Ліс М.М.

навуковы супрацоўнік аддзела рэдкіх кніг і рукапісаў

ЦНБ НАН Беларусі

 

 

 

С.П.САХАРАЎ – ЗБІРАЛЬНІК І ПАПУЛЯРЫЗАТАР БЕЛАРУСКАГА ФАЛЬКЛОРУ Ў ЛАТВІІ

 

 

С.П. Сахараў з дудой - беларускім народным інструментам (1938 г.)

С.П. Сахараў з дудой
- беларускім народным інструментам
(1938 г.)

Імя Сяргея Пятровіча Сахарава ў свой час было шырока вядома сярод беларускага насельніцтва Латвіі, карысталася павагай і любоўю. І гэта невыпадкова, бо за якую б справу ні браўся гэты сумленны, неардынарны чалавек, яна заўсёды прыносіла свой плён.

Актыўны дзеяч культурнага нацыянальна-адраджэнскага руху, таленавіты педагог, арганізатар па прызванні, С.П.Сахараў праводзіў шматгранную, грунтоўную культурна-асветніцкую працу сярод латышскіх беларусаў, змагаўся за іх нацыянальнае самавызначэнне.

Выхаванне патрыятычных адносін да Бацькаўшчыны, гонару за свой народ, сваю гісторыю, культуру С.П.Сахараў, педагог-асветнік, кіраўнік Беларускага аддзела пры Міністэрстве асветы Латвіі, дырэктар Дзвінскай дзяржаўнай беларускай гімназіі, ажыццяўляў у розных формах.

Адным з напрамкаў гэтай дзейнасці была фальклорна-этнаграфічная збіральніцкая праца.

Першае дачыненне С.П.Сахарава да беларускага фальклору адбылося ў 1906 годзе, калі ён, малады настаўнік, надрукаваў у газеце “Витебский голос” легенду пра Люцынскі замак, запісаную са слоў свайго вучня. З 1921 года будучы фалькларыст перыядычна папаўняў свой фальклорна-этнаграфічны архіў новымі цікавымі запісамі.

Асабліва шырокі размах фальклорна-збіральніцкая дзейнасць С.П.Сахарава набыла падчас працы ў Дзвінскай дзяржаўнай беларускай гімназіі, якая пад яго кіраўніцтвам ператварылася ў актыўны культурна-грамадскі асяродак беларускай меншасці. С.П.Сахараў узвёў задачу збору беларускага фальклору і яго прапаганду ў ранг прыярытэтнай, актуальнай працы. Пры значнай падтрымцы з боку жонкі, беларускай пісьменніцы Вольгі Сахаравай, і дачкі Галіны разам з вучнямі і настаўнікамі беларускіх гімназій ён сабраў у месцах кампактнага пражывання беларусаў у Латвіі вялікую колькасць вуснапаэтычных твораў, а таксама прадметаў матэрыяльнай культуры. (Іл.1.)

Пры зборы фальклорных матэрыялаў Сахаравым былі ўлічаны патрабаванні тагачаснай фалькларыстычнай навукі. У сваёй дзейнасці збіральнікі прытрымліваліся спецыяльна распрацаваных для гэтай мэты праграм. Новым крокам у фальклорна-этнаграфічнай працы было выкарыстанне фатаграфічных сродкаў. Дзякуючы гэтаму было зроблена шмат цікавых фотаздымкаў выканаўцаў народных песень, мясцовых жыхароў, гаспадарчых прылад, пабудоў, гістарычных мясцін, краявідаў і інш. (Іл.2.)

Сабраныя этнаграфічныя матэрыялы захоўваліся ў створаным намаганнямі С.П.Сахарава гімназічным музеі.

Фальклорныя запісы змяшчаліся на старонках рукапіснага часопіса “Школьная праца”, таксама заснаванага С.П. Сахаравым на базе Дзвінскай дзяржаўнай беларускай гімназіі.

Рэдакцыйная калегія “Школьнай працы” і педагагічная рада гімназіі надавалі важнае значэнне папулярызацыі фальклорных твораў – аднаго са старажытных відаў народнай творчасці, што ўвабраў у сябе і адлюстраваў у высокамастацкіх вобразах мудрасць народа, яго перажыванні і пачуцці, яго менталітэт, тым больш, што быт і культура беларусаў Латгаліі і Ілукстэншчыны (месцы кампактнага пражывання беларускага этнасу ў Латвіі) былі амаль не даследаваны і ўяўлялі незакрануты каштоўны пласт беларускай традыцыйнай культуры. Асобныя выпускі згаданага часопіса былі цалкам прысвечаны беларускай нацыянальнай творчасці. Так, у № 12 за 1929 год былі надрукаваны 13 народных песень і 2 апавяданні. Пры публікацыі фальклорных твораў быў выкарыстаны папярэдні вопыт беларускай фалькларыстыкі ў плане класіфікацыі: народныя песні размяшчаліся ў строга вызначаным парадку, у адпаведнасці з гадавым цыклам. Публікацыя адкрывалася валачобнымі песнямі, за імі падаваліся ўласна веснавыя, якія змянялі купальскія і жніўныя песні. Да некаторых твораў надаваліся варыянты. Усе запісы былі забяспечаны навуковымі пашпартамі, дзе пазначалася імя і прозвішча інфарматара, яго ўзрост, месца і дата запісу, прозвішча збіральніка. Уласна фальклорнаму матэрыялу папярэднічалі метадычныя парады па збіранні беларускай народнай творчасці.

Фальклорныя запісы змяшчаліся і на старонках часопіса “Ластаўка” – органа Люцынскай беларускай гімназіі, у рукапісным штомесячніку Дзвінскай беларускай пачатковай школы “Пачатковец”, а таксама публікаваліся ў беларускім перыядычным друку ў Латвіі ў газетах “Голас беларуса”, “Думка беларуса”, часопісе “Беларуская школа ў Латвіі”.

Фальклорна-этнаграфічныя матэрыялы, сабраныя С.П. Сахаравым і яго памочнікамі, з’явіліся своеасаблівым падмуркам грунтоўнага фальклорнага збору латгальскіх і ілукстэнскіх беларусаў, працу над якім даследчык распачаў у 1930-я гады пасля пасля вымушанай адстаўкі.

Гэты час быў досыць плённы для С.П. Сахарава-фалькларыста. Менавіта фалькларыстычная дзейнасць зрабілася сэнсам усяго яго далейшага жыцця. У гэты перыяд Сахараў актывізаваў працу па зборы і падрыхтоўцы да выдання  фальклору латышскіх беларусаў. Да 1937 года творы розных фальклорных жанраў, сабраныя фалькларыстам, налічвалі ўжо звыш тысячы адзінак, а ў 1939 годзе іх колькасць павялічылася амаль утрая. Даследчыкам была праведзена велізарная праца па іх упарадкаванні і сістэматызацыі, якая ў выніку завершылася салідным фальклорным зборам з пяці частак. Па рэкамендацыі і пры садзейнічанні латвійскага народнага паэта Я. Райніса і прафесараў Латвійскага універсітэта Страўберга і Шміта, матэрыял быў прадстаўлены С.П. Сахаравым да разгляду ў Латвійскі культурны фонд, дзе з прыхільнасцю аднесліся да такой цікавай і карыснай працы фалькларыста-энтузіяста. Яна была высока ацэнена кампетэнтнай камісіяй, а складальнік узнагароджаны грашовай прэміяй, якую адразу ж і скарыстаў на выданне першага выпуску гэтага велізарнага збору. Ён выйшаў з друку ў 1940 годзе пад назвай “Народная творчасць Латгальскіх і Ілукстэнскіх беларусаў” [9]. (Іл.4.)З’яўленне зборніка стала важнай падзеяй у культурным і грамадска-палітычным жыцці не толькі беларускай меншасці ў Латвіі, але і ў Літве, Заходняй і Усходняй Беларусі, новым крокам у развіцці айчыннай фалькларыстыкі. С.П. Сахаравым упершыню было ўведзена ў агульнанацыянальны культурны ўжытак звыш 400 высокамастацкіх народнапаэтычных твораў з тых латвійскіх тэрыторый, дзе беларусы здаўна жылі суцэльнай этнічнай масай. Гэта яшчэ раз пацвердзіла іх прысутнасць у Латвіі як самастойнага народа з самабытнай этнакультурай. Пра цікавасць да гэтай каштоўнай, здзейсненай С.П. Сахаравым, працы сведчаць прыхільныя водгукі на старонках перыядычнага друку таго часу [2], жаданне розных арганізацый набыць гэту па-свойму унікальную, карысную кнігу. Так, напрыклад, у архіве С.П. Сахарава захоўваюцца пісьмы з такімі просьбамі ад імя рэдакцыі часопіса “Полымя рэвалюцыі” за подпісам Хвядоса Шынклера (Іл.5.) і загадчыка бібліятэкі Дома пісьменніка Рыгора Мурашкі [10, адз. зах. 3, л. 4 – 5 адв.]. (Іл.6,7.)

Зборнік адкрываўся невялікім уступам, дзе С.П. Сахараў прыводзіў гісторыка-геаграфічную даведку пра беларускае насельніцтва Латгаліі і Ілукстэншчыны, сцісла апісаў гісторыю збірання фальклорных матэрыялаў у гэтым рэгіёне, выказаў падзяку Культурнаму фонду Латвіі і старшыні латышскай фальклорнай камісіі за падтрымку ў выданні зборніка.

Першую, самую буйную, частку выпуску складалі каляндарна-абрадавыя песні – 169 нумароў. Песні земляробчага календара падзяляліся на 10 груп. Найбольш шырока былі прадстаўлены жніўныя і, асабліва, восеньскія песні, што ў поўнай меры адлюстроўвала спецыфіку гэтага рэгіёну. Амаль кожнай каляндарнай групе папярэднічалі невялікія ўступы, у якіх даследчык характарызаваў дадзеныя разнавіднасці песень.

У другую частку зборніка ўваходзілі сямейна-абрадавыя песні (хрэсьбінныя, вясельныя, хаўтурныя галашэнні), а таксама дзіцячы фальклор (калыханкі, забаўлянкі, дзіцячыя песні) агульнай колькасцю 167 нумароў. Перад тэкстамі хрэсьбінных і вясельных песень падаваліся даволі грунтоўныя апісанні адпаведных абрадаў з акцэнтам на іх рэгіянальныя асаблівасці.

Трэцяя частка была прысвечана бытавым, пазаабрадавым песням – 76 нумароў. Сярод іх С.П. Сахараў вылучаў наступныя групы: “доля жанчыны”, “доля мужчыны”, “ваяцкія песні”, “песні да скокаў”, “жартаўлівыя песні”. Ва ўступе ўкладальнік зборніка  даваў агульную характарыстыку пазаабрадавых песень, а некаторыя іх разнавіднасці суправаджаў невялікімі нататкамі.

Асобную частку выпуску складалі “дадаткі і паказнікі”. У ёй былі прадстаўлены нотныя запісы 14 песень, зробленыя карэспандэнтам С.П. Сахарава М.Грыўскім ад лепшых выканаўцаў беларускіх народных песень, алфавітны спіс твораў, паказальнікі мясцовасцей і асоб (інфарматараў), ад якіх зроблены запісы, а таксама спіс збіральнікаў фальклору, памочнікаў С.П. Сахарава. У дадатку таксама былі прыведзены заўважаныя памылкі.

Выданне аздаблялі фотаздымкі таленавітых народных спявачак, рэпрадукцыі з карцін мясцовага мастака П.Мірановіча, што адлюстроўвалі працоўны быт латгальскага беларуса, краявіды.

У заключэнні С.П. Сахараў знаёміў чытачоў са зместам запланаванага да выдання другога выпуску “Народнай творчасці Латгальскіх і Ілукстэнскіх беларусаў”, які павінен быў змяшчаць апавяданні (прозай і вершам), легенды, казкі, загадкі, прыказкі, звяртаўся да беларускага насельніцтва з заклікам збіраць і дасылаць фальклорныя запісы да наступных выпускаў, а таксама прапаноўваў сціслую памятку па збіранні народнай творчасці.

З-за недахопу грашовых сродкаў зборнік не змог змясціць усёй колькасці падрыхтаваных матэрыялаў, як арыгінальных, так і шматлікіх варыянтаў. Па словах К. Езавітава, “... з агульнага ліку 1668 запісаў у друк трапіла толькі 414 запісаў, г.ё. толькі адна чвэрць сабранага матэрыялу”[2].

На жаль, у сілу аб’ектыўнах абставін (ІІ сусветная вайна і ўсе звязаныя з ёй негатыўныя перыпетыі, рэпрэсіі ў адносінах да самога збіральніка) С.П. Сахараву так і не ўдалося ажыццявіць сваю мару – у поўным аб’ёме надрукаваць унікальную фальклорную спадчыну латышскіх беларусаў. Толькі невялікай часткай яна ўведзена ў навуковы ўжытак, дзякуючы згаданаму выпуску “Народнай творчасціі Латгальскіх і Ілукстэнскіх беларусаў”, ды шматтомнай акадэмічнай серыі “Беларуская народная творчасць”, дзе часткова скарыстаны гэтыя фальклорныя запісы.  

С.П. Сахараў з вялікай павагай і любоўю ставіўся да багатай і разнастайнай фальклорнай спадчыны латышскіх беларусаў. Таму з такім замілаваннем ён вышукваў, збіраў, сістэматызаваў, прапагандаваў высокамастацкія вуснапаэтычныя творы, што з даўніх часоў суправаджалі быт і працу, святы і жалобу беларускага селяніна, былі неад’емнай часткай усяго яго жыцця.

Каб не згубіць, данесці да шырокіх колаў грамадскасці гэтыя сапраўдныя жамчужыны народнай мудрасці, С.П. Сахараў неаднаразова перапісваў сабраныя матэрыялы, рабіў шматлікія копіі падрыхтаванага збору. У выніку запісы беларускага фальклору з Латгаліі і Ілукстэншчыны апынуліся ў розных навуковых установах і на сённяшні дзень захоўваюцца ў Латвіі, Літве, Беларусі.

У Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Я. Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (ЦНБ НАН Беларусі) таксама зберагаецца унікальная фальклорна-этнаграфічная спадчына латышскіх беларусаў, сабраная і ўпарадкаваная С.П. Сахаравым. Гэтыя матэрыялы разам з яго асабістым архівам былі набыты Бібліятэкай у 1966 годзе ў дачкі збіральніка Ірыны Вількель[10].

Фальклорныя запісы, зробленыя Сахаравым і іншымі асобамі ў 1921 – 1952 гг., у тым ліку і друкаваны зборнік “Народная творчасць Латгальскіх і Ілукстэнскіх беларусаў” (Рыга, 1940), складаюць у фондзе 7 адзінак захоўвання. Умоўна іх можна падзяліць на некалькі груп:

1. Фальклорна-этнаграфічныя матэрыялы розных жанраў, сабраныя самім Сахаравым, настаўнікамі і вучнямі Люцынскай і Дзвінскай беларускіх гімназій да 1940 года, якія, хутчэй за ўсё, увайшлі ў рукапісны збор, што быў пададзены ў Культурны фонд Латвіі. У архіве С.П. Сахарава яны сфарміраваны ў тры тамы (3-ці том у якасці дапаўнення, па словах складальніка, вынік дзвюх яго паездак па Латгаліі летам 1938 і 1939 гадоў) [10, адз.зах. 3 – 5]. (Іл.3.)

Ва ўступе да першага тома С.П. Сахараў змясціў нататку, прысвечаную Латгаліі, яе жыхарам, у тым ліку і карэннаму беларускаму насельніцтву, яго культуры, а таксама даў гістарыяграфічны агляд беларускага фальклору.

Непасрэдна фальклорна-этнаграфічны матэрыял быў сфарміраваны ім у асобныя раздзелы па жанравых разнавіднасцях. Так, песенны жанр аб’ядноўваў каляндарна-абрадавыя творы, сярод якіх прысутнічалі веснавыя, купальскія, жніўныя, восеньскія і іншыя песні, што ў агульнай колькасці склалі 278 запісаў.

Наступны за песнямі раздзел быў прысвечаны прыпеўкам, прыказкам і загадкам.

Народныя апавяданні спалучаліся з варожбамі.

Замыкаў том дадатак, што складаўся з 29 народных песень.

Усяго першы том змяшчаў 542 запісы традыцыйнага беларускага фальклору.

Другі том адкрываўся паэтычным абразком А. Мацейчыка “Беларуская песня” і амаль цалкам быў прысвечаны гэтаму найбольш распаўсюджанаму фальклорнаму жанру.

Як і ў папярэднім томе, песні былі аб’яднаны С.П. Сахаравым у некалькі раздзелаў: “Хрэзьбінныя песні і калыханкі”, “Вясельныя песні” (разам з апісаннем беларускага вяселля ў Латгаліі), “Сямейна-бытавыя песні”, “Рожныя песні” (жартоўныя, жаўнерскія, плясавыя і інш.).

Напрыканцы тома былі змешчаны ноты асобных песень і паказальнікі мясцовасцей, дзе збіраўся фальклор, ды інфарматараў, ад якіх былі зроблены гэтыя запісы. Тамсама прысутнічала і заўвага С.П. Сахарава адносна сабранага матэрыялу: “Такім чынам, запісы зроблены ў 63 мясцовасцях і ад 80 асоб”[10, адз.зах. 4, л. 203].Усяго складальнікам было ўключана 479 запісаў.

Трэці том, пазначаны збіральнікам як “Дадатак 1”, увабраў 277 запісаў народных твораў, што ў значнай ступені дапоўнілі ўжо акрэсленыя ў папярэдніх двух тамах фальклорныя жанры.

Да тома быў прыкладзены невялікі слоўнік, у якім падаваліся пераклады асобных беларускіх слоў на рускую і латышскую мовы.

Такім чынам, агульная колькасць усяго фальклорна-этнаграфічнага багацця латышскіх беларусаў, рупліва сабранага і старанна ўпарадкаванага С.П. Сахаравым у адзначаны перыяд, налічвала 1298 фальклорных адзінак.

2. Падрыхтаваны да выдання рукапіс другога выпуску “Народнай творчасці Латгальскіх і Ілукстэнскіх Беларусаў”, датаваны 1944 годам, з прысвячэннем светлай памяці жонкі Вольгі Сахаравай і дачкі Галіны [10, адз.зах. 7].

Адкрываецца зборнік зместам з паказаннем мясцовасцей, дзе зроблены запісы, а таксама інфарматараў і збіральнікаў. (Іл.10.)

У агульнай прадмове аўтар адзначае той станоўчы рэзананс, што выклікаў першы выпуск “Народнай творчасці Латгальскіх і Ілукстэнскіх беларусаў”, пралівае святло на вымушаную па аб’ектыўных прычынах затрымку наступнага выдання [10, адз.зах.7, л.8].

У зборніку змешчаны газетныя выразкі артыкулаў “Сяргей Сахараў: да саракавых угодкаў асветнай працы” [К. Езавітава], “Беларускі фальклор у Латвіі” за подпісам “Дзвінчук” (адзін з псеўданімаў С.П. Сахарава) і рукапіс нарыса С.П. Сахарава “З гісторыі беларускага фальклору”, датаваны 1944 годам.

Уласна фальклорныя творы размеркаваны па пяці раздзелах: казкі (32 запісы), духоўныя песні (2 запісы), апавяданні (13 запісаў), легенды і байкі (34 запісы), прыказкі (403 запісы), загадкі (217 запісаў; выпадкова ў адзінку захоўвання, магчыма, у час навукова-тэхнічнай апрацоўкі архіва С.П.Сахарава трапілі запісы 35 твораў, датаваныя 1951 годам), агульная колькасць якіх складае 701 фальклорную адзінку. Храналагічныя рамкі ахопліваюць 1912 – 1944 гг. Усе тэксты, як і ў першым выпуску, пашпартызаваны. Кожнаму жанру папярэднічае невялікі ўступ, падрыхтаваны С.П. Сахаравым.

3. Група фальклорна-этнаграфічных запісаў, храналагічныя рамкі якой  вызначаны 1921 – 1952 гг., аформленая ў два тамы і пазначаная фондаўтваральнікам таксама як выпуск другі [10, адз.зах. 1,2]. Сюды трапілі песні, прыпеўкі, прыказкі, загадкі, дзіцячыя гульні, забавы для моладзі, казкі, апавяданні, легенды, байкі, варожбы,  парады народнай медыцыны. Верагодна, пры фарміраванні дадзенага выпуску за яго аснову быў узяты ўжо падрыхтаваны да выдання другі выпуск “Народнай творчасці Латгальскіх і Ілукстэнскіх беларусаў” (1944), але значна пашыраны творамі іншых жанравых разнавіднасцей і за кошт пасляваенных запісаў.

Такая канцэнтрацыя рознажанравых твораў у адным выпуску можа быць растлумачана тым, што ў дадзены збор складальнік імкнуўся ўмясціць усе фальклорныя матэрыялы, што засталіся ў яго архіве падчас збіральніцкай дзейнасці, тым самым упарадкаваць, данесці да нашчадкаў, не згубіць ніводнага народнага шэдэўра, бо ўзрост, стан здароўя, цяжкое матэрыяльнае становішча С.П. Сахарава не пакідалі надзеі на выданне сабранай ім духоўнай спадчыны латышскіх беларусаў сваімі ўласнымі сіламі.

Ва ўступе да першага тома С.П. Сахаравым зроблены агляд беларускага фальклору ў Латвійскай ССР (на рускай мове), пададзены ўспаміны (“Из моих этнографических воспоминаний”), яго нарыс “З гісторыі беларускага фальклору”, што ўваходзіў у выпуск другі, датаваны 1944 годам, пераклады на рускую мову асобных беларускіх слоў (па алфавіце), паэтычны абразок А. Мацейчыка “Беларуская песня”, а таксама газетныя і часопісныя выразкі, прысвечаныя беларускай народнай песні, асобным беларускім музычным дзеячам, кампазітарам, спевакам.

Беларускія народныя песні прадстаўлены карагоднымі (97 запісаў), купальскімі з варыянтамі (25 запісаў), восеньскімі (11 запісаў), “рожнымі” (13 запісаў), запісанымі С.П. Сахаравым і іншымі асобамі ў 1922 – 1952 гадах.

Дастаткова шырока ў томе пададзена беларускае вяселле ў Латгаліі: этнаграфічнае апісанне, якое дапаўняе вялікая колькасць запісаў вясельных песень (65 запісаў), у тым ліку і тых, што ў свой час былі змешчаны на старонках часопіса “Школьная праца”.

У самастойныя раздзелы вылучаны прыпеўкі (257 запісаў, з іх 11 пазначаны як плясавыя песні, 7 – на рускай мове), прыказкі (369 запісаў), загадкі (345 запісаў).

Замыкаюць том “Дзіцячыя гульні беларускіх дзетак”. У гэту групу матэрыялаў увайшлі лічылкі (“шчыталкі”) (8 запісаў), дзіцячыя песні пры гульнях (7 запісаў) і ўласна гульні (22 запісы).

Да кожнага раздзела, як і ў папярэдне разгледжаных зборах, прымеркаваны невялічкія ўступы-нататкі, дзе складальнікам даецца вызначэнне таго ці іншага жанру, раскрываюцца яго асаблівасці.

Асобныя фальклорныя тэксты суправаджаюць ілюстратыўныя матэрыялы ў выглядзе наклееных выразак з перыядычнага друку.

Другі том дадзенага выпуску змяшчае, як і выпуск другі за 1944 год, казкі (30 запісаў), апавяданні, у тым ліку народную паэму “Макар” (9 запісаў), легенды і байкі (30 запісаў), але замест прыказак і загадак (увайшлі ў першы том) аўтар уводзіць парады з народнай медыцыны і лекавыя зёлкі [10, адз. зах. 2, л. 162 адв.], а таксама забавы для моладзі (9 запісаў)  і варожбы (15 запісаў). (Іл.9.)

Як бачым, другі выпуск “Народнай творчасці латгальскіх і ілукстэнскіх беларусаў” 1921 – 1952 гг. у 2-х тамах, складзены С.П. Сахаравым, атрымаўся даволі вялікім і рознажанравым фальклорным зборам. Усе матэрыялы былі прасістэматызаваны, пашпартызаваны і ўпарадкаваны па адпаведных раздзелах. Кожнаму раздзелу папярэднічаў уступ, дзе была дадзена характарыстыка пэўнага жанру. У агульным уступе да ўсяго выпуску быў зроблены агляд развіцця беларускага фальклору ў Латвіі. Цікава, што згаданы агляд і этнагарфічныя ўспаміны былі напісаны С.П. Сахаравым на рускай мове. Да таго ж, да выпуску быў дададзены слоўнік перакладаў на рускую мову некаторых беларускіх слоў. Апісанне беларускага вяселля ў Латгаліі таксама падавалася па-руску. Гэтаму могуць быць некалькі тлумачэнняў. Па-першае, пасля вайны беларуская меншасць страціла не толькі свае нацыянальныя школы,  але і перыядычны друк. Па-другое, магчыма, С.П. Сахараў спадзяваўся, што праз рускую мову, на той час сродак міжнацыянальных зносін народаў СССР, зможа данесці хараство беларускай народнай культуры да значна шырэйшых колаў грамадства, а гэта для руплівага збіральніка і прапагандыста беларускага фальклору было найгалоўнейшым.

Такім чынам, духоўная спадчына беларускага насельніцтва Латвіі, любоўна сабраная, скрупулёзна падрыхтаваная да выдання вялікім энтузіястам і патрыётам сваёй Бацькаўшчыны С.П. Сахаравым, уяўляе найкаштоўнейшы пласт беларускай этнакультуры, сканцэнтраванай у іншаэтнічным асяроддзі, дае шырокі фактычны матэрыял для навуковых даследаванняў як у галіне фалькларыстыкі, так і іншых сумежных навук: этнамузыкалогіі, лінгвістыкі, філасофіі, культуралогіі.

 

Літаратура і крыніцы:

 

1. Багдановіч І.Э. Сахараў Сяргей // Беларускія пісьменнікі: Біябібліяграфічны слоўнік: У 6  т. – Мінск, 1995. – Т.5. – С. 261 – 263.

2. Гісторык [Езавітаў К.]. Збіранне беларускае народнае творчасці ў Латвіі // Крыніца. – 1940. – 26 красавіка.

3. Езавітаў К. Сяргей Сахараў // Новы шлях. – 1944. – № 1.

4. Ліс А. Збіральнік духоўных скарбаў // Літаратура і мастацтва. –  1980. – 7 крас.

5. Ліс М. Асветнік, змаганец, фалькларыст // Літаратура і мастацтва. –1993. – 31 снеж.

6. Ліс М.М. Педагагічная і культурна-асветніцкая дзейнасць С.П.Сахарава // Весці АН Беларусі. Сер. грамад. навук. – 1995. – № 3.

7. Ліс М.М. Руплівы збіральнік народнай паэзіі (Па матэрыялах рукапіснага архіва С.П.Сахарава) // Роднае слова. – 1995. – № 9.

8. Ліс М.М. Культурна-асветніцкая і фалькларыстычная дзейнасць С.П.Сахарава ў кантэксце нацыянальна-культурнага адраджэння беларусаў Латвіі // Фалькларыстычныя даследаванні. Кантэкст. Тыпалогія. Сувязі: Зб. арт. / пад навуковай рэдакцыяй Р.М. Кавалёвай, В.В.Прыемка. – Мінск, 2005. – Вып. 2. – С. 19 – 24.

9. Сахараў С.П. Народная творчасць Латгальскіх і Ілукстэнскіх беларусаў. – Рыга, 1940.

10. ЦНБ НАН Беларусі, аддзел рэдкіх кніг і рукапісаў, ф. 3 “Сахаров Сергей Петрович”, воп. 1, адз.зах. 1– 93.

 

 

 

 

Тытульны аркуш фальклорнага зборніка, падрыхтаванага С.П. Сахаравым Надрукаваны фальклорный зборнік С.П. Сахарава “Народная творчасць Латгальскіх і Ілукстэнскіх беларусаў”. Рыга, 1940. Вып. 1. Пісьмо рэдакцыі часопіса “Полымя рэвалюцыі”, адрасаванае С.П. Сахараву, з просьбай даслаць на іх адрас I выпуск “Народнай творчасці Латгальскіх і Ілукстэнскіх беларусаў”. Пісьмо рэдакцыі часопіса “Полымя рэвалюцыі”, адрасанванае С.П. Сахараву, з просьбай даслаць на іх адрас I выпуск “Народнай творчасці Латгальскіх і Ілукстэнскіх беларусаў”.

Тытульны аркуш фальклорнага зборніка, падрыхтаванага С.П. Сахаравым

Надрукаваны фальклорный зборнік С.П. Сахарава “Народная творчасць Латгальскіх і Ілукстэнскіх беларусаў”. Рыга, 1940. Вып. 1.

Пісьмо рэдакцыі часопіса “Полымя рэвалюцыі”, адрасаванае С.П. Сахараву, з просьбай даслаць на іх адрас I выпуск “Народнай творчасці Латгальскіх і Ілукстэнскіх беларусаў”.

Пісьмо рэдакцыі часопіса “Полымя рэвалюцыі”, адрасанванае С.П. Сахараву, з просьбай даслаць на іх адрас I выпуск “Народнай творчасці Латгальскіх і Ілукстэнскіх беларусаў”.

 

 

 


 

Наверх

Назад

На главную

 


© Ліс М.М., 2008

Hosted by uCoz