здания. Католики готовы сделать всякое поругание православным храмам; лютеране ни церквей, ни костелов не щадили, они оказывали и к тем и к другим пренебрежение” [22, с. 98]. Пра адзін з такіх выпадкаў, калі французы скарысталі касцёл у Смаляках (Віцебшчына) пад шпіталь, у якім пакінулі сваіх параненых на апеку рускай арміі, распавядае ў сваіх дзённікавых запісах А.І. Антаноўскі [22, с. 97]. З іншага боку, той жа А.І. Антаноўскі адзначае, што і рускай арміі даводзілася спальваць вёскі, якія ў час ваенных дзеянняў маглі б аказаць нязручнасці на полі бою [22, с. 31]. Безумоўна, разам з вёскамі гінулі і многія культурныя помнікі.

Калі архітэктурная спадчына па прычыне сваёй даступнасці і прыкметнасці даволі часта трапляла ў поле зроку расійскіх падарожнікаў, то рухомыя матэрыяльныя помнікі зацікавілі толькі нешматлікіх аўтараў. Як адзін з нешматлікіх прыкладаў можна прывесці кароткае апісанне В.М. Севяргіным кнігазбораў Віленскага універсітэта – аднаго з самых старых кніжных збораў Усходняй Еўропы [15, с. 51–52].

Найбольш падрабязныя апісанні падарожжаў захавалі таксама звесткі пра рэлігійныя традыцыі беларускага насельніцтва, абрады, спецыфіку богаслужэння і інш. Напрыклад, В.М. Севяргін апісаў пабачаныя ім цырымоніі пакланення Вастрабрамскаму абразу Божай Маці ў Вільні, шырокага святкавання дня Святога Казіміра (патрона Вялікага княства Літоўскага) і інш. [15, с. 61]. Ён апісаў нават асаблівасці культурнай практыкі і царкоўнай арганізацыі розных хрысціянскіх утварэнняў у Беларусі: “Известно, что шисматики (схізматыкамі ў Рэчы Паспалітай называлі праваслаўных, ад слова “схізма” – падзел – А.С.) отличаются от униатов тем, что сии последние повинуются Папе, а первые Патриарху Цареградскому. Одеяние шисматиков подобно одеянию грекороссийских монашествующих особ. Также расположение церкви и обряды при богослужении во всем почти подобны российским. Находясь в прусской части Польши, и не умея, впрочем, ни слова по-российски, совершают они богослужение по российским церковным книгам. Обыкновенное греко-россиян приветствие в праздник Христова Воскресения: Христос Воскресе и ответ на сие: Во истину Воскресе, также у них в употреблении. О сем обстоятельстве упоминаю я потому, что слышал сие от них сам, находясь здесь в самую неделю Святой Пасхи. Говоря о шисматиках нельзя не упомянуть мне также об униатах. Исповедание и особливо богослужение униатов во всем сходно с богослужением шисматиков. Как в прусской, так и в российской части Польши называют они себя россиянами. Церкви их суть обыкновенно бедные деревянные, а священники отличаются от шисматиков тем, что не имеют монашеского их одеяния. При сем приметить должно, что бедный простой народ большею частью униаты, а богатые и дворяне суть чистые католики. Униаты называются также базилианами. Нет почти села как в прусской, так и в российской Польше, где бы не было униатской церкви” [15, с. 92–94].

Вывучэнне культурнай спадчыны далучаных да Расіі беларускіх зямель павінна было быць выкарыстана для вырашэння першачарговай задачы – абгрунтавання спрадвечнай звязанасці гэтага краю з Расіяй, яго этнічнай і канфесійнай ідэнтычнасці з расійскімі рэгіёнамі. Менавіта культурная спадчына магла больш поўна прадставіць “рускія” карані беларускага народу і яго культуры. Яшчэ напярэдадні першага падзелу Рэчы Паспалітай Кацярына ІІ у дэкларацыі да караля С.А. Панятоўскага і яго падданых адзначала, што тры дзяржавы (Расія, Прусія і Аўстрыя) заяўляюць “свае старажытныя правы і законныя прэтэнзіі на ўладанні рэспублікі, прычым кожная дзяржава гатова падтрымаць свае патрабаванні дакументамі і трывалымі довадамі” [21, с. 482–483]. Апраўдваючы падзелы Рэчы Паспалітай, Кацярына ІІ спасылалася на прыгнёт, які цярпелі ў польскай рэспубліцы “земли и грады, к Российской империи прилеглые, некогда ее сущим достоянием бывшие и единоплеменниками населенные, созданные и православною христианскою верою просвещенные и по сие время оную исповедующие[3, с. 12].

Таму адпраўляючы ў 1773 г. першую навуковую экспедыцыю ў новадалучаныя беларускія землі камісія Імператарскай Акадэміі навук апрача традыцыйнай інструкцыі па збору звестак і матэрыялаў рэкамендавала звярнуць увагу на старажытныя рукапісы і выданні, якія захоўваюцца ў манастырскіх, гарадскіх і прыватных бібліятэках і паклапаціцца пра выраб копій найбольш цікавых дакументаў, якія адносяцца да славянскай і рускай гісторыі [9, с. 43]. Падобна, што іншая дакументальная спадчына Беларусі не вельмі моцна цікавіла Акадэмію.

У гістарычных апісаннях беларускіх земляў апавядаецца пра іх паступовы захоп маскоўскімі царамі і расійскімі імператарамі, а таксама іх пазнейшае адміністрацыйна-тэрытарыяльнае пераразмеркаванне, змены ў кіраванні і прававым рэгуляванні. Пры гэтым усімі сродкамі падкрэслівалася плённая роля ўмяшання Расіі ў справы гэтага рэгіёну, правядзення рэформ, уніфікацыі на расійскі ўзор. Напрыклад, у “Топографических примечаниях” складальнікі зрабілі вартую ўвагі пазнаку: “… описанная нами наружность мест всех городов сделана по тому состоянию, в каком они находились до новых учреждений. Из них многие уже щедростью ее императорского величества возобновлены, распространены, украшены и предуспевают в изобилии, счастье, силе и славе” [20, с. 127].

Тым не менш, зусім іншае ўражанне было ў падарожнікаў пры непасрэдным наведванні беларускіх губерняў. Сама Кацярына ІІ адзначала ў лісце да сына Паўла: “…тут насельніцтва самае разнароднае, скрозь разам жывуць праваслаўныя, католікі, уніяты, яўрэі, рускія, палякі, чухонцы, немцы, курляндцы, словам, не пабачыш двух сялян, якія апрануты правільна і размаўляць адной гаворкай; сумесь плямёнаў і гаворак” [2, с. 291].

Нават у зацверджанай кіраўніцтвам Імператарскай Акадэміі навук праграме тапаграфічнага і фізічнага апісання Расійскай імперыі была зафіксавана этнічная адрознасць далучаных да Расіі беларускіх губерняў. У адпаведнасці з гэтай праграмай гістарычнае вывучэнне імперыі павінна было адбывацца асобна для розных народаў імперыі – славянскіх, германскіх, латышскіх, фінскіх, татарскіх і інш. Сярод славянскіх выдзелены дзве групы: “1. Россияне во всем государстве. 2. Поляки в Полоцкой и Могилевской губерниях” [10, с. 13 (2‑я паг.)].

У “Обозрении Российской империи в нынешнем ее новоустроенном состоянии…” С. Пляшчэева (СПб., 1787) даецца кароткае апісанне Полацкага, Магілёўскага, Смаленскага, Пскоўскага і іншых намесніцтваў і іх асноўных населеных пунктаў. Гэта апісанне таксама можа зацікавіць сучаснага чытача. Пра Полацкае намесніцтва, у прыватнасці, сказана наступнае: “Лежит в средней полосе и вместе с Могилевским нам. составляет Бело-Руссию, и управляется одним генерал-губернатором… Наместничество сие, составляющее часть Бело-Руссии, прежде сего к России принадлежащее, присоединено от Польши паки к России по заключенному трактату в 1772 году. Жители оного суть Поляки и Литва, римско-католического закона, из которых малое число греческого исповедания, прочие униаты: здесь есть также и жиды” [14, с. 72–73]. Падобнае паўторана і ў дачыненні да Магілёўскага намесніцтва [14, с. 75–76]. Відавочнае адрозненне пазіцыі С. Пляшчэева ад афіцыйнай, выражанай у “Топографических примечаниях”. Сімвалічны візіт Кацярыны ІІ у Беларусь меў на мэце паказаць спрадвечную і непарыўную сувязь мясцовага народу і яго культуры з Расіяй. У выданні С. Пляшчэева была выражана неафіцыйная думка пра беларусаў, заснаваная на назіраннях прадстаўнікоў рускай культуры. Яна зафіксавала погляд на беларускі народ як на адрозны ад рускага (і этнічна, і канфесійна).

Цікавасць уяўляе найменне беларускіх земляў і тутэйшага народу ў апісаннях расійскіх падарожжаў. У сваіх успамінах пра ваенныя паходы А.В. Сувораў нязменна называе Беларусь Літвою, а беларускія гарады ад Оршы да Брэста і Бялай на Падляшшы – літоўскімі [11, с. 6–11 (3-я паг.)]. В.М. Севяргін называў Беларусь Польшчай, якая падзялялася на Расійскую і Прускую часткі (у апошнюю ўваходзіла Падляшша), а жыхароў беларускіх гарадоў (Гродна, Наваградак, Мінск, Бобр, Орша і інш.), мястэчак і вёсак – палякамі (калі не ўлічваць “жыдоў”) [15; 16]. Расіяне ж, паводле В.М. Севяргіна, пражывалі ў Смаленскай губерні і на ўсход ад яе [15, с. 143].

Паказальнай з’яўляецца размова пераселеных у Беларусь (на Віцебшчыну) сялян з Яраслаўскай губерні з расійскім афіцэрамі, якія часова апынуліся на беларускай зямлі ў час вайны 1812 г. і занатавалі свае ўспаміны, у т.л. і названую размову: “Да каково то вам здесь поживать?” – “Правду сказать не худо; барин для нас хорош, всем довольны по милости Господней, но что-то не привыкнем к здешним обычаям, и все не то, что на Матушке на Руси”. – “Да разве вы не считаете здесь Россию?” – “Э! милостивый государь, какая Россия здесь! Креститься не умеют и молитвы читают иные, похоже так, как и мы, а другие, Бог весть, по-каковски, вовсе их не поймем, да и говорят не по-русски” (Здесь жители различных вероисповеданий – католики и униаты. Первых русские не понимают вовсе, а вторые тоже в выговоре разнствуют с природными россиянами). “Поэтому, любезный, не надо отвергать, что они не принадлежат России, когда граница наша начинается от реки Немана”. – “Да оно правда так, однако, все они не русские”. Подумал я, что их не переуверишь в этом, оставил разговор, а казначей велел подавать ужин” [22, с. 22]. Такім чынам, пераканаць рускіх сялян, якія ўжо пэўны час пражылі поруч з беларусамі, у рускасці апошніх афіцэр не здолеў. Больш таго, ён сам схіліўся да думкі суразмоўцаў: “После сего я и казначей между себя рассудили за ужином об этом случае. Спросили ли нас до здешнего места в какой-нибудь деревне с такою заботливостью, с таким соболезнованием, о нашествии неприятельском? Ни одного слова никто не промолвил нам о бедствиях, постигших наше любезное отечество; следовательно, крестьяне правы, что здешний край и люди не русские” [22, с. 22–23].

Такім чынам, апісанні падарожжаў расійскіх вучоных, высокапастаўленых асоб і военачальнікаў канца XVIII – пачатку ХІХ ст. могуць служыць важнай крыніцай для вывучэння грамадскага жыцця Беларусі, культурных помнікаў і традыцый. Тым больш, што многае з апісанага імі сёння ўжо не існуе. Напрыклад, звернемся да апісання Полацка ў “Топографических описаниях”: “Укрепления полоцкие ничего почти не значат: с приезду в оный от С. Петербурга находится земляной замок, который, для (из-за – А. С.) крутого берега реки Полоты с северной стороны под ним текущей и Двинского берега, крепкое имеет положение, но он оставлен был без надлежащего призрения. Сие укрепление сделано было Стефаном Баторием; вал, окружающий весь город, также весьма унизился. И так знаменитейшее здание в сем городе составляет иезуитский монастырь, основанный часто упоминаемым королем Стефаном; он как наружной огромностью, так и внутренним украшением все иезуитские коллегии в Белоруссии превосходит; к нему принадлежит пространное каменное строение, где иезуитское заведено училище. Кроме сего есть в нем монастырь доминиканский деревянный, францисканский каменный и базилианский каменный же, построенный в кремле, коего основатель был полоцкий князь Борис, как выше сказано. В том же замке деревянный монастырь униатских монахинь, да греческий деревянный монастырь в нижнем городе и три униатские церкви. Прочее строение в городе простое деревянное состоящее из 250 домов мещанских, и 100 домов жидовских. Ныне же казенным иждивением город сей украшается и каменные порядочно расположенные застраиваются дома. Главу униатского духовенства составляет тут епископ, пребывание свое верстах в 5-ти от города вверх по реке Двине имеющий; купечества в городе 42 человека, мещан 395 и 478 жидов” [20, с. 50–52]. На вялікі жаль, няма ўжо слядоў замкавых умацаванняў, у свой час былі знішчаны каталіцкія манастыры з прыгожымі касцёламі, на цэглу разабраны манастыр базыльян (манахаў-уніятаў), не існуюць згаданыя уніяцкія жаночы манастыр і тры царквы ў горадзе, няма і сядзібы уніяцкіх епіскапаў у Струні пад Полацкам, амаль не захавалася ў горадзе той значнай яўрэйскай праслойкі, што была ў канцы XVIII ст.… З тых часоў засталася толькі Сафія, што адзінока стаіць над Дзвіною, і мураваныя невялікія будынкі, што толькі пачыналі будавацца ў час напісання “Топографических примечаний” (“каменные порядочно расположенные застраиваются дома”), а таксама шматразова перабудаваная пазней Богаяўленская царква з манастыром (“греческий деревянный монастырь”).

 

ЛІТАРАТУРА

 

1.      1812 год в воспоминаниях современников: сб. / Рос. акад. наук, Ин‑т рос. истории; [редкол.: А. Г. Тартаковский (отв. ред. и авт. вступ. ст.) и др.]. – М.: Наука, 1995. – 204 с.

2.      Арлоў, У. А. Таямніцы полацкай гісторыі / У. Арлоў. – Мінск: Беларусь, 1994. – 464 с.

3.      Біч, М. В. Гісторыя Беларусі: канец XVIII ст. – 1917 г.: вучэб. дапам. для вучняў 8‑га класа / М. В. Біч. – Мінск: Нар. асвета, 1993. – 336 с.

4.      Гейсман, П. А. Каховский / П. А. Гейсман // Русский биографический словарь: в 25 т. / под наблюдением А. А. Половцова. – СПб., 1897. – [Т. 8:] Ибак – Ключарев. – С. 565–573.

5.      Дневная записка путешествия Её Императорского Величества через Псков и Полоцк в Могилев, а оттуда обратно через Смоленск и Новгород // Сб. Рус. ист. о-ва. – СПб., 1867. – Т. 1. – С. 384–420.

6.      Евгений [Болховитинов]. Словарь русских светских писателей, соотечественников и чужестранцев, писавших в России: в 2 т. / соч. митрополита Евгения; изд. Москвитянина. – М.: В Университетской тип., 1845. – Т. 1. – IV, 20, 328 с.

7.      Евгений [Болховитинов]. Словарь русских светских писателей, соотечественников и чужестранцев, писавших в России: в 2 т. / соч. митрополита Евгения; изд. Москвитянина. – М.: В Университетской тип., 1845. – Т. 2. – 290, XVI с.

8.      Лебедев, Д. М. Русские географические открытия и исследования: с древних времен до 1917 года / Д. М. Лебедев, В. А. Есаков. – М.: Мысль, 1971. – 516 с.

9.      Лукина, Т. А. Иван Иванович Лепехин / Т. А. Лукина; Акад. наук СССР. – М.–Л.: Наука, 1965. – 208 с.

10.  Начертание общаго топографическаго и физическаго описания Российской империи, предпринятаго Императорскою Санктпетербургскою Академиею наук / предуведомление С. Домашнева. – СПб.: при Императорской Академии Наук, 1778. – 8, 52 с.

11.  Письма и бумаги Суворова из «Суворовского Сборника» Императорской Публичной Библиотеки / изд. В. Алексеев. – СПб.: тип. А.А. Пороховщикова, 1901. – IV, XXIV, 40, XX с.

12.  Письма Императрицы Екатерины ІІ Великому Князю Павлу Петровичу и Великой Княгине Марии Федоровне во время путешествия 1780 г. // Сб. Рус. ист. о-ва. – СПб., 1872. – Т. 9. – С. 39–63.

13.  Письма Императрицы Екатерины ІІ Великому Князю Павлу Петровичу и Великой Княгине Марии Федоровне во время путешествия их Императорских Высочеств в 1781 и 1782 годах // Сб. Рус. ист. о-ва. – СПб., 1872. – Т. 9. – С. 64–194.

14.  Плещеев, С. Обозрение Российския Империи в нынешнем ея новоустроенном состоянии / учиненное флота Капитаном, Ордена Святаго Георгия Кавалером Сергеем Плещеевым. – СПб.: Печатано в Типографии у Шнора, 1787. – 223 с.

15.  Севергин, В. М. Записки путешествия по западным провинциям Российского государства, или Минералогические, хозяйственные и другие примечания / учиненные… В. Севергиным. – СПб.: при Имп. Акад. наук, 1803. – [6], 224 с.

16.  Севергин, В. М. Продолжение записок путешествия по западным провинциям Российскаго государства / учиненные… В. Севергиным. – СПб.: При Имп. акад. наук, 1804. – [3], 168 с.

17.  Семенников, В. П. Материалы для истории русской литературы и для словаря писателей эпохи Екатерины ІІ: на основании документов архива конференции Императорской Академии наук / В. П. Семенников. – СПб., 1914. – 141 с.

18.  Суворов, А. В. Письма / Акад. наук. СССР; изд. подготовил В. С. Лопатин. – М.: Наука, 1986. – 808 с. – (Литературные памятники).

19.  Таранович, В. П. Экспедиция академика И. И. Лепехина в Белоруссию и Лифляндию в 1773 г. / В. П. Таранович // Труды Ин‑та истории науки и техники АН СССР. Серия 1: Архив истории науки и техники / под ред. Н. И. Бухарина (гл. ред.) [и др.]. – М.–Л., 1935. – Вып. 5. – С. 545–568.

20.  Топографическия примечании на знатнейшия места путешествия Ея Императорскаго Величества в Белорусския Наместничества. 1780. – [СПб.]: при С. П. Б. Импер. Акад. Наук, [1780]. – 133 с.

21.  Філатава, А. Першы падзел Рэчы Паспалітай / А. Філатава // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: у 6 т. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) [і інш.]. – Т. 5. – С. 482–483.

22.  Харкевич, В. И. 1812 год в дневниках, записках и воспоминаниях современников: материалы военно-учен. архива Гл. Штаба / В. Харкевич; изд. при содействии Штаба Вилен. воен. округа. – Вильна: Тип. Штаба Вилен. воен. округа, 1904. – Вып. 3: Корпус Витгенштейна. – [4], 217 с.

23.  Чеботарев, Х. А. Географическое методическое описание Российской империи, с надлежащим введением к основательному познанию земнаго шара и Европы вообще, для наставления обучающагося при Императорском Московском университете юношества / из лучших новейших и достоверных писателей собранное трудами университетскаго питомца Харитона Чеботарева. – М.: Университетская тип., 1776. – 540 с.

 

 

 


 

Наверх

Назад

На главную

 


© Суша А.А., 2008

 

 

Hosted by uCoz