Прыхач С.В.,

м.н.с. аддзела  рэдкіх кніг і рукапісаў

ЦНБ НАН Беларусі

 

 

 

РУКАПІСНЫ АРХІЎ А.С. ВЯЛЮГІНА Ў ФОНДАХ ЦНБ НАН БЕЛАРУСІ

 

 

 

Вялюгін А.С. (1923 – 1994)

Вялюгін А.С.
(1923 – 1994)

У гэтым годзе спаўняецца 85 гадоў з дня нараджэння вядомага беларускага паэта, кінадраматурга, перакладчыка Анатоля Сцяпанавіча Вялюгіна.

Нарадзіўся ён 27 снежня 1923 года ў вёсцы Машканы Віцебскай вобласці ў сям’і фельчара. Анатоль Вялюгін у сваёй біяграфіі вызначыў асноўныя вехі жыцця так: “прэміяльная пуцёўка вучня-выдатніка ў Кіеў, Усебеларускі з’езд дзяткораў, Віцебскі рабфак, літфак Мінскага педінстытута, сцэнарны факультэт Інстытута кінематаграфіі ў Маскве, дзе ўладаром дум быў вялікі паэт кіно Даўжэнка” [6, с.119 – 125].       

Анатоль Сцяпанавіч Вялюгін – удзельнік Вялікай Айчыннай вайны. У 1942 г. быў прызваны ў Чырвоную Армію, удзельнічаў у баях на Сталінградскім фронце, быў паранены. Пра той час радкі:

Не помню, як мяне на самалёце

вязлі ў шпіталь, далёка за Урал,

дзе на імшарах шэрых журавіны

цвітуць і спеюць позна, як і ў нас.

Я толькі ўбачыў стол аперацыйнай,

у вокнах – чарнапалую тайгу.

Спакой навокал... Гэтак бела-бела,

Нібы калыша воблака мяне...

Пасля вайны Анатоль Вялюгін адразу вярнуўся ў Мінск, з 1945 па 1946 гг. супрацоўнічаў у рэдакцыі газеты “Літаратура і мастацтва”. З 1946 з невялікімі перапынкамі да 1984 працаваў рэдактарам аддзела паэзіі часопіса “Полымя”. “Анатоль Сцяпанавіч Вялюгін валодаў рэдкім сярод літаратараў дарам радавацца сябравай удачы, знаходцы, поспеху болей чым сваім. Бо паэт надзіва багаты на сяброў! Колькі заўважыў Анатоль Вялюгін, колькі падтрымаў талентаў, благаславіўшы на нялёгкую дарогу ў літаратуры. Анатоль Вялюгін помніць даты, вершы, паэмы энцыклапедычна, грунтоўна. Шчыра любіць дарыць блакноты і аўтаручкі, каб добра пісалася. І самы ўлюбёны, сталы занятак быць хросным бацькам першых зборнікаў”. [4, с.11 – 12]. Сам А.С. Вялюгін ганарыўся тым, што ў канцы многіх добрых першых кніжак за словам “рэдактар” стаяла яго прозвішча [6, с. 128].

Паэт адзначаў: “біяграфічныя звесткі аб маёй асобе трэба шукаць у маіх творах” [6, с. 130] , а іх у яго шмат.

Яшчэ падчас вучобы ў школе свае  допісы, замалёўкі, вершы ён дасылаў у газеты “Піянер Беларусі”, “Віцебскі рабочы”, часопіс “Іскры Ільіча”.

Друкавацца Анатоль Вялюгін пачаў ў 1938 годзе. Першая кніжка, “Салют у Мінску”, пабачыла свет у 1947. Ён з’яўляецца аўтарам кніг паэзіі “Негарэльская арка”, “На подступах”, “На зоры займае”, “Насцеж”, “Адрас любві” , “Вершы і балады” , “Верасовы ўзятак” і інш. Склаў зборнікі “Мы іх не забудзем” (1949), “Крывёю сэрца” (1967) і іншыя.

Анатоль Сцяпанавіч Вялюгін важнай для кожнага паэта лічыў перакладчыцкую справу. Ім на беларускую мову перакладзены паэмы М. Лермантава і Л. Украінкі, вершы А. Міцкевіча, У. Маякоўскага, Ю. Тувіма, М. Ціханава, У. Бранеўскага, А. Межырава, Я. Хелемскага і шмат каго іншых.

Увогуле, Анатолю Вялюгіну належыць пераклад і выданне на беларускай мове 30 асобных кніг паэзіі. Ён укладальнік і рэдактар “Анталогіі ўкраінскай савецкай паэзіі”. Вершы Анатоля Вялюгіна, пакладзеныя на музыку І. Лучанком, сталі шырока вядомымі песнямі “Бярозка”, “Закасі мае вёсны”, “Сын зямлі на віхурнай арбіце”.

Эпіграма, экспромт, пародыя – яшчэ адзін жанр, у якім паспяхова працаваў Анатоль Вялюгін пад псеўданімамі Яўмен Бязмен, Кузьма Гіра, Якраз Ятута. “Была ў яго заўсёды на пісьмовым стале вонкава ахайная і зручная запісная кніжка ці блакнот, запоўненая пачаткамі будучых вершаў, паэм, дасціпнымі выразамі, народнымі чатарохрадкоўямі і словамі, якіх не знойдзеш ні ў якім слоўніку” [4, с. 20 – 21].

Анатоль Сцяпанавіч Вялюгін з’яўляўся пазаштатным членам сцэнарна-рэдакцыйнай калегіі Беларускага Тэлефільма (Дзяржаўны камітэт па тэлебачанні і радыёвяшчанні пры Савеце Міністраў БССР), членам мастацкага савета творчага аб’яднання “Летапіс” на кінастудыі “Беларусьфільм”.

Як кінадраматург Анатоль Вялюгін унёс каштоўны ўклад у беларускую культуру. Па яго сцэнарыям на кінастудыях знята 45 дакументальных стужак, з іх 16 – поўнаметражныя, пастаўлены мастацкія кінафільмы: двухсерыйны “Рэха ў пушчы” (1977), “Глядзіце на траву” (1983) – паводле ваенных навел Янкі Брыля.

Анатоль Вялюгін – член Саюза пісьменнікаў Беларусі. Заслужаны дзеяч культуры Беларусі, лаўрэат Літаратурнай прэміі Янкі Купалы (за паэму “Вецер з Волгі”), Дзяржаўнай прэміі Беларусі (1968, за сцэнарый хранікальна-дакументальнага фільма “Генерал Пушча”).

Узнагароджаны ордэнамі Айчыннай вайны 2-й ступені, “Знак пашаны”, медалямі, Ганаровымі граматамі Прэзідыума Вярхоўнага Савета Украінскай ССР, Літоўскай ССР, Латвійскай ССР.

У 2002 годзе на пастаяннае захаванне ў аддзел рэдкіх кніг і рукапісаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі ім. Я. Коласа НАН Беларусі сваячкай паэта – А.А. Мядзведзь былі перададдзены дакументы з асабістага архіва Анатоля Сцяпанавіча Вялюгіна, а пазней і яго бібліятэка (каля чатырохсот выданняў). Пасля навукова-тэхнічнай апрацоўкі фонд № 55 “Анатоль Вялюгін” налічвае 254 адзінкі захавання за 1933 – 1994 гады.

Асноўную групу дакументаў рукапіснага архіва складаюць творчыя матэрыялы Анатоля Сцяпанавіча Вялюгіна. Сярод іх рукапісныя і машынапісныя экземпляры твораў паэта: выбраныя творы, зборнікі вершаў з рукапіснымі праўкамі і ўстаўкамі А. Вялюгіна, чарнавікі апавяданняў  ваенных гадоў: “Пераправа смерці”, “Тры Максімы”, “Пісьмо айчыне” і інш., эпіграмы, сцэнарыі тэлефільмаў “Бацька Нёман”, “Балада аб маці”, “Леанарда з Белай Русі” і інш, дыктарскія тэксты да іх, пераклады твораў, артыкулы, нарысы, запісныя кніжкі і інш.

Шчырая дружба Анатоля Сцяпанавіча з паэтамі, перакладчыкамі, літаратарамі розных рэспублік адлюстравана ў перапіске. Карэспандэнтамі Вялюгіна былі Д.Р. Белавус, П.М. Варанько, М.С. Гросман, М.Л. Нагнібеда, Я.А. Хелемскі і інш.

Сярод матэрыялаў паэта біяграфічнага і асабістага характару – ганаровыя граматы Вярхоўнага Савета БССР, Дзяржаўнага камітэта СМ СССР, Праўлення Саюза пісьменнікаў БССР, пастановы аб узнагароджанні, дыпломы (сярод іх – Дыплом лаўрэата Дзяржаўнай прэміі БССР, выдадзены А.С. Вялюгіну як аўтару сцэнарыя за фільм рэжысёра І.Н. Вейняровіча “Генерал Пушча”) і інш.

У групу дакументаў пра Анатоля Вялюгіна ўвайшлі рэцэнзіі розных асоб на яго творы, артыкулы аб жыцці і дзейнасці паэта.

Раздзел “Фотаздымкі і ілюстрацыйныя матэрыялы” змяшчае сямейныя фотаздымкі (маці паэта, жонкі, дачкі), фатаграфіі А. Вялюгіна ў групе з беларускімі пісьменнікамі: Я. Коласам, І. Шамякіным, Р. Барадуліным, П. Глебкам, К. Крапівой, фотаздымкі з розных з’ездаў, урачыстых пасяджэнняў і інш.

Групу матэрыялаў “Калекцыя” складаюць газетныя і часопісныя выразкі з артыкуламі па пытаннях, якія цікавілі Анатоля Сцяпанавіча, буклеты турыстычных маршрутаў і інш.

У фондзе таксама захоўваецца ганаровая грамата, выдадзеная Вайцяшэні Людміле Мікалаеўне (жонцы А.С. Вялюгіна) за шматгадовую добрасумленную працу ў галіне кнігавыдавецкай справы.

Па матэрыялам фонда Анатоля Сцяпанавіча Вялюгіна ў ЦНБ НАН Беларусі ў 2004 годзе адбылася выстаўка пад назвай “Слова, якому не сніцца запас”. Акрамя матэрыялаў рукапіснага фонда ў экспазіцыі былі прадстаўлены кнігі з асабістай бібліятэкі А.С. Вялюгіна з дарчымі надпісамі паэту беларускіх, рускіх, украінскіх пісьменнікаў, паэтаў, перакладчыкаў. Дарчыя надпісы на кнігах сведчаць пра высокую адзнаку творчай дзейнасці паэта, аб прызнанні яго таленту:

 

 

«Анатолю Вялюгіну.

Сябру, паэту, рэдактару і

Сабутыльніку па чаю і малаку.

15.09.58 Янка Брыль» [5].

 

«Пусть подхалим,бездарностью томим,

Усердствует до белого каленья,

Учитель,

перед именем твоим

Дозволь смиренно преклонить колени…

Минск, 79. Рыгор» [3].

 

“Хай крытыка гундосіць безгалова

Са звілінкай слабой у галаве

Пакуль гучыць Вялюгінскае слова,

Паэзія ўладаркаю слыве!

Майму настаўніку з падзякай! Мінск. 1.VI.83. Рыгор” [2]..

 

 

Сам Анатоль Сцяпанавіч лічыў: “Паэзія – гэта далёкія вятрыстыя шляхі, вечная шчаслівая трывога. Паэзія не любіць сытага жыцця і спакою. Яна патрабуе, каб ёй падуладны творца добра ведаў радаслоўную Яе вялікасці, інакш ён будзе адкрываць даўно адкрытыя амерыкі. А таго творцу, які хоць і верна служыў ёй, але на нейкі час са строгага паста сышоў і здрадзіў – яна карае страшнай карай забыцця” [6, с. 129130]. І ўсёж-такі “слова яго не пойдзе ў запас”.

 

Фрагмент апавядання А.С. Вялюгіна “Пісьмо айчыне”. 1942 г.
Фрагмент апавядання А.С. Вялюгіна “Пісьмо айчыне”. 1942 г.

 

Спіс літаратуры

 

1. Беларускія пісьменнікі: Бібліягр. слоўн. У 6 т. Т. 2. Верабей – Іваноў / Ін-т літ. імя Я. Купалы АН Рэспублікі Беларусь; Беларус. Энцыкл.;. Пад рэд. А.В. Мальдзіса; Рэдкал.: І.Э. Багдановіч і інш. – Мн.: БелЭН, 1993. – С.56 – 68.

2. Барадулін  Р. Вяртанне ў першы снег: Вершы і паэмы / Р. Барадулін. – Мн., 1972.

3. Барадулін Р. Озеро у горизонта: стихи. 1957 – 1976 гг. / Р. Барадулін. – Мн., 1979.

4. Барадулін Р. Партрэт у верасе пчаліным / Р. Барадулін // А.С. Вялюгін. Выбраныя творы. У 2-х т. Т. 1. – Мн.: Маст. літ., 1984. – 414 с.

5. Брыль Я. Надпіс на зрубе / Я. Брыль. – Мн., 1958.

6. Вялюгін А.В. Пад ветразем у полі (старонкі жыцця) / А.С.Вялюгін // Пяцьдзесят чатыры дарогі. – Мн.: Маст. літ., 1963.

7. ЦНБ НАН Беларусі. Ф.55. Воп.1.

 

 


 

Наверх

Назад

На главную

 


© Прыхач С.В., 2008

 

 

Hosted by uCoz