Губанава В.А.,

м.н. с. аддзела рэдкіх кніг і рукапісаў

 ЦНБ НАН Беларусі

 

 

Кнігі рэпрэсіраваных пісьменнікаў Беларусі ў бібліятэцы П.Ф.Глебкі

(з фондаў аддзела рэдкіх кніг і рукапісаў ЦНБ НАН Беларусі)

 

 

Даволі часта людзі, якія любяць і паважаюць кнігу, трапіўшы ўпершыню ў незнаёмую кватэру, імкнуцца падысці да кніжнай шафы, паглядзець, што стаіць на яе паліцах, бо часам кнігі шмат могуць расказаць пра сваіх гаспадароў, пра іх схільнасці, інтарэсы, пра тое, наколькі яны заклапочаны сваім духоўным развіццём.

Калі мы трапім у пакой П.Ф.Глебкі, - а гэта магчыма, дзякуючы таму, што у аддзеле рэдкіх кніг і рукапісаў ЦНБ АН Беларусі створаны мемарыяльны пакой, дзе кнігі захоўваюцца разам з абсталяваннем рабочага кабінета акадэміка, - мы зможам на ўласныя вочы пераканацца, што кніга займала пачэснае месца ў жыцці Пятра Фёдаравіча. 

Вядома, што П.Ф.Глебка збіраў сваю асабістую бібліятэку на працягу ўсяго жыцця. Жонка паэта ўспамінае: “Кнігу, як сведчаць блізкія сваякі, Пятро любіў яшчэ з дзяцінства. Гэтую любоў да яе ён захаваў на ўсё жыццё. І ў маладосці, бывала, аддаваў апошнія грошы, каб набыць тое ці іншае выданне” [2].

Бібліятэка, сабраная паэтам і яго жонкай, налічвае 3628 экзэмпляраў выданняў на беларускай, рускай і ўкраінскай мовах, а таксама 208 кніг на замежных мовах.

Розныя па жанры і прызначэнні кнігі, сабраныя паэтам, адлюстроўваюць падзеі і дух эпохі пачатку і сярэдзіны XX стагоддзя, даюць магчымасць уявіць схільнасці і інтарэсы самога П.Ф.Глебкі. Пятро Фёдаравіч цікавіўся культурай розных народаў, любіў і паважаў класікаў сусветнай літаратуры. У яго бібліятэцы шмат твораў замежных пісьменнікаў і паэтаў, а таксама літаратуразнаўчых прац, прысвечаных гісторыі літаратур асобных краін. Але ў першую чаргу яго хвалявала жыццё, у тым ліку і літаратурнае, сваёй Радзімы. Паэт, пісьменнік, вучоны, акадэмік АН Беларусі, грамадскі дзеяч П.Глебка меў гуманітарную адукацыю (ён скончыў літаратурна-лінгвістычнае аддзяленне педагагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага універсітэта), і большую частку яго бібліятэкі складаюць кнігі па гісторыі культуры Беларусі, беларускім літаратуразнаўстве і мовазнаўстве, творы беларускіх паэтаў і пісьменнікаў.

Першая палова XX ст. прынесла нашаму народу шмат выпрабаванняў і страт: рэвалюцыя, войны, голад, палітычныя рэпрэсіі. І менавіта рэпрэсіўная палітыка савецкай ўлады застаецца, напэўна, самай незразумелай і невытлумачальнай з’явай, бо стаць яе ахвярай мог кожны, незалежна ад полу, узросту, роду дзейнасці, палітычных поглядаў або іх адсутнасці. Адпаведна афіцыйным дадзеным, у БССР у 1920 – 1950 гг. да крымінальнай і адміністрацыйнай адказнасці беспадстаўна было прыцягнена  каля 600 тысяч чалавек. Згодна з неафіцыйнымі дадзенымі, за гэты перыяд было рэпрэсіравана не менш 1 мільёна жыхароў Беларусі. У 1930 – 40-я гады была фізічна знішчана большасць прадстаўнікоў інтэлігенцыі. Кожны восьмы жыхар Беларусі апынуўся за кратамі альбо за калючым дротам, кожны пяты быў пазбаўлены грамадзянскіх правоў як член сям’і “ворага народа”.

У другой палове 20-х гадоў асабліва жорсткай стала цэнзура літаратурных твораў. У 1926 – 1928 гг. забаронены шматлікія вершы вядомых беларускіх пісьменнікаў і паэтаў, а ў другой палове 30-х у бібліятэках актыўна праводзілася канфіскацыя “варожай” літаратуры. 29 красавіка 1937 г. Галоўліт БССР загадаў канфіскаваць усе творы 20-ці найбуйнейшых пісьменнікаў Беларусі. У “чорны” спіс трапілі С. Баранавых, М. Багун, А. Вольскі, С. Дарожны, А. Дудар, Ц. Гартны, С. Знаёмы, А. Звонак, М. Зарыцкі, В. Каваль, Т. Кляшторны, В. Маракоў, Б. Мікуліч, З. Півавараў, В. Сташэўскі, Я. Скрыган, В. Хадыка, М. Чарот.

Спецслужбы рэгулярна “атрымлівалі” інфармацыю аб “контррэвалюцыйных выказваннях” беларускіх пісьменнікаў – у сяброўскай размове, сярод знаёмых. І хоць публічных выказванняў не было, пісьменнікі лічыліся нядобранадзенымі. У 30-я гады спецслужбамі на ўсіх беларускіх пісьменнікаў быў сабраны “кампрамат”. Ні адзін палітычны працэс не абыходзіўся без арышту і асуджэння пісьменнікаў. Іх “уключалі” ва ўсе буйныя “контррэвалюцыйныя арганізацыі”. У 1936 г. арыштаваны В. Маракоў, А. Звонак, В. Хадыка, В. Сташэўскі, С. Баранавых, В. Каваль, Т. Кляшторны, М. Багун, У. Шашалевіч, С. Грахоўскі, З. Жылуновіч і інш. Іх абвінавацілі ў прыналежнасці да “нацыянал-фашысцкай тэрарыстычнай шпіёнска-дыверсійнай арганізацыі”[7].

У 1936 – 37 гг. больш за 40 пісьменнікаў асуджаны да выпраўленча-працоўных лагероў, частка з іх растраляна. Акрамя таго, быў складзены спіс з 18 пісьменнікаў, застаўшыхся на свабодзе, але на якіх, паводле звестак Наркама ўнутраных спраў БССР, меліся “кампраметуючыя матэрыялы”. Гэты спіс узначальвалі Я.Колас, Я.Купала, Зм.Бядуля.

Зразумела, што ў такіх абставінах было вельмі небяспечным захоўваць у сябе літаратуру забароненых уладай аўтараў, і рэпрэсіраваныя кнігі амаль не мелі магчымасці дайсці да нашых дзён. Тым не менш, у калекцыі П.Ф.Глебкі мы знойдзем выданні такіх аўтараў як Ф.Аляхновіч, А.Александровіч, С.Баранавых, А.Вольны, Ц.Гартны, П.Галавач, М.Гарэцкі, У.Дубоўка, М.Зарэцкі, Б.Мікуліч, В.Маракоў, Я.Нёманскі, Я.Скрыган, М.Чарот.

Францішак Аляхновіч (1883 – 1944) – драматург, празаік, паэт, публіцыст, тэатральны дзеяч, акцёр. Быў беспадстаўна абвінавачаны ў шпіянажы на карысць Польшчы і сасланы на 10 год на Салавецкія астравы. У 1933 г. абменены з польскімі ўладамі на палітвязня Б.Тарашкевіча. У 1944 г. забіты ў Вільні ў сваёй кватэры [9].

Адным з самых вядомых і небяспечных у свой час твораў з’яўлялася кніга Ф.Аляхновіча “У кіпцюрах ГПУ” (1937), дзе аўтар выкрывае і адмаўляе культ Сталіна і палітычную сістэму сацыялізма цалкам.

У калекцыі П.Глебкі творы Ф.Аляхновіча прадстаўлены пераважна выданнямі 20-х гадоў, калі іх аўтар жыў і працаваў у Вільні. Гэта п’есы “Шчаслівы муж”, “Птушка шчасцья”, “Няскончаная драма” (1922), “Дрыгва” (1925), “Дзядзька Якуб” (1927). Але ёсць і два больш ранніх выдання, перыяду, калі Ф.Аляхновіч займаў пасаду дырэктара і галоўнага рэжысёра мінскага “Беларускага тэатра” (1919 – 20). Гэта сцэнічны абразок “Калісь” і драма “Страхі жыцця”, абодва творы выйшлі з друку ў 1919 г. Усе кнігі выдадзены ў Вільні рознымі выдавецтвамі (Выдавецта Беларускага Музыкальна-Драматычнага Гуртка ў Вільні, Выдавецтва Народнага Камесарыяту Асьветы, Выдавецтва Менскага Камесарыяту Асьветы, Выданне Беларускага Выдавецкага Таварыства, Выдавецтва Беларускай Часовай Рады), дастаткова добра захаваліся, большасць з іх адзначана ўладальніцкім запісам П.Ф.Глебкі.

Александровіч Андрэй Іванавіч (1906 – 1963) – паэт, празаік, дзіцячы пісьменнік, перакладчык, грамадскі дзеяч. Вучыўся ў Мінскім педтэхнікуме (1921 – 25), скончыў БДУ (1930). Быў аднім з арганізатараў літаратурна-мастацкага аб’яднання “Маладняк” (1923). Вёў актыўную грамадска-палітычную і асветніцкую дзейнасць: рэдагаваў часопісы і газеты, удзельнічаў у з’ездах, працаваў адказным сакратаром, займаў пасаду дырэктара Інстытута мовы АН БССР і інш. Нягледзячы на заслугі перад сацыялістычным грамадствам і тое, што ў сваіх творах пісьменнік услаўляў рэвалюцыйнае пераўтварэнне жыцця і будаўніцтва сацыялізму, у 1938 г. быў незаслужана асуджаны на 15 гадоў папраўча-працоўных лагераў. Пазней тэрмін скарацілі да 8 год. Рэабілітаваны ў 1955 г.[5].

У калекцыі П.Глебкі захоўваецца некалькі кніг А.Александровіча. Найбольш раннія творы прадстаўлены ў зборніках, выдадзеных  у сааўтарстве з А.Вольным і А.Дударам (Вольны А., Александровіч А. “Камсамольская нота: вершы”. Мінск, 1924; Александровіч А., Вольны А., Дудар А. “Ваўчаняты: Раман беларускіх лясоў”. Мінск, 1925). Абедзве кнігі выйшлі ў серыі “Бібліятэка “Чырвоная Зьмена”. Зборнік вершаў выйшаў ад імя аб’днання “Маладняк” і прысвечаны 18-годдзю Кастрычніцкай рэвалюцыі. Раман “Ваўчаняты” адрасаваны чытачам дзіцячага і юнацкага ўзросту і асвятляе падзеі 1-ай сусветнай вайны. Кнігі даволі кепска захаваліся, маюцца пашкоджанні пераплёту, але тэкст прысутнічае цалкам. Больш познюю творчасць А.Александровіча прадстаўяюць зборнікі: “Творы. Кніга 2: Напор. Нараджэнне чалавека”. (Мінск, 1932), “Выбранае: 1921 – 1956”. (Мінск, 1958), “Збор твораў у двух тамах”. (Мінск, 1963). Усе тры выданні маюць дарчыя запісы:

П. Глебку Наша жыццё гэта такая багатая крыніца песень барацьбы і росквіту! Сьпавай, дружа, на поўны голас! 27. IV. 33 Андрэй Александровіч” (Александровіч А. “Напор. Нараджэнне чалавека”. Мінск, 1932);

“На добрую памяць Пятру Глебку з сяброўскай павагай. Андрэй Александровіч 26/II - 58” (Александровіч А. “Выбранае: 1921 – 1956”. Мінск, 1958);

“Пятро Глебку на успамін аб Андрэі. 20/XI -64. [Бэці].” (Александровіч А. “Збор твораў у двух тамах. Том 1: Вершы”. Мінск, 1963).

Сымон Баранавых (сапр. Баранаў (Баран) Сямён Якаўлевіч; 1900 – 1942) – празаік, дзіцячы пісьменнік. Скончыў літаратурна – мастацкае аддзяленне педагагічнага факультэта БДУ (1931). Член літаратурнага аб’яднання “Маладняк” (з 1927) і БелАППа (з 1928), уваходзіў у групу сялянскіх пісьменнікаў. Удзельнічаў у калектывізацыі. Знаходзіўся ў цесным сяброўстве з Я.Купалам. 3 лістапада 1936 г. арыштаваны, асуджаны на 10 год пазбаўлення волі. Рэабілітаваны ў 1954 г. [12].

Асноўныя тэмы творчасці С.Баранавых – класавая барацьба ў беларускай вёсцы ў першыя гады Савецкай улады, змаганне беларускага народа супраць белапольскіх акупантаў, калектывізацыя.

У бібліятэцы Пятро Фёдаравіча маюцца аповесці “Межы” і “Чужая зямля” (1930), зборнік апавяданняў для дзяцей і юнацтва “Пастка” (1935), раман “Калі ўзыходзіла сонца” (1957). Больш раннія экзэмпляры занаходзяцца ў здавальняючым стане. Два апошнія выданні маюць дарчыя запісы:

“Пятрусю Глебку у знак шчырай дружбы Сымон Баранавых 25/IV - 34 г. Менск” (Баранавых С. “Пастка”. Мінск, 1935);

Уважаемому Петру Федоровичу Глебко от жены автора Н. И. Барановой. 10. VII. 57(Баранавых С. “Калі ўзыходзіла сонца”. Мінск, 1957).

Вольны Анатоль (сапр. Ажгірэй Анатоль Іўсцінавіч; 1902 – 1937) – паэт, празаік, кінадраматург. Служыў у Чырвонай Арміі (1920 – 21), вучыўся ў БДУ. Актыўна ўдзельнічаў у літаратурна-мастацкім руху Беларусі ў 20 – 30 гг., уваходзіў у аб’яднанне “Маладняк”. 4 лістапада 1936 г. арыштаваны, у 1937 г. прыгавораны да вышэйшай меры пакарання. Пасмяротна рэабілітаваны ў 1957 г. [13].

Як ужо адзначалася, у бібліятэцы П. Глебкі маецца раман “Ваўчаняты”, напісаны А.Вольным у сааўтарстве з А.Александровічам і А.Дударам. Акрамя гэтага, маецца невялічкая брашурка-зборнік вершаў “Табе” (Мінск, 1927).

Галавач Платон Раманавіч (1903 – 1937) – празаік. Усё жыццё пісьменніка было звязана з партыйнай дзейнасцю. У 1920 г. ён уступіў у камсамол, стаў арганізатарам ячэйкі ў роднай вёсцы (в. Пабокавічы Бабруйскага пав. Мінскай губ.). Пазней скончыў Мінскую партыйную школу, Камуністычны універсітэт Беларусі. Шмат працаваў па партыйнай лініі, рэдагаваў рэспубліканскія перыядычныя выданні, быў адным з лідэраў арганізацыі “Маладняк”. Літаратурнай дзейнасцю пачаў займацца ў 1920 г. Пісаў пра падзеі грамадзянскай вайны, класавую барацьбу на вёсцы, імкненне молодзі да новага жыцця. У 1937 г. у шэрагу іншых беларускіх пісьменніў стаў ахвярай сталінска-яжоўскіх рэпрэсій і быў растраляны.  Рэабілітаваны ў 1956 г. [1].

Аб добрых сяброўскіх адносінах сведчаць дарчыя запісы, пакінутыя аўтарам на кнігах, падораных П.Ф.Глебку:

“Пятру Глебку – каб была плённай наша работа, каб скарбы літаруры нашай множыліся яшчэ і яшчэ. П. Галавач” (Галавач П. “Спалох на загонах”. Мінск, 1932);

“Дарагім Пятру Федаравічу і Ніне Іларыонаўне з пачуццём самай глыбокай павагі. Платон Галавач” (Галавач П. “Праз гады”. Мінск, 1935).

Акрамя гэтых выданняў, у глебкаўскім кнігазборы можна знайсці аповесць “Вінаваты” і зборнік апавяданняў “Хочацца жыць”, выдадзеныя ў 1930 г. у Мінску, а таксама кнігу пад назвай “Ад Мядзведжай гары да Белага мора: З запісной кніжкі” (Мінск, 1934).

Цішка Гартны (сапр. Жылуновіч Зміцер Хведаравіч; 1887 – 1937) – празаік, паэт, драматург, дзяржаўны і грамадскі дзеяч. Скончыў двухкласнае вучылішча ў Капылі (1905). Працаваў пастухом па найму, гарбаром. У пошуках працы аб’ездзіў многія гарады Беларусі, Літвы і Украіны. Літаратурную дзейнасць пачаў у 1908 г. на старонках “Нашай нівы”. У 1921 г. пераехаў у Мінск. Увесь час вёў актыўную грамадска-палітычную і літаратурную дзейнасць. У 1923 г. пленум ЦК КП (б)Б прыняў пастанову аб прысваенні Ц.Гартнаму звання народнага паэта Беларусі, аднак выканана пастанова не была. Пісьменнік быў выключаны з партыі з фармуліроўкай “за свядомае правядзенне нацыянал-дэмакратычнай лініі, за ўдзел у антыпартыйных групоўках у КП (б) Б, за сувязь з чужымі і варожымі справе пралетарыяту нацдэмаўскімі і фашысцкімі элементамі…” і пазней арыштаваны. У лістападзе 1936 г. знаходзіўся ў Мінскай турме, дзе быў абвешчаны псіхічна хворым. Пераведзены ў Магілёўскую псіхіятрычную лячэбніцу, дзе, паводле афіцыйнай версіі, памёр ад гангрэны лёгкіх, а на самой справе – скончыў жыццё самагубствам. У 1988 г. быў рэабілітаваны [8].

Кнігі, якія можна знайсці на кніжных паліцах П.Ф.Глебкі, дастаткова шырока прадстаўляюць творчасць Цішкі Гартнага як паэта і празаіка. Гэта прыжыццёвыя выданні “Збору твораў: У чатырох тамах” (Мінск, 1929 – 1931) (маюцца толькі два першых тома: Т. 1: Вершы; Т. 2: Трэскі на хвалях: Апавяданні) і зборніка апавяданняў “Гоман зарніц” (Мінск, 1932); а таксама кнігі, якія выйшлі пасля смерці пісьменніка: раман “Сокі цаліны” (Мінск, 1957 – 58), кніга твораў Ц.Гартнага ў перакладзе на рускую мову “Хозяин: рассказы и повести” (Москва – Ленинград, 1962). Два апошнія выданні былі падораны П.Глебку роднымі Ц.Гартнага і суправаджаюцца дарчымі запісамі:

“Любімаму і паважанаму Пятру Фёдаравічу ад жонкі і дачкі аўтара. 25/I - 1958 г.” (Гартны Ц. “Сокі цаліны: Раман у чатырох квадрах. Том 1. Мінск, 1957);

“Глыбокапаважаным Пятру Фёдаравічу і Ніне Іларыёнаўне ад Н. С. і Г. Д. Жылунов 4/V - 1962 г.” (Гартный Т. «Хозяин: Рассказы и повести».  Москва – Ленинград, 1962).

Гарэцкі Максім Іванавіч (1893 – 1939) – празаік, драматург, літаратуразнавец, перакладчык, лексікограф, фалькларыст. Скончыў Горы-Горацкае каморніцка-агранамічнае вучылішча. У 1914 г. быў прызваны ў царскую армію і служыў сувязістам у артылерыі. Кастрычніцкую рэвалюцыю сустрэў у Смаленску. У жніўні 1918 г. стаў супрацоўнікам газеты “Звязда”, з рэдакцыяй якой у студзені 1919 г. пісьменнік пераехаў у Мінск, адкуль – у Вільню. У выніку раптоўнага захопу горада польскімі войскамі апынуўся на акупіраванай тэрыторыі. Падтрымліваў сувязь з камуністычным падполлем, збіраў матэрыялы пра віленскіх камунараў. У студзені 1922 г. у ліку іншых дзеячоў беларускай культуры быў абвінавачаны ў належнасці да камуністычнай партыі, замаху на дзяржаўную ўладу і арыштаваны.  Але суд не адбыўся, а затрыманых прымусілі перайсці праз граніцу ў Літву. У ліпені 1922 г. вярнуўся ў Вільню, а ў 1923 г. разам з сям’ёй пераехаў у Мінск. У 1930 г. М.Гарэцкі быў беспадстаўна арыштаваны і ў красавіку 1931 г. асуджаны на 5 год высылкі ў г. Вятку. У высылцы таксама працягваў займацца літаратурнай дзейнасцю. Пасля заканчэння тэрміну пакарання збіраўся здаць экстэрнам экзамены за поўны курс педагагічнага інстытута ў Смаленску, але на пачатку 1938 г. як ахвяра сталінскага тэрору М.Гарэцкі апынуўся ў Комі АССР, дзе заўчасна памёр. Рэабілітаваны ў 1957 г. М.Гарэцкі пакінуў пасля сябе багатую літаратурную спадчыну.  Яго творы зрабілі вялікі ўплыў на развіццё беларускай літаратуры [4].

У калекцыі П.Ф.Глебкі маецца прыжыццёвае выданне першага зборніка М.Гарэцкага “Рунь”(Вільня, 1914). Гэты экзэмпляр мае асаблівую каштоўнасць яшчэ і таму, што выйшаў у свет у знакамітай друкарні Марціна Кухты. Уладальніцкі запіс, пакінуты П.Ф.Глебкам на тытульным лісце, сведчыць аб тым, што кнігай  даражылі.

Аднымі з найбольш ранніх твораў М.Гарэцкага з’яўляюцца драматызаваная аповесць “Антон” (напісана ў 1914 г., апублікавана ў 1919 г. у Вільне) і абразок “Мутэрка” (Вільня, 1921). Абедзве кнігі, як і папярэдняя, суправаджаюцца ўладальніцкімі запісамі Пятра Фёдаравіча.

Запіскі “На імперыялістычнай вайне” паклалі пачатак дакументальнаму жанру ў беларускай савецкай літаратуры. Экзэмляр з кнігазбору П.Ф.Глебкі выдадзены ў Мінску ў 1926 г. На тытульным лісце маецца штамп бібліятэкі Я.Скрыгана і разам з тым уладальніці запіс П.Ф.Глебкі. Магчыма, кніга была падорана Я.Скрыганам, з якім П.Глебка быў у сяброўскіх адносінах.

Аповесць “Ціхая плынь” была напісана М.Гарэцкім яшчэ да рэвалюцыі і першы раз друкавалася ў 1918 г., у расійскім пракладзе, у першамайскім нумары «Известий Смоленского Совета» пад назваю “За што?”. Першае беларускае выданне выйшла ў 1926 г. пад назвай “Ціхія песні”, і ўжо толькі ў другім выданні (1930) аповесць атрымала назву “Ціхая плынь”. Менавіта гэтае выданне прадстаўлена ў кнігазборы П.Глебкі (таксама, як і папярэднія выданні, суправаджаецца ўладальніцеім запісам).

Больш позняе выданне “Выбраных твораў: У двух тамах” (Мінск, 1973) было падорана Ніне Іларыёнаўне Глебка братам Максіма, Гаўрылам Гарэцкім, і мае дарчы запіс:

“Вельміпаважанай і дарагой Ніне Іларыёнаўне Глебка – з найвялікшай ўдзячнасцю за выратаванне “Віленскіх камунараў” – ад Г. Гарэцкага. 13 ліпеня 1973 г.” (Гарэцкі М. Выбраныя творы. Т. 1: Апавяданні і драматычныя абразкі. Мінск, 1973).

Грахоўскі Сяргей Іванавіч (1913 – 2002) – паэт, празаік, перакладчык. Скончыў газетна-выдавецкае аддзяленне літаратурнага факультэта педагагічнага інстытута. З 1935 г. працаваў рэдактарам літаратурнага вяшчання Беларускага радыё, выкладаў літаратуру на рабфаку пры БДУ. 19 кастрычніка 1936 г. быў беспадстаўна арыштаваны, а затым сасланы на 10 год. Працуючы на лесапрацоўках у Горкаўскай вобласці, пісаў п’сы на лагерным матэрыяле і сам іграў у іх ролі. Пісаў вершы на рускай мове. У 1947 г. з С.Грахоўскага была знята судзімасць, але ў 1949 г. ён быў арыштаваны паўторна па ранейшаму абвінавачванню і высланы на вечнае пасяленне ў Навасібірскую вобласць. 19 кастрычніка 1955 г. быў рэабілітаваны і ў лютым 1956 г. вярнуўся ў Мінск, дзе працягваў сваю літаратурную і грамадскую дзейнасць [3].

У калекцыі П.Ф.Глебкі маецца толькі адна кніга С.Грахоўскага. Гэта зборнік казак і паданняў у перакладзе на рускую мову “Горивода” (Минск, 1967). Выданне суправаджаецца дарчым запісам, які сведчыць аб блізкіх сяброўскіх адносінах аўтара з сям’ёй Глебкаў:

Если не поймете для кого эта книжка (читайте в выходных данных) вините издательство, и потому, хотя бы, как всегда с искренним уважением – Нине Илларионовне [подпіс С. Грахоўскага 4/III - 68 г.] (Граховский С. Горивода. Минск, 1967).

Дубоўка Уладзімір Мікалаевіч (1900 – 1976) – паэт, празаік, перакладчык, крытык. З 1915 г. жыў у Маскве. У 1918 г. скончыў Нова-Віленскую настаўніцкую семінарыю, вучыўся ў Маскоўскім універсітэце. Член літаратурна-мастацкай арганізацыі “Маладняк” ад часу яе ўзнікнення (1923). Прымаў удзел у стварэнні літаратурна-мастацкага аб’яднання “Узвышша”. Нягледзячы на тое, што пастаянна жыў у Маскве, актыўна ўдзельнічаў у літаратурным жыцці Беларусі. У 1930 г. быў незаконна арыштаваны,  а ў 1931 г. асуджаны на 5 год высылкі ў Яранск. У 1937 г. асуджаны на 10 год пазбаўлення волі. Рэабілітаваны ў 1957 г. [14].

Кнігі, якія належалі П.Ф.Глебку, былі падораны іх аўтарам, У.Дубоўкам, і захавалі на сабе радкі шчырых слоў любві і павагі:

“Даражэнькаму і вельмі паважанаму Пятру Хведаравічу Глебку, цудоўнаму паэту і Чалавеку, са шчырым прывітаннем Уладзік 1/X 59 г.” (Дубоўка У. Выбраныя творы. Мінск, 1959);

“Дарагім Ніне Іларыёнаўне і Пятру Федаравічу Глебкам ад шчырага сэрца, у знак сардэчнай пашаны 21/ 08 61 Уладзік Дубоўка” (Дубоўка У. Палеская рапсодыя: Вершы. Мінск, 1961);

“Дарагому Пятру Федаравічу Глебку – на добры ўспамін 16/ 03 1965 г Ул. Дубоўка” (Дубоўка У. Выбраныя творы. Т.1: Вершы. Мінск, 1965).

Зарэцкі Міхась (сапр. Касянкоў Міхаіл Яўхімавіч; 1901 – 1937) – празаік, драматург, перакладчык, крытык. Сваё першае апавяданне “Спатканне” надрукаваў у 1922 г. у газеце “Савецкая Беларусь”. Быў членам літаратурна-мастацкіх аб’яднанняў “Маладняк” (з 1924) і “Полымя” (з 1927). У 1929 г. выключаны з партыі “за праяўленне нацыянал-дэмакратызму”. У 1936 г. незаконна арыштаваны. У 1937 г. М.Зарэцкі асуджаны да вышэйшай меры пакарання. Рэабілітаваны пасмяротна ў 1957 г. [15].

У бібліятэцы П.Глебкі маюцца прыжыццёвыя выданні М.Зарэцкага “Голы звер: Аповесць” (Мінск, 1926), “На чыгунцы: Апавяданні” (Мінск, 1928), “Ракавыя жаронцы: Апавяданні і п’есы” (Мінск, 1930), “Лісты да знаёмага” (Мінск, 1931). Першае з пералічаных выданняў суправаджаецца дарчым запісам:

“Пятру Глебку – аднаму з лепшых “маладых” і таварышу. М. Зарэцкі 14/VII 27 г. Мінск”  (Зарэцкі М. Голы звер: Аповесць. Мінск, 1926).

Кляшторны Тодар Тодаравіч (1903 – 1937) – паэт, перакладчык.  Вучыўся на рабфаку, скончыў БДУ. Працаваў на радыё, у рэдакцыях рэспубліканскіх газет і часопісаў. Быў членам таварыстваў “Маладняк”, “Узвышша”, БелАПП. Восенню 1936 г. быў незаконна арыштаваны як член неіснуючай антысавецкй арганізацыі. У 1937 г. Т.Кляшторны прыгавораны да вышэйшай мары пакарання. Рэабілітаваны ў 1957 г. [16].

На паліцах Пятра Фёдаравіча можна знайсці два зборніка вершаў Т.Клашторнага: “Ветразі” (Мінск, 1929) і “Праз шторм на штурм” (Мінск, 1934). Першы з іх быў падпісаны аўтарам:

“Пятрусю Глебку. Здольнаму паэту, таварышу па стылю і змаганцу за пралетарскую ідэалогію. Мы павінны ў літаратуры пабудаваць самыя рэчаісныя “аркі над акіянам”. Больш шчыльнасці і згуртаванасці. Т. Кляшторны 5/VI 30 г.” (Кляшторны Т. “Ветразі”. Мінск, 1929).

Мікуліч Барыс Міхайлавіч (1912 – 1954) – празаік, крытык. Пісаць пачаў рана, яшчэ калі вучыўся ў 2-м класе. Спачатку пісаў вершы, але іх не друкавалі. Пазней звярнуўся да прозы, пісаў апавяданні, рэцэнзіі, крытычныя артыкулы. У 1930 г. пераехаў з Бабруйска ў Мінск. Вучыўся на творчым аддзяленні Педынстытута (1930), на літаратурных курсах у Маскве (1934 – 35). Працаваў у выдавецтве, у газеце “Літаратура і мастацтва”, выкладаў курс тэорыі літаратурных жанраў і гісторыі нарыса ў Камуністычным інстытуце журналістыкі. У лістападзе 1936 г. Б.Мікуліч быў арыштаваны. Яго абвінавацілі ў шпіянажы на карысць Польшчы, а калі  гэта не пацвердзілася,  Вярхоўны суд БССР асудзіў Б.Мікуліча на 10 гадоў зняволення за тое, што, працуючы ў выдавецтве, пісьменнік нібыта садзейнічаў выданню контррэвалюцыйнай мастацкай літаратуры. Пасля вызвалення (1946) Б.Мікуліч паехаў у Ашхабад да старэйшай сястры, а ў чэрвені 1947 г., не дачакаўшыся рэабілітацыі, вярнуўся на Беларусь. Судзімасць была знята ў лістападзе 1947 г. Б.Мікуліч увесь час шмат працаваў, але апальнага пісьменніка друкаваць не рашаліся. У красавіку 1949 г. быў паўторна арыштаваны і высланы ў Сібір. Турмы, этапы, лагеры, нечалавечыя ўмовы, цяжкая праца моцна падарвалі здароўе пісьменніка, і ў 1954 г. ён раптоўна памёр, не дажыўшы трох месяцаў да рэабілітацыі [10].

У калекцыі П.Глебкі захоўваюцца даваенныя творы Б.Мікуліча: зборнік навэл “Чорная вірня” (Мінск, 1931), зборнік апавяданняў “Удар” (Мінск, 1931), аповесць “Наша сонца” (Мінск, 1932). Два апошнія выданні маюць уладальніцкія запісы П.Глебкі, а зборнік “Чорная вірня” дарчы запіс аўтара:

“П. Глебку – на ўспамін. Барыс Мікуліч 16. I. 32 г.” (Мікуліч Б. “Чорная вірня: Навэлы”. Мінск, 1931).

Маракоў Валерый Дзмітравіч (1909 – 1937) – паэт, перакладчык. Скончыў Мінскі белпедтэхнікум і літаратурна-лінгвістычнае аддзяленне Мінскага педінстытута. У 1926 г. прыняты ў літаратурную арганізацыю “Маладняк”. У сваёй літаратурнай дзенасці меў вялікую падтрымку з боку Я.Купалы. У 1937 г. В.Маракоў быў незаконна рэпрэсіраваны. Рэабілітаваны пасмяротна ў 1957 г. [17].

У асабістай бібліятэцы Пятра Фёдаравіча ёсць тры зборніка паэзіі В.Маракова: “Пялёсткі” (Мінск, 1926), “На залатым пакосе” (Мінск, 1927), “Вяршыні жаданняў” (Мінск, 1930). Два першых зборніка маюць дарчыя запісы аўтара:

П. Глебку Многа ў сьвеце песень прыгожых,

Многа ў сьвеце прыгожых слоў.

І на сцежках усыпаных рожамі

Апявае  […]сяло!... 21/X -26 г.” (Маракоў В. “Пялёсткі: Вершы”. Мінск, 1926);

“Пятру Глебку Хай у будучым на “Залатым пакосе” прыгожа і буйна расцвітае “Шыпшына” Валеры Маракоў 20 – XII – 27. Менск” (Маракоў В. “На залатым пакосе: Вершы”, Мінск, 1927).

Нёманскі Янка  (сапр. Пятровіч Іван Андрэевіч; 1890 – 1937) – празаік, публіцыст, вучоны-эканаміст, грамадскі дзеяч. Скончыў Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю, вучыўся ў Петраградскім універсітэце на гісторыка-філалагічным факультэце. Друкавацца пачаў у 1918 г. Кастрычніцкую рэвалюцыю сустрэў на фронце. Вёў актыўную грамадска-палітычную і літаратурную дзейнасць (працаваў у Беларускім нацыянальным камісарыяце, разам з Ц.Гартным выдаваў першую беларускую савецкую газету “Дзянніца”, працаваў у планава-эканамічных органах рэспублікі і г.д.).  26 красавіка 1937 г. беспадстаўна арыштаваны, 30 кастрычніка 1937 г. расстраляны. Рэабілітаваны пасмяротна ў 1957 г. [18].

У кнігазборы П.Ф.Глебкі захоўваецца толькі адзін зборнік апавяданняў Я.Нёманскага “На зломе” (Мінск, 1925), дзе побач з іншымі апавяданнямі  змешчана і самае першае “Над Кроманню”.  Менавіта гэтае апавяданне, надрукаванае ў 1922 г. у часопісе “Полымя”, паклала пачатак літаратурна-мастацкай дзейнасці аўтара (да гэтага часу ў друку з’яўляліся толькі публіцыстычныя артыкулы Я.Нёманскага).

Скрыган Ян (Іван Аляксеевіч; 1905 – 1922) – празаік, паэт. Вучыўся ў Слуцку ў Беларускай гімназіі і сельска-гаспадарчым тэхнікуме, які пакінуў на 4 курсе. У 1928 г. паступіў на літаратурна-лінгвістычнае аддзяленне педфака БДУ. Літаратурную дзейнасць пачаў у 1925 г. Быў членам літаратурнага аб’яднання “Маладняк”, “Літаратурна-мастацкай камуны”. Займаўся грамадска-палітычнай работай, працаваў у рэдакцыі газеты “Літаратура і мастацтва” (1932 – 36). 13 лістапада 1936 г. Я.Скрыган быў беспадстаўна арыштаваны за “контррэвалюцыйную дзейнасць”, асуджаны на 10 год пазбаўлення волі і высланы ў Сібір. У 1946 г. вызвалены, але пазбаўлены права вяртацца на Беларусь, таму некаторы час жыў ва Узбекістане, потым у Эстоніі. У 1949 г. зноў арыштаваны і высланы ў Сібір. У снежні 1954 г. быў поўнасцю рэабілітаваны і вярнуўся ў Мінск [11].

Абодва зборніка апавяданняў, якія належалі П.Ф.Глебку, былі падораны яму аўтарам і маюць дарчыя запісы:

Пятро Глебку Кнігу, каторую трэба [] Ян. Скрыган 15/IX - 32 г.” (Скрыган Я. “Недапісаны профіль”. Мінск, 1932;

“Пятро Глебку Вядома, што мне вельмі-б хацелася даць тое, што магло быць напісана за гэты доўгі час. Са шчырай душой. [подпіс Я. Скрыгана] 12/VIII - 56 г.” (Скрыган Я. “Апавяданні”. Мінск, 1956).

Чарот Міхась (сапр. Кудзелька Міхась Сымонавіч; 1896 – 1937) – паэт, драматург, празаік, грамадскі дзеяч. Вучыўся ў Маладзечанскай настаўніцкай семінарыі, служыў у царскай арміі. Вясною 1918 г. вярнуўся ў Мінск, уладкаваўся настаўнікам у беларускай школе і паступіў ў педагагічны інстытут. У гэтым жа (1918) годзе пачаў друкавацца.  Актыўна ўдзельнічаў у літаратурным руху Беларусі. Працаваў у газеце “Савецкая Беларусь” (з 1920), а потым і рэдагаваў яе (1925 – 29). У 1923 г. М.Чарот стаў адным з арганізатараў літаратурнага аб’яднання “Маладняк”, якое пакінуў у 1927 г. У 1924 г. вучыўся ў Маскве ў Дзяржаўным інстытуце журналістыкі. 24 студзеня 1937 г. быў арыштаваны як “член контррэвалюцыйнай арганізацыі бел. нацдэмаў”. 28 кастрычніка 1937 г. асуджаны да вышэйшай меры пакарання. Рэабілітаваны ў 1956 г. [6].

У глебкаўскім кнігазборы маюцца прыжыццёвыя паэтычныя і празаічныя творы М.Чарота. Гэта зборнік апавяданняў “Веснаход” (Мінск, 1924), паэма “Босыя на вогнішчы” (Клімавічы, 1925), зборнік “Поэмы” (Мінск, 1928), кніга вершаў “Сонечны паход” (Мінск, 1929) і выданне “Творы. Т. 1.” (Мінск, 1933). Менавіта гэтыя творы, напісаныя ў 20-я гады, вызначаюцца сваёй узрушанасцю, рамантычнасцю, яркасцю вобразаў. Паэма “Босыя на вогнішчы” лічыцца адным з самых таленавітых твораў М.Чарота, а паэтычны зборнік “Сонечны паход” найбольш поўна раскрывае сацыяльна-грамадскія перамены, якія адбываліся на Беларусі ў 20-ыя гады.

Такім чынам, у асабістай бібліятэцы П.Ф.Глебкі захавалася дастаткова многа твораў рэпрэсіраваных пісьменнікаў Беларусі. Літаратурная дзейнасць, эпоха, грамацка-палітычны лад, складаны лёс, а часта і проста сяброўскія адносіны аб’ядноўвалі гэтых людзей. Большасць з іх былі асабіста знаёмы з Пятро Фёдаравічам, аб чым сведчаць шматлікія дарчыя запісы, пакінутыя на выданнях. І пісьменнікі, і іх творы з’яўляюцца сведкамі і ахвярамі страшэнных па сваёй жорсткасці падзей эпохі будовы сацыялізму. На жаль, нярэдка лёс праявіў больш літасці да друкаванага радка, чым да самога чалавека, але тым больш значнымі і каштоўнымі з’яўляюцца для нас гэтыя кнігі.  

 

 

Літаратура і крыніцы:

 

1. Атрашкевіч В.І., Багдановіч І.Э. Галавач Платон // Беларускія пісьменнікі : бібліягр. слоўн. : у 6 т. – Мінск, 1993. – Т. 2. – С. 87.

2. Глебка Н. Загадкі далёкай вясны / Пясняр мужнасці: Кніга пра Пятра Глебку. – Мінск, 1976. – С. 29.

3. Гурская А.С., Праневіч Г.М. Грахоўскі Сяргей // Беларускія пісьменнікі : бібліягр. слоўн. : у 6 т. – Мінск, 1993. – Т. 2. – С. 245.

4. Караткоў М.М. Гарэцкі Максім // Беларускія пісьменнікі : бібліягр. слоўн. : у 6 т. – Мінск, 1993. – Т. 2. – С. 148 – 150.

5. Ларчанка У. М. Александровіч Андрэй // Беларускія пісьменнікі : бібліягр. слоўн. : у 6 т. – Мінск, 1992. – Т. 1. – С. 55.

6. Мішчанчук М.І. Чарот Міхась // Беларускія пісьменнікі : бібліягр. слоўн. : у 6 т. – Мінск, 1995. – Т. 6. – С. 269.

7. Пракаповіч Р. Абвінаваўчае заключэнне / Репрессивная политика советской власти в Беларуси: сборник научных работ, выпуск первый; под ред. Андреева В.П. – Минск, 2007. – С. 52.

8. Рагуля А.У. Гартны Цішка // Беларускія пісьменнікі : бібліягр. слоўн. : у 6 т. – Мінск, 1993. – Т. 2. – С. 128 – 129.

9. Рэут Г.І. Аляхновіч Францішак // Беларускія пісьменнікі : бібліягр. слоўн. : у 6 т. – Мінск, 1992. – Т. 1. – С. 76 – 77.

10. Савік Л.С. Мікуліч Барыс // Беларускія пісьменнікі : бібліягр. слоўн. : у 6 т. – Мінск, 1994. – Т. 4. – С. 302 – 303.

11. Савік Л.С. Скрыган Ян // Беларускія пісьменнікі : бібліягр. слоўн. : у 6 т. – Мінск, 1995. – Т. 5. – С. 364 – 365.

12. Чыгрын І.П. Баранавых Сымон // Беларускія пісьменнікі : бібліягр. слоўн. : у 6 т. – Мінск, 1992. – Т. 1. – С. 235 – 236.

13. Чыгрын І.П. Вольны Анатоль // Беларускія пісьменнікі : бібліягр. слоўн. : у 6 т. – Мінск, 1993. – Т. 2. – С. 32 – 33.

14. Чыгрын І.П. Дубоўка Уладзімір // Беларускія пісьменнікі : бібліягр. слоўн. : у 6 т. – Мінск, 1993. – Т. 2. – С. 378.

15. Чыгрын І.П. Зарэцкі Міхась // Беларускія пісьменнікі : бібліягр. слоўн. : у 6 т. – Мінск, 1993. – Т. 2. – С. 502 – 503.

16. Чыгрын І.П. Кляшторны Тодар // Беларускія пісьменнікі : бібліягр. слоўн. : у 6 т. – Мінск, 1993. – Т. 2. – С. 284 – 285.

17. Чыгрын І.П. Маракоў Валерый // Беларускія пісьменнікі : бібліягр. слоўн. : у 6 т. – Мінск, 1994. – Т. 4. – С. 208 – 209.

18. Чыгрын І.П. Нёманскі Янка // Беларускія пісьменнікі : бібліягр. слоўн. : у 6 т. – Мінск, 1994. – Т. 4. – С. 388.

 

 

 

 

 

Тытульны аркуш зборніка М.Гарэцкага “Рунь” (Вільня, 1914) з уладальніцкім запісам П.Ф.Глебкі. Тытульны аркуш выдання твора М.Гарэцкага “Антон” (Вільня, 1919) з уладальніцкім запісам П.Ф.Глебкі. Тытульны аркуш выдання М.Гарэцкага “На імпэрыялістычнай вайне” (Мінск, 1926) з уладальніцкімі запісамі П.Ф.Глебкі і Я.Скрыгана, і штампам бібліятэкі Я.Скрыгана.

Тытульны аркуш зборніка М.Гарэцкага “Рунь” (Вільня, 1914) з уладальніцкім запісам П.Ф.Глебкі.

Тытульны аркуш выдання твора М.Гарэцкага “Антон” (Вільня, 1919) з уладальніцкім запісам П.Ф.Глебкі.

Тытульны аркуш выдання М.Гарэцкага “На імпэрыялістычнай вайне” (Мінск, 1926) з уладальніцкімі запісамі П.Ф.Глебкі і Я.Скрыгана, і штампам бібліятэкі Я.Скрыгана.

 

 

Тытульны аркуш другога выдання аповесці М.Гарэцкага “Ціхая плынь” (Мінск, 1930) з уладальніцкім запісам П.Ф.Глебкі. Тытульны аркуш выдання аповесці М.Зарэцкага “Голы звер” (Мінск, 1926) з дарчым запісам П.Ф.Глебку ад аўтара.

Тытульны аркуш другога выдання аповесці М.Гарэцкага “Ціхая плынь” (Мінск, 1930) з уладальніцкім запісам П.Ф.Глебкі.

Тытульны аркуш выдання аповесці М.Зарэцкага “Голы звер” (Мінск, 1926) з дарчым запісам П.Ф.Глебку ад аўтара.

 

 


 

Наверх

Назад

На главную

 


© Губанава В.А., 2008

 

Hosted by uCoz